Куратарам праекта выступае Аляксандр Зінкевіч, яго асістэнтам стала Кацярына Янкоўская. І спярша трэба павіншаваць іх з сапраўдным поспехам — на адкрыццё «Асенняга салона» завітала наймаверная колькасць гасцей, і людзі ўжо месяц запаўняюць залы Палаца мастацтва, пра што сведчаць асабістыя назіранні і актыўнасць у сацсетках, дзе публікуюцца водгукі і ўражанні гледачоў ад знаёмства з прадстаўленымі творамі. Не будзем закранаць пытанне аб тым, з якімі мэтамі многія прыходзяць на выстаўку, бо гэта тэма асобнай гутаркі... Аднак тое, што падзея прыцягвае ўвагу не толькі пэўных груп людзей, заўсёднікаў падобных мерапрыемстваў, можна лічыць перамогай арганізатараў і партнёраў «Асенняга салона».
Справа яшчэ ў тым, што пазнаёміцца з маштабнымі экспазіцыямі за адзін раз уважліваму гледачу немагчыма, а прыходзіць у Палац мастацтва ў дзень адкрыцця наогул дарэмна — з-за гаманлівых натоўпаў, ад якіх раз-пораз аддзяляюцца тыя, каму неабходна зрабіць здымак ці зняцца самому, бывае складана нават проста наблізіцца да той ці іншай работы. Таму ўзнікае неабходнасць наведаць выстаўку-продаж як мінімум двойчы, на што разлічваюць арганізатары і заўсёды рыхтуюць для публікі спецыяльную праграму. Гэтым разам яна ўключае кінасеансы, лекцыі, экскурсіі і майстар-класы, а таксама «Ноч „Асенняга салона“», што запланавана на 10 кастрычніка. Падахвочваюць гледача і магчымасцю набыць заабілет (як абяцаюць, пры яго куплі частка сродкаў будзе пералічана зааабарончым арганізацыям Беларусі).
Наогул сувязь выстаўкі-продажу з самымі рознымі аб’яднаннямі з кожным годам толькі мацнее. Напрыклад, у прасторы ZAL#2 гэтым разам працуе экспазіцыя маркетплейса прадметнага дызайну і мастацтва «Made sense», у якой дэманструюцца дызайнерскія аб’екты і прадметы інтэр’ера. Такім чынам нараджаецца перакананне: мастацтва ўсё бліжэй да гледача (і пакупніка), яго месца даўно не толькі ў музеях ці галерэях — беларус гатовы і здольны набыць карціну, літаграфію, скульптуру ці іншы прадмет з экспазіцыі, што ўпрыгожыць яго жыллё. І «Салон» якраз імкнецца ўразіць наведвальніка багаццем і разнастайнасцю, а яны, у рэшце рэшт, падштурхоўваюць да параўнання і выбару найбольш прывабнага, а не да пошуку найлепшага і найцікавейшага, не да спробы аб’ектыўнай ацэнкі.
Так, любы твор можна купіць: на кожным ёсць QR-код, які дазваляе даведацца больш пра тую ці іншую работу, а таксама ўбачыць яе цану. Многіх гледачоў гэты занятак захапляе: хтосьці складае рэйтынгі ад найбольш дарагой работы да адносна танных, іншыя ж разважаюць аб законах цэнаўтварэння; адны бядуюць з-за несправядлівасці капіталізму, другія тым часам падтрымліваюць аўтараў, асабліва калі палічаць, што тыя таленавітыя і перспектыўныя, набываючы іх работы. Так, шмат увагі, як заўсёды, прыцягнула адна з паспяховых
беларускіх мастачак Алеся Скарабагатая — гэтым разам з дапамогай «Заі»: новую карціну з выявай цацкі, змешчаную ў драўляную раму, нібыта ў акенца з шалёўкай, можна набыць за 20580 беларускіх рублёў. Крышачку болей (21000 рублёў) возьме аўтар пад псеўданімам Inshiya за твор «Пякучая цікаўнасць» (2025) з дзяўчатамі, для якіх была выбрана мінімальная колькасць ніжняй бялізны. Постмадэрнісцкі партрэт «Маскарад эпох» (2023) Марыі Машчанковай, які публіка ацаніла найперш за вобраз дзяўчыны ў ружовай балаклаве, каштуе 5800. Любімец публікі Фёдар Бажын гэтым разам прадставіў не толькі традыцыйныя для яго творчасці жывапісныя работы, у якіх па-ранейшаму разважае пра рознакаляровыя палосы жыцця, але і скульптуру «Зеўс» (2025). Натхніўшыся міфам аб выкраданні Еўропы, ён адлюстраваў быка, які плыве, і зрабіў канструкцыю за 8400 рублёў разборнай. Зачараваў гледачоў і ўмоўны трыпціх Таццяны Рачкоўскай з выявамі цукерак «Сталічныя» і «Грыльяж»: акварэліст такім чынам прадэманстравала сваё майстэрства і скарыла назіральніка заклікамі: «Аб’ядноўвайся», «Не здавайся», «Вылучайся». Кошт кожнай з работ — 2100.
Так склалася, гэтым разам мы паразважалі пра «Асенні салон» як праект, якім ён атрымліваецца і чым вабіць гледача, аднак амаль не закранулі яго змест, не паспрабавалі пазнаёміць са зробленым удзельнікамі. Гэтым зоймемся наступным разам.
Яўгенія ШЫЦЬКА
фота аўтара