Top.Mail.Ru

Белавежская пушча падчас нямецкай акупацыі

24.07.2025 | 14:50

За гады Вялікай Айчыннай вайны асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям (запаведнікам і заказнікам) быў нанесены каласальны ўрон. Баявыя дзеянні, пабудова фартыфікацый, драпежніцкая палітыка нямецка-фашысцкіх захопнікаў, накіраваная на татальнае вычэрпванне рэсурсаў, значна скарацілі плошчу лясоў, забрудзілі рэкі і азёры. Варварскай высечкі і браканьерства падчас акупацыі пазбегла толькі адна ўнікальная прыродная тэрыторыя — Белавежская пушча. Ёй наканавана было стаць полем для гітлераўскіх экперыментаў.


Лепшая паляўнічая гаспадарка Германіі

Пасля захопу запаведніка Гітлер падарыў яго свайму падручнаму, галоўнаму ляснічаму Трэцяга рэйха, заснавальніку гестапа і першых канцэнтрацыйных лагераў Герману Герынгу. Па планах фашыстаў, Белавежская пушча павінна была стаць узорнай паляўнічай гаспадаркай для дзяржаўных асоб вышэйшага ўзроўню. Дарэчы, нацысты марылі аб запаведніку яшчэ да нападзення на Савецкі Саюз. Яны задумалі стварыць на яго тэрыторыі ідэальны з іх пункту гледжання жывёльны свет — адрадзіць тут першабытных быкоў-тураў, развесці зуброў, бурых мядзведзяў, ласёў і дзікіх коней. 

Каб стварыць для жывёл ідэальныя ўмовы для жыцця, Герынг загадаў пашырыць тэрыторыю пушчы са 100 тыс. да 260 тыс. га. Яна была падзелена на 8 лясніцтваў (Нараўка, Лясная, Бінвальд і інш.), якія падпарадкоўваліся галоўнаму лясніцтву з канторай у паляўнічым палацы ў Белавежы. Паляўнічай гаспадаркай кіраваў галоўны паляўніцтвазнавец рэйха Ульрых Шэрпінг, а лясной — старэйшы ляснічы, кат і забойца Вальтэр Фрэверт. Каардынаваць навуковую дзейнасць павінны былі нямецкія заолагі, браты Хайнц і Людвіг (Лутц) Хэкі. 

Каб вызваліць плошчу і адначасова пазбегнуць пагрозы ўзнікнення партызанскага руху, з першых дзён акупацыі (канец чэрвеня 1941 г.) у лясных вёсках у пушчы і на яе ўскрайках пачалі гвалтоўную «эвакуацыю»: жыхароў бязлітасна выганялі за межы запаведніка ў асобныя населеныя пункты, а хаты спальвалі ўшчэнт. Тых, хто збіраўся, на думку гітлераўцаў, недастаткова хутка — больш за дзве гадзіны, забівалі на месцы. Пры гэтым з сабой нельга было браць коней, вазы, косы, вілы, матыкі, мяхі і вяроўкі. Канфіскаваны скот адпраўлялі на бойню ў Беласток. Наведванне пакінутых вёсак, палёў, лугоў і Белавежскай пушчы ў цэлым забаранялася і каралася смерцю.

Толькі за 6 дзён ліпеня 1941 года было зруйнавана больш за 30 вёсак, а жыллё страцілі каля 6000 чалавек. Усяго за гады акупацыі было знішчана 80 вёсак і 79 лясных сядзіб. Агульная колькасць забітых пушчанцаў — каля 1000 чалавек. 

Жыхароў высялялі яшчэ і таму, што Герынг лічыў такія меры эфектыўным вырашэннем дзвюх праблем: непадкантрольнага выпасу ската і браканьерства. Да таго ж гэта дазваляла мінімізаваць магчымасць не пажаданых скрыжаванняў паміж хатнімі і дзікімі жывёламі, тымі ж быкамі і конямі. 

Калі з тэрыторыі пушчы дэпартавалі ўсіх жыхароў лясных вёсак, пачаліся першыя работы па інтрадукцыі тураў. Шаснаццаць чорных быкоў з белай паласой на спіне прывезлі з гадавальніка ў Ромінгтэне. Яны лёгка перажылі зіму і добра ўпісаліся ў мясцовы біяцэноз. За тры гады статак павялічыўся да 23 асобін, прычым прыплод з відавочнымі адхіленнямі ў афарбоўцы забівалі. Да канца вайны, праўда, не засталося і «ідэалагічна правільных» жывёл — усіх знішчылі браканьеры.

Праводзіліся таксама эксперыменты па аднаўленні папуляцыі тарпанападобных коней. У канцы 1930-х у Белавежскай пушчы быў пабудаваны гадавальнік, дзе савецкія навукоўцы пад кіраўніцтвам гіполага Уладзіміра Віта займаліся даследаваннем гэтага віда млекакормячых. Пабачыўшы паспяховыя вынікі велізарнай працы, гітлераўскія генетыкі вывезлі ў студзені 1942 года амаль усё пагалоўе (больш за 20 асобін) у Германію. У вальерах засталіся жывёлы, якія меньш за астатніх нагадвалі сваіх продкаў. 

Што датычыцца мядзведзяў, то іх у запаведнік завезлі з Карпат і еўрапейскіх звярынцаў. Былі сярод іх і 6 звяроў, падараваных Герынгу вянгерскім уладаром Хорці. У канцы 1942-га ў пушчу выпусцілі 14 драпежнікаў. Яны нічога не баяліся і нападалі на людзей і хатнюю жывёлу. 

Белавежскія пастухі 

А вось зуброў фашысты практычна не разводзілі, нягледзячы на захопленую раней у 1939-м папуляцыю польскіх зуброў. Навуковай дзейнасці замінала ахова лясного фонду, барацьба з дыверсантамі і партызанамі. Тым не менш у 1944 годзе з набліжэннем фронту гітлераўцы вырашылі вывезці белавежскага волата, а калі не атрымаецца, то знішчыць. Як толькі звесткі пра гэта дайшлі да савецкіх улад, у маі 1944-га ў тыл ворага быў адпраўлены партызанскі атрад з асаблівым даручэннем. «Белавежскім пастухам» неабходна было ўдакладніць месцазнаходжанне зуброў і весці за імі пастаяннае назіранне, адначасова ўсімі магчымымі спосабамі перашкаджаць фашыстам вылоўліваць і забіваць лясных волатаў. Амаль два з паловай месяцы атрад пільнаваў 10 рэдкіх прадстаўнікоў жывёльнага свету — да падыходу савецкіх войскаў. Існуе, праўда, і альтэрнатыўны погляд на тыя падзеі: немцы ўсё ж паспелі вывезці большасць зуброў у Германію, а астатніх выпусцілі ў якасці прыкрыцця.

Спробы аднавіць старажытных тураў і тарпанаў праз скрыжаванне сучасных відаў коней і быкоў прадпрымаліся братамі Хэкамі яшчэ ў 1930-х. У выніку эксперыментаў узніклі два новыя віды, названыя ў гонар навукоўцаў — бык і конь Хэка. 

Бык Хека.jpg

Калі партызаны сустрэліся з Чырвонай арміяй, на ахову пушчы была выдзелена цэлая рота. Яна павінна была абараняць ляснога волата і прыродныя багацці запаведніка ад браканьераў з ліку чырвонаармейцаў і мясцовага насельніцтва. А камандуючы фронтам Канстанцін Ракасоўскі нават патрабаваў аддаваць парушальнікаў пад трыбунал, нягледзячы на званне.

Адступаючы, фашысты ўчынілі мноства разбурэнняў. Яны замініравалі дарогі, раскідалі супрацьтанкавыя міны па лясным масіве, якія нанеслі вялікія страты дзікім жывёлам. Быў спалены царскі палац, дзе размяшчаўся багаты музей флоры і фауны Белавежы, збор кніг польскіх і беларускіх навукоўцаў, дзесяцітысячная калекцыя рэдкіх раслін, насякомых. Цалкам знішчана рэзервовае пагалоўе ласёў, дрэвы былі літаральна нашпігаваныя кулямі і адбіткамі снарадаў. 

Вялікая Айчынная вайна нанесла пушчы велізарны ўрон. Па сучасных падліках, страты дасягнулі больш за $2,5 млн. Неабходна было ў кароткі тэрмін аднаўляць разбураную гаспадарку... (Працяг у наступным нумары. — Заўв. рэд.)

Вольга САБАЛЕЎСКАЯ

Фота Таццяны МАІСЕЕВАЙ, з архіва Нацыянальнага парка «Белавежская пушча»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю