Удзельнічаў у сустрэчах у Слуцку і Алесь Карлюкевіч, аўтар кнігі «Прыгоды Шубуршуна». Пісьменнікі не толькі пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі героямі, але і расказалі пра творы іншых сучасных беларускіх літаратараў.
У Слуцку на летнія канікулы складзена даволі вялікая праграма, скіраваная на знаёмства дзяцей з навінкамі беларускай прозы і паэзіі, на развіццё цікавасці да чытання. З апошніх мерапрыемстваў — гадзіна памяці «Вайну не бачылі, але ведаем», гісторыка-патрыятычны альманах «Дарогамі Перамогі: Брэсцкая крэпасць», прафарыентацыйная сустрэча «Прафесія — бібліятэкар»...
Сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі ў Слуцку падрыхтавана Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Расказвае першы намеснік старшыні СПБ, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Алена Стэльмах:
— «Лета — з добрай кнігай» — дэвіз, які «ўзялі на ўзбраенне» нашы калегі ва ўсіх рэгіёнах краіны на ўвесь перыяд школьных канікул. Упэўнена, што такія сустрэчы надзвычай карысныя і самім пісьменнікам, якія стараюцца наладзіць дыялог з новым пакаленнем чытачоў. Таму ў выдавецтвы хутка трапяць рукапісы з новымі сюжэтамі і героямі — на іх стварэнне ўжо цяпер натхняюць школьнікі.
Мікола БЕРЛЕЖ