Top.Mail.Ru

Аповесць Алены Падкацік «Спытай бібліятэкара» абуджае ў чытача цікавасць да сваёй гісторыі

14.07.2026 | 16:39
У пошуку таямніц і артэфактаў

Выданне, якое пабачыла свет сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», вылучаецца сярод іншых: у ім змешчаны ўнікальныя фотаздымкі гістарычных помнікаў і рукапісных крыніц. Як толькі бярэш у рукі кнігу, адчуваеш, што цябе чакае пазнавальнае падарожжа ў мінулае. Увагу адразу прыцягвае незвычайны малюнак на вокладцы — чалавек з рыдлёўкай, у якім дасведчаны кнігалюб пазнае літару «В». Такім чынам чытача адразу адсылаюць да Мсціжскага Евангелля XIV ст. Тым, хто сапраўды любіць кнігу як гістарычную каштоўнасць і прадмет мастацтва, будзе цікава даведацца пра працу перапісчыка, з апісання якой і пачынаецца твор. «Дзіўныя лініі выводзіў, складваў у радкі. А ў радках тых ляцелі надзвычайнай прыгажосці зачараваныя птушкі-літары», — так апісвае аўтар працу старца Макарыя над рукапісам.

Спачатку мы пераносімся ў 1385 год — у манаскі скіт «града Меньска». На патрэбны лад настройвае эпіграф да першага раздзела: «Словеса книжные суть реки, напояющие Вселенную» (Повесть временных лет, 1037 год). А другі раздзел вяртае чытача ў сучасны Мінск. І так на працягу ўсёй аповесці трапляеш у розныя часы і месцы. Менавіта дзякуючы нелінейнай манеры аповеда аўтару ўдалося стварыць такую атмасферу, быццам не тэкст чытаеш, а блукаеш па калідорах гісторыі. Пры гэтым адчуваецца грунтоўная праца пісьменніцы над мовай твора, бо там, дзе трэба «намаляваць» мінулае, Алена Падкацік выкарыстоўвае архаізмы: яны не адштурхоўваюць, а наадварот, працуюць на карысць кнігі. Менавіта дзякуючы такой скрупулёзнай прапрацоўцы кожнага раздзелу не адчуваецца ніякага дысанансу, як магло б стацца ў гістарычнай аповесці.

Дык пра што ж аповесць «Спытай бібліятэкара»? Адразу на гэтае пытанне і не адкажаш, бо ў кнізе шмат цікавых гісторый (і аповед пра ўзнікненне назвы вёскі Мсціж, і пра дваранскі род Слізняў) і розных герояў. Галоўны — журналіст Іван, які працуе ў рэдакцыі «Минских вестей», вядзе тэму IT-тэхналогій і некалькі эканамічных кірункаў, але з-за форс-мажорных абставін вымушаны пераключыцца на іншую тэму — асвятляць міжнародны кангрэс у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечаны будучыні бібліятэк. Апынуўшыся падчас экскурсіі па «ромбакубаактаэдры» ў Музеі кнігі, Іван захапляецца выстаўкай манускрыптаў. Такім чынам праз уражанні героя аўтар запрашае чытача наведаць галоўную кніжніцу краіны.

Паступова, старонка за старонкай, раскрываецца вобраз героя, які, дзякуючы бібліятэкару Веры Іванаўне, палюбіў чытаць яшчэ ў дзяцінстве. Яна заўсёды прапаноўвала юнаку нешта новае, сапраўды цікавае. Пагадзіцеся, і сёння вельмі важна, каб побач апынуўся той самы чалавек, які падштурхне моладзь да кнігі, а не адаб’е ахвоту чытаць. Аўтар, якая не па чутках ведае, што такое праца бібліятэкара, праз усю аповесць чырвонай ніткай праводзіць тэму любові і нават пашаны да кнігі. 

Выконваючы рэдакцыйнае заданне, Іван шукае сем цудаў у самых розных месцах краіны. Аднак у рэшце рэшт знаходзіць іх у родным Мсціжы. Ён зразумеў, што увесь час шукаў... сябе. 

І ўсведамленне гэтага прыйшло ў родным доме, дзе цудамі для героя былі пахі, гукі, пачуцці... Ізноў у роднай вёсцы Іван сустрэнецца з Верай Іванаўнай. Акрамя таго, дзякуючы загадкам мінулага ён напаткае дзяўчыну Руту. Разам яны і будуць адкрываць таямніцы старых дакументаў і адшукаюць шмат цікавага ў гісторыі Мсціжа. Праз герояў аповесці аўтар раскрывае тэмы цікавасці да свайго мінулага, свайго радаводу. Менавіта ў Мсціжы Рута знаходзіць продкаў. 

Вельмі радуе, што аповесць заканчвацца абяцаннем працягу, бо па ўсім відаць, што гэта не фінал, а толькі пачатак гісторыі: усе таямніцы яшчэ не раскрыты.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю