Top.Mail.Ru

«Беларускі свет» Валерыя Максімовіча

18.12.2025 | 12:07
Да нацыянальнага самасцвярджэння праз безліч перашкод і цяжкасцей

У № 44 штотыднёвіка «ЛіМ» ад 21 лістапада 2025 года змешчана падборка вершаў Валерыя Максімовіча пад назвай «І наноў паглядзець на жыццё...» Маю ўвагу прыцягнуў першы, дзе ў скандэнсаваным, напружаным паэтычным ладзе адлюстравана складаная, пакручастая гісторыя Беларусі, якая пазначана кровапралітнымі войнамі, змаганнем за вызваленне, імкненнем да самастойнасці і незалежнасці. Па сутнасці, у некалькіх строфах аўтар паспрабаваў перадаць нязломную веру народа, яго моцны дух і непакорлівую сутнасць. Праз багатыя метафары і трапна падабраны вобразны лексікон, аўтар стварае паэтычную карціну, што знаходзіць водгук у сэрцы кожнага, хто звязаны з гэтай зямлёй, яе лёсам.

Мастацкімі сродкамі паэт малюе манументальны вобраз Радзімы. Ужо з першага радка Беларусь падаецца не проста як геаграфічнае паняцце, а як адметны жывы свет («свет мой», «мой агмень», «мой абшар»). Гэты свет метафарычна выразна акрэслены, угрунтаваны і знаходзіцца пад абаронай «веж», якія ў кантэксце мастацкай прасторы верша ўвасабляюць сабой сімвал непахіснасці, годнасці, гістарычнай памяці. Вобраз «агменю», што «свеціць скрозь мярэжы», — гэта метафара несакрушальнага нацыянальнага духу, які прарываецца праз усе перашкоды і дэманструе сваю незнішчальную моц і велічнасць.

Вялікім сэнсавым напаўненнем вылучаюцца выразы «сокі зямныя» і «вячыстая песня». Гэта дзве крыніцы моцы для коласа-народа: «сокі зямныя» — гэта матэрыяльная, жыццёвая сіла, плённая праца, сувязь з роднай зямлёй. «Вячыстая песня» — увасабленне духоўнай, вечнай сілы, якая не дае змарнець, згаснуць, знікнуць, а, наадварот, валодае вялікім крэатыўным, жыццядайным патэнцыялам. Песня, якая звініць у коласе, — даволі прыгожы вобраз, які злучае матэрыю і дух, працу і мастацтва.

Прыведзеныя радкі ўспрымаюцца найперш як гімн пераадоленню. Яны сведчаць пра тое, што найбольшы творчы і грамадзянскі парыў нараджаецца менавіта з глыбіні пакуты: боль не заглушае, а становіцца перадпачаткам імкнення да праўды, справядлівага светаўладкавання, дасягнення ладу і згоды. 

Паэтычны словарад «вытокі, згукі, росы» — гэта вобраз, які аб’ядноўвае прыроднае («росы»), культурнае («згукі» мовы, песень) і экзістэнцыянальнае («вытокі» жыцця, самаідэнтыфікацыі).

Лірычны герой адчувае сваю вялікую адказнасць перад родам, сваімі прашчурамі, поўнячыся пачуццём гордасці і невыказанай павагі:

Мо таму і кожны свой пачын

Здзейсніць мкнуся гожа і сумленна,

Помнячы пра гордае найменне:

Я — нашчадак твой, твой родны сын.

Лірычны герой тлумачыць свае ўчынкі тымі каранямі і сувязямі, якія наўпрост вынікаюць з акалічнасцей гістарычнага лёсу, спадчыны — з усяго таго, што здабыта ў цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях, рашучым змаганні за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Таму ідэалам для яго служыць імкненне жыць «гожа і сумленна» — так, каб усведамленне далучанасці да сакральных асноў жыцця падмацоўвалася высокімі маральнымі прынцыпамі і перакананнямі.

Апошняя страфа верша гучыць як прызнанне ў шчырай адданасці непаўторнаму свету беларушчыны, што набывае адзнаку вернасці і самаадданасці:

Мой дзівосны, непаўторны свет —

Родны, сілы, любы — беларускі, —

Мне цябе да скону ў сэрцы гушкаць,

Праўдзячы адвечны запавет.

Фінал верша — «праўдзячы адвечны запавет» — выходзіць на ўзровень вечных каштоўнасцей. «Запавет» — гэта наказ продкаў, маральны абавязак захаваць, абараніць і перадаць гэтую каштоўнасць наступным пакаленням. Дзеяслоў «праўдзячы» (ад «праўдзіць» — лічыць праўдай, сцвярджаць) паказвае, што гэта высокаграмадзянскі ўчынак, рашучасць будаваць жыццё ў адпаведнасці з гэтым запаветам.

Верш «Беларускі свет» — гэта больш чым верш. Гэта магутны і пранікнёны гімн Беларусі, малітва, маніфест непакорнасці і стойкасці чалавечага духу, неадольнае імкненне да незалежнасці і самастойнасці, да нацыянальнага самасцвярджэння праз безліч перашкод і цяжкасцей. Твор выклікае гонар за рашучасць, стойкасць і мужнасць народа, абуджае пачуццё духоўнай далучанасці да яго лёсу. Аўтар не ідэалізуе гісторыю, а прама кажа пра боль і зламаны лёс, але ў цэнтры заўсёды застаецца непакорны «вольны дух», які адраджаецца, як Фенікс з попелу.

Максім ТРАЯНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю