Яркія характары простых людзей, сакавітыя дыялогі, вострая канфліктнасць, жыццёвая пераканаўчасць падзей і вобразаў — усё гэта прываблівала ў творы. Невыпадкова ў хуткім часе аповесць была інсцэніравана Паўлам Лунгіным, пасля чаго ўжо ў сярэдзіне 1980-х адбылося, так бы мовіць, трыумфальнае шэсце п’есы (драматургічны твор значна адрозніваецца ад арыгінала) па сцэнах Савецкага Саюза.
Да п’есы Ірыны Грэкавай і Паўла Лунгіна у коласаўскім тэатры звярнуўся мастацкі кіраўнік Канстанцін Ганчароў, увасобіў яе на камернай сцэне (што даволі нязвыкла ў адносінах да гэтага твора) і прысвяціў спектакль 80-годдзю Вялікай Перамогі. Захаваўшы назву, рэжысёр дабавіў і другую — «Кара-ціці-кара». Гэтыя гукі пастаянна ў апошнія дні свайго жыцця прамаўляе галоўная гераіня Анфіса Громава, якую напаткаў інсульт (артыстка Вікторыя Шамардзіна). Зразумела, што яны зусім не бессэнсоўныя, у іх закадзіраваны пэўны змест. Кара... пакаранне... Але каму і за што? Магчыма, самой гераіні за яе галоўны грэх — здраду мужу Фёдару падчас франтавога жыцця. Ён, гэты грэх, пацягнуў за сабой цэлы ланцуг няшчасцяў і няўдач. Але, мажліва, і яе сыну Вадзіму за эгаізм, бессардэчнасць, няўважлівасць да маці, якія ўрэшце і прывялі да яе заўчаснага скону.
Спектакль, як і п’еса, пачынаецца з памінак. Чацвёра жанчын у маскоўскай камунальнай кватэры (электраманцёр Панька Зыкава, былая аперэтачная артыстка Ада Ульская, музычная выхавальніца Флёрава і начная вартаўніца Капа Гушчына) накрываюць стол і ўспамінаюць пятую, Анфісу Громаву, якой быццам няма, але яна нябачна прысутнічае ў гэтых сценах. Яе постаць таксама ўзнікае побач з іншымі і поруч са сваім сынам Вадзімам. І пасля смерці маці ён спрабуе абвінаваціць яе, потым суседак, а значыць, апраўдаць сябе.
Рэжысёр быццам пераносіць нас, гледачоў, у тыя ўжо далёкія саракавыя гады, калі хоць і вельмі стомленая, але поўная надзей Анфіса вяртаецца пасля фронту дамоў. Паступова мы знаёмімся з усімі насельнікамі так званага «ўдовінага парахода».
Вось, напрыклад, Панька Зыкава, грубая і энергічная, барацьбіт за праўду, як яе сама разумее. Кабета-мужык, уся з грубых сушчэпаў, лютая і справядлівая, чужога не возьме, сваіх правоў не саступіць. Была замужам, муж памёр. Яна моцна хоча аднаго: каб усе былі роўныя. Суседзямі Панька пагарджае. Адай Яфімаўнай — за «паразіцтва», за тое, што ўсё жыццё спявала і скакала, як тая страказа, а кары ёй і не было: яшчэ і пенсію выплачваюць! Флёравай — за пустыя прэтэнзіі, за радыёкропку, за тое, што ходзіць з кійком, «б’е на жаль». Разумовую працу за працу не лічыць, і тое, што яна ў прынцыпе аплачваецца вышэй за фізічную, лічыць за найвялікшы абсурд. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна малюе вобраз буйнымі мазкамі, дасягае жыццёвай праўды праз знешнюю і ўнутраную характарнасць.
Вельмі пераканаўчы вобраз Капы Гушчынай стварыла актрыса Святлана Жукоўская. На словах святоша, як быццам жыве па запаветах боскіх, але аблівае брудам сваіх суседак, нагаворвае і абгаворвае іншых, збірае ўсялякія плёткі і непатрэбшчыну.
Ада Ульская ў выкананні Вольгі Куляшовай. Яна, як і ўсе астатнія жанчыны ў спектаклі, мае свае адметныя рысы. Не паспеў з’явіцца ў доме Фёдар (артыст Міхаіл Асанаў), які мучыўся ў палоне, як Ада ўжо прыкмеціла яго як свайго мужчыну, як галоўнага прэтэндэнта на ролю палюбоўніка.
Грубай энергіі Панькі і злому языку Капы супрацьстаіць мяккая інтэлігентнасць, слабая сіла, уласная годнасць Вольгі Флёравай. Актрыса Ніна Обухава стварае глыбока драматычны вобраз, за паводзінамі яе гераіні чытаецца дасцэнічная біяграфія персанажа — страта мужа, які загінуў на фронце ў першы год вайны, пагібель старэнькай маці і малой дачушкі падчас адной з бамбёжак, уласная інваліднасць. Жаночая трагедыя Вольгі Флёравай у тым, што яна не змагла пераступіць праз свае комплексы, забабоны і разгледзець сапраўднае каханне, стала прычынай смерці добрага чалавека.
Сум, туга, нейкая стомленасць у вачах галоўнай гераіні Анфісы Громавай адчуваюцца яшчэ пры першым яе з’яўленні. Гэта рамантычны характар, што праяўляецца ва ўсім — у каханні, нават няспраўджаным, у бязмежнай, да фанатызму, любові да сына і нават у пакоры мужу і сыну. Вочы яе свецяцца і позірк цяплее толькі ў асобных выпадках: напрыклад, калі ўспамінае пра былое франтавое каханне, пры з’яўленні таварыша па фронце, зампаліта Васіля Сяргеевіча, альбо ў даверлівых гутарках з Вольгай Флёравай. А потым зноў яна замыкаецца ў сваёй шкарлупіне. Той жыццёвы бруд, з якім яна вымушана сутыкацца, быццам не кранае Анфісу. Але ў фінале спектакля яна страчвае здольнасць гаварыць. Не зусім зразумелы яе жудасны рогат перад адыходам у небыццё. Хіба яна вар’яцее?
Інсцэніроўка ў гэтай інтэрпрэтацыі набывае даволі сціслую форму, таму, мабыць, падрабязнасць у разгортванні падзей, у развіцці характараў знікае. Калі вобразы іншых персанажаў (тут ніяк нельга абмінуць ролю сужыцеля Панькі, якую практычна без слоў віртуозна сыграў Вадзім Асвяцінскі) пазначаны хоць
і ярка, выпукла, але пункцірна, то вобраз Вадзіма, сына Анфісы Громавай (артыст Ілья Блыкін) пададзены ў развіцці: пачынаючы з дзяцінства, пераходзячы ў юнацтва і замыкаючыся на перыядзе сталасці. Паколькі сам герой чуе, бачыць унутраным позіркам і ўспрымае ўсю гісторыю з вуснаў суседак-удоў, менавіта з цягам усяго апавядання ён прыходзіць да асэнсавання сваёй віны, аб чым сведчыць сказанае ім у канцы: «Вінаваты, паўсюль вінаваты... Гэта не хвароба яе забіла... Гэта я забіў! Мама, даруй мне! І вы таксама ўсе — даруйце! Даруйце мне! Даруйце мне! Чуеце, даруйце мне!» Тут ён выступае фактычна ў якасці абвінаваўцы самога сябе. Артыст падае яго як абсалютна закрытага ў сабе чалавека, сухога, стрыманага, няздатнага да разумення іншага і якога-небудзь спачування.
Юрый ІВАНОЎСКІ
Фота даслана аўтарам