І менавіта атмасфера стала, як ні дзіўна, рухавіком у спектаклі.
Знакі папярэджання
Высокі градус напружання ўзяты ад пачатку — рэжысёр-пастаноўшчык Яўген Карняг з першых жа хвілін дае зразумець: мы на вайне. Усе, хто апынуўся ў зале, не проста назіраюць. Ужо ад самай першай правакацыі, што здараецца ў зале, і пасля на працягу ўсёй дзеі наша ўласнае светаадчуванне становіцца актыўнай часткай пастаноўкі, якая выклікае ўнутраную нязгоду з тым, што адбываецца на сцэне, выцягваючы з памяці здані мінулага — далёкіх сваякоў, блізкіх, незабытых, любімых... Уключаецца падсвядомасць.
Калі мы знаёмімся з героямі, ужо ідзе вайна. Яна пакуль недзе там, і людзі, якія жывуць на хутары, яшчэ маюць патаемную надзею, што іх абыдуць варожыя войскі. Але нешта ўжо перакулілася з ног на галаву ў гэтым жыцці, пра што сведчыць збянтэжаны хворы падлетак — пастушок Янка.
Сцепаніда яшчэ цешыцца, калі да яе ласкава дакранаецца кароўка Бабоўка — ад той сыходзіць святло, бо яна сілкуе людзей малаком. Але гэты светлы вобраз — нібыта з мінулага жыцця, паколькі надта вылучаецца на фоне таго, што мы ўжо бачым на сцэне: крыху далей у цемры матляюцца ногі павешаных, якія не ўпісваліся ў новы парадак, што нясе нямецкая машына...
Знакі прыярытэту
Людзі-машыны — гэта метафарычнае ўвасабленне захопнікаў. Яны ўсё ж з’яўляюцца на хутары: рознага кшталту механізмы з пушкамі. Маленькія, нібыта цацачныя — ну, смех, дый годзе... Са смехам, з наскоку яны ж імкнуліся прайсці гэтую тэрыторыю. Але ж усмешка хутка сыходзіць з вуснаў, асабліва калі чуеш, як яны «размаўляюць»: гукамі кулямётных ды аўтаматных чэргаў. Гэтае стракатанне падаецца злавесным, бо ўзмацняецца праз мікрафон: ці не ў цябе ляцяць кулі? Адчування цынізму «гасцей» дадаюць людзі-боты, якія топчуць нашу зямлю ў літаральным сэнсе, распіхваючы ўсіх, хто паўстае на іх шляху. Прыйшла бяда — адчыняй... Праз дзверы ў хату, абрысы якой нагадваюць труну, прасоўваецца галоўны чорт: афіцэр у выглядзе шкілета з галавой, у якой замест вачэй два вялікія ліхтары з жудасным святлом, што павявае холадам. Яны свецяць ва ўсе бакі, вышукваючы нязгодных, бандытаў, партызан... Нібыта сама машына смерці запаланіла хату, і не схавацца ад яе, бо дацягнецца да кожнага кута.
Нават гледачам міжволі хочацца ўціснуцца ў крэсла. Асабліва калі халодныя промні бегаюць па зале, б’юць у вочы: не ўратавацца, пакуль не скончыцца гэтая вайна. Не аддзяліць сябе ад галоўных герояў.
Акрамя лялек-механізмаў аўтары спектакля выводзяць на сцэну лялек-людзей. Але яны таксама розныя. Паліцаі (маленькія людзі ў літаральным сэнсе, кожны з іх можа знайсці апраўданне сваёй службе: крыўда, вялікая сям’я, якую трэба карміць, ці наогул без розніцы каму служыць) побач з гаспадарамі хутара — як надакучлівыя прусакі, што лезуць ва ўсе шчыліны і паратунку ад іх няма.
Напэўна, больш усіх разумее Сцепаніда, нездарма яе ўвасабляе самая вялікая лялька з беларусаў-людзей. Калі пагасла яе святло — Бабоўка, а пасля яшчэ пастралялі і курак, яна адчувае небяспеку: нават на хутары будзе цяжка ўратавацца ад вар’яцкіх скокаў неўтаймаванага зла.
Сцепаніда ў татальнай цемры, але па-свойму імкнецца знайсці святло. Светлая трава вырастае на тым месцы, куды вылілася малако, каб не карміць ворагаў. Светлы — нібыта твар месяца — прывід пана Яхімоўскага. Светлая галава (і вялікая, бо чалавек мае бомбу) дапамагае ёй задумаць помсту...
Знакі дзеяння
Канцэптуальна прадуманыя лялькі розных памераў і выгляду дазваляюць гледачу адразу аддзяліць людзей і нелюдзяў. І ёсць яшчэ сапраўдныя людзі-пачвары, яны, нібыта нейкія жудасныя тролі, рухаюцца згодна з уласнай выгадай. Невыпадкова тое, якімі мы бачым розных герояў: мастак-пастаноўшчык спектакля Таццяна Нерсісян здолела выявіць іх сутнасць. Каб маглі рухацца (у прыватнасці, лялькі-механізмы), ламалі галаву майстры тэатра, праца якіх стала віртуознай, хоць і засталася па-за сцэнай.
А ў сцэнічнай прасторы лялькамі галоўных герояў кіруюць артысты і ўвасабляюць іх. Бо хоць спектакль і не надта шматслоўны, тое, што яны прамаўляюць, мае вялікае значэнне. Бо ёсць сцэны, дзе мы адчуваем рух душы кволага Петрака (яго ўвасабляў Уладзімір Соладаў, таксама на гэтую ролю прызначаны Аляксей Сянчыла). Вельмі значныя эпізоды, цягам якіх спрацаваная і стрыманая Сцепаніда аналізуе свае колішнія ўчынкі. Звяртаючыся да ўласнага сумлення, разумее, што бываюць памылкі, за якія немагчыма будзе вымаліць дараванне, і найперш гэта маўклівая згода, прыстасаванасць тады, калі трэба дакладна выбраць бок. Вось гэтае выспяванне простай жанчыны да дзеянняў супраць захопнікаў трэба не проста абазначыць рухамі лялькі, а раскрыць праз голас, што зрабіла актрыса Наталля Кот-Кузьма (у другім складзе можна паба-
чыць Надзею Чэчу).
Знакі надзеі
Надзеі няма па вялікім рахунку. Таксама, як і ў аповесці. Акупацыя прынесла толькі жорсткасць.
Гэта здолеў адлюстраваць Яўген Карняг, які стаў аўтарам інсцэніроўкі і заклаў у яе вобразы Быкава. Але там, дзе пісьменнік можа ад сябе нешта выказаць словамі, аўтар спектакля здолее абазначыць інакш. У нейкі момант у спектаклі з’яўляецца жанчына ў чорным (Кацярына Кошалева) і праходзіць да... раяля, які раптам лунае ў паветры. Яна спявае тое, што героі адчуваюць, але не могуць сказаць.
Музыка ў спектаклях Яўгена Карняга — не проста фон, а часам стрыжань, на якім трымаецца дзеянне. У гэтым спектаклі яны з кампазітарам Кацярынай Аверкавай моцна здзівілі. Бо тут калі і варта было чакаць музычнага інструмента, то хутчэй скрыпкі.
Але ж сапраўды, калі Пятрок ахвяраваў скрыпкай дзеля вытворчасці гарэлкі, ці была яна для яго значнай? Акорды на раялі гучаць трагічна і ўспрымаюцца магічна: у ім ёсць сімвалічны падзел
на чорнае і белае. На дабро і зло, без іншых адценняў, як на вайне.
Зло нараджае зло. Яно выціскае апошнія сілы з людзей. Так Сцепаніда спрабуе цягнуць па зямлі плуг, але ён не паддаецца. Яна не можа ні працаваць, ні жыць, ні радавацца, што хоць якая жывёлінка ў гаспадарцы засталася. І навошта гэтая гаспадарка — для каго?.. Не, не помсціць збіраецца, а засведчыць сваё катэгарычнае нежаданне жыць у татальным зле. І ў гэтым вялікая надзея — у нашых людзях, якія не пагадзіліся, не прынялі. Супраціўляліся — хто стыхійна, хто на фронце, як сын Сцепаніды і Петрака. Гэта не хата гарыць, а пажар гневу палае ў душы, і яго полымя перакідаецца на хату. Так палала ўся Беларусь...
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек