...На жаль, маё правае плячо апошнім часам пабольвае. Таму надзейнасць не такая, як хацелася б. Зразумела, гэты фігуральны выраз Тамара Міхайлаўна ўжыла ў сэнсе сяброўскага камплімента. Паспрабую адплаціць той жа манетай. Кожная кніга таленавітай калегі з горада-спадарожніка Скідзеля заслугоўвае ўвагі з боку крытыкі, усебаковай інфармацыйнай падтрымкі, дастойнага, удумлівага чытача.
І вось гэта ўжо чыстая праўда.
Адкрываецца выданне паэмай «Спадчынная зямля». Кампазіцыя твора эпісталярная, пабудавана ў форме ліста лірычнай гераіні да незнаёмца. Паэтэса спрабуе разабрацца ў прыродзе такіх складаных рэчаў, як спадчына, род, хрысціянства, чалавекалюбства; прапаноўвае сваю версію ўвасобленай у паэтычным слове ідэі патрыятызму. У вобразе незнаёмца пазнаецца сярэднестатыстычны сучаснік, зямляк, а ў партрэце лірычнай гераіні пры жаданні можна выявіць жыццяпіс самой паэтэсы. Нягледзячы на ідэйна-тэматычную сур’ёзнасць стартавага твора кнігі, замест гучных дэкларацый і маральнай дыдактыкі чытача чакае шчырая сяброўская гутарка. Яе філасофскі змест насычаны паралелямі з Бібліі і багаццем біяграфічных дэталяў.
Адметнасць паэмы «Спадчынная зямля» — згадка месцаў, блізкіх і дарагіх сэрцу лірычнай гераіні (так званы рэгіянальны фактар): Дубровы, Высотка, Грабы, Ермакова, хутар Майсюковы, «дзяцелаўскі клад»... Гэтыя маркеры аднаго чалавечага лёсу ў лірычным сюжэце пераклікаюцца з пунктамі-апокрыфамі, якія вызначылі лёс усяго чалавецтва — Эдэмам, Эдэмскім садам. Чаму? Мяркую, каб падкрэсліць непарушную святасць духоўных каштоўнасцей (калісьці іх называлі ідэаламі), галоўнай з якіх выступае сакральны вобраз Радзімы.
Імкненне паэтэсы ў мастацкай форме пераасэнсаваць многае з таго, што здаецца звыклым, будзённым, заўважна і ў іншых творах зборніка «Васількі на світанні». Тамара Мазур старанна не дазваляе пацьмянець ідэалам, не дае ім перайсці ў разрад музейных экспанатаў, каб сучаснікам не ператварыцца ў пасіўных, бяздушных статыстаў, «хатніх турыстаў», «тутэйшых»... Зборнік «Васількі на світанні» — песня радасці і трывогі, малітва за шчасце людзей, развітальны акорд беззваротна пражытых сюжэтаў жыцця. У кожным радку — матывы рамантыкі, меланхоліі і светлай журбы.
Такі эмацыянальны стан называюць сплінам, стыль духоўнага жыцця — дэкадансам. Але не будзем спяшацца з дыягностыкай. Пасля ўважлівага знаёмства з кнігай чытачу адкрываюцца больш шчыльныя сэнсавыя пласты, больш багатыя сімвалічныя адценні збудаванага на падмурку жаночых фантазій паэтычнага свету:
Так няшмат патрэбна
для натхнення,
каб вярнуўся светлай явай
сон:
лепш за лекі — вочы
і цярпенне,
і да іх трапляю я ў палон.
З такіх мініяцюр складаецца другая частка пад назвай «Вір жаданняў. Па адной страфе». Як бачым, падарожжа па кнізе істотна палягчаюць загалоўкі і падзагалоўкі. Першыя характарызуюць настрой раздзела, а другія — яго паэтычную тэхніку. Тэматычны спектр шырокі: інтымная лірыка, філасофская, грамадзянская. Сустракаюцца цікавыя дыялогі жанчыны са сваім альтэр эга, звароты да лёсу роднай мовы, заклікі да творчай моладзі...
Трэцяя частка зборніка называецца «Згустак энергіі. Па дзве страфы». Асабіста я ўдзячны за такую пышную інфарматыўнасць, свайго роду пашпарт для кожнай главы. Ды яшчэ і забяспечаны цытатамі! З каго б вы думалі? Улічваючы галоўную кветку кнігі (і сімвал Беларусі 2025 года) — васілёк, — вядома, з Максіма Багдановіча! Сустракаем і апеляцыі да творчасці іншага айчыннага класіка:
І не хочаш да тых,
хто змушае грашыць,
адбіраючы мову й паходню.
Дыяментавы россып —
у багацці душы,
прызямлёнай з Хрыстом
у Гародні.
Чацвёртая частка зборніка мае назву «Цёплы лівень. Па тры страфы». З’яўляецца іншая эстэтычная афарбоўка лірыкі, трапляюцца верлібры. Паэтэса працягвае закранаць пытанні філасофіі і псіхалогіі мастацтва. Выразна гучыць традыцыйная тэма паэта і паэзіі. Але ў Тамары Міхайлаўны яна набывае арыгінальны падтэкст: паэт тут — жанчына, шчаслівая далёка не заўсёды; паэзія — не проста творчасць, а служэнне Айчыне, адказнае пакліканне, самаахвяраванне, аскеза, рашучае пераадоленне гнятлівага прагматызму, супрацьстаянне матэрыялізму, празаізацыі, татальнай уніфікацыі. Пяты раздзел — «У патоку свядомасці». Так і цягне, забыўшыся, без аглядкі акунуцца ў гэты вір колераў, эмоцый, станаў, настрояў. Нягледзячы на назву, няма ніякай фармальнай эпатажнасці, прэтэнцыёзнасці; паэзія класічная, пявучая, па-жаночы кранальная. І... вострая!
Чым цяжэй у яго работа,
у спецвопратцы гэтай і ботах
у загары, пакрытым потам,
тым выразней люструецца
годнасць.
Калі хочаце —
высакароднасць.
«Рабочы»
Яшчэ як хочам! У сучаснай паэзіі не хапае гімнаў простаму рабочаму чалавеку — без пафасу, затое з цеплынёй чулага сэрца.
Шосты раздзел кнігі, песенны, паэтэса назвала «Мелодыя майго радка». Тут змяшчаюцца песні на словы Тамары Міхайлаўны, іх нотная партытура. Музыку да некаторых твораў напісаў вядомы гродзенскі кампазітар Яўген Петрашэвіч (1930–2017). Такім чынам, гэтую кнігу можна чытаць і спяваць.
Але звернемся да яе назвы — «Васількі на світанні». У гэтым пейзажы мне бачыцца складаны сімвалізм.
Як памятаем, у М. Багдановіча васілёк — больш, чым кветка, гэта напамін пра Радзіму, важны закадзіраваны сігнал у трагічных абставінах. У Тамары Мазур васількі — гэта вы і я, гэта Ён і Яна. Гэта ўсе мы, беларусы — сімпатычныя палявыя кветкі, якія пераадолелі холад непагадзі і начную цемру. Прыгожая світальная пара азначае рэнесанс найлепшых чалавечых якасцей і нашай духоўнай культуры.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК