Гульня з калейдаскопам — гэта калі пры кожным павароце шкельцы ўнутры яго міксуюцца па-новаму, складаючы розныя карцінкі. Падобныя ў нечым уражанні ўзнікаюць і ад выстаўкі пад назвай «За акном», што нядаўна была прэзентавана ў мастацкай галерэі «АртХаос».
У экспазіцыі — работы двух беларускіх мастакоў: Андрэя Карпянкова і Яўгена Шчатко.
Ідэя вандроўкі па родным краі — гэта тое, што аб’ядноўвае абодвух: маляўнічыя краявіды, архітэктура, хараство прыроды... Усё гэта нібы праплывае міма цябе падчас падарожжа і назаўсёды адбіваецца ў душы, выклікаючы пачуцці цеплыні, любові, лірычнасці, ціхай радасці і часам светлага суму. Кожны новы пейзаж заўжды будзе іншым, непаўторным, у чымсьці нават нечаканым... Мастакі ўвасобілі ідэю вандроўкі і спазнання айчыны па-свойму, у арыгінальнай аўтарскай манеры.
— Я жыву ў сталіцы, але з задавальненнем выязджаю ў вёску. Уражанні ад гэтых паездак, ад вывучэння беларускай культуры, знаёмства з простай архітэктурай, дзіцячыя ўспаміны і склаліся ў серыю работ, — распавёў падчас імпрэзы Андрэй Карпянкоў.
Яго работы ўмоўна можна падзяліць на два віды: так званыя посцілкі і абстракцыі. Для першых характэрныя строгі геаметрызм, кантраснасць, адсутнасць плаўных пераходаў паміж колерамі, пэўная «вясковасць» у плане сюжэта («Ружовае святло», «Вясковыя палотны»). Абстракцыі ж — як палітра самых разнастайных (але толькі станоўчых) эмоцый, што перадаюцца светлавымі ўспышкамі напаўпразрыстых адценняў з мяккім перацяканнем аднаго ў другое, дзе сюжэт ледзьве намацваецца («Прысвячэнне кукурузе. Дзень», «Малады сад», «Стары сад»). Гэтыя работы выкананы ў тэхніцы дрыпінг — такую манеру пісьма Андрэй Карпянкоў практыкаваў некалькімі гадамі раней.
— Калі стваралася экспазіцыя, то мне падалося, што ў строгай геаметрычнасці не стае пэўнай эмацыянальнасці, спантаннасці. Таму было вырашана сумясціць сучасныя работы з ранейшымі.
І яны пачалі ўзаемадзейнічаць паміж сабой! — падзяліўся мастак.
Канцэпцыя «посцілак» заключаецца ў тым, што выявы на іх утвараюць фрагменты асобных замкнёных сусветаў: вясковая вуліца, двор, утульны хатні закутак. А абстракцыі — тое, што можна ўбачыць праз акно знутры пакоя — паветранае, каляровае адчуванне... Вось што, са слоў мастака, стала абгрунтаваннем філасофіі экспазіцыі.
Для Яўгена Шчатко творчасць — спосаб знайсці кампраміс паміж светам рэальным і ўзвышаным. Яго работы нечым нагадваюць вітражы. І гэта нядзіўна: мастак распавядаў аб сваёй працы ў цэху над сапраўднымі вітражамі. Ён з’яўляецца суаўтарам некаторых з іх.
Знакавай работай для Яўгена Шчатко стала карціна «Востраў маленства», дзе выяўлены гарадскія пейзажы. Але гэта не значыць, што яны пісаліся з натуры — на палатне адбылася своеасаблівая трансфармацыя ўспамінаў і фантазіі.
Тое ж тычыцца і астатніх работ мастака, сярод якіх — «Горад рамантыкаў», дзе можна знайсці падабенства з Віцебскам, «Траецкае прадмесце», дзе ўгадваецца сталічная набярэжная, і іншыя.
— Я не раб натуры, — сціпла прызнаўся Яўген Шчатко. — Не магу назваць сябе жывапісцам, хутчэй — прадстаўнік прыкладнога мастацтва.
Але ж прыкметай жывапісу не з’яўляецца фатаграфічнасць перадачы таго ці іншага краявіду ці аб’екта.
Галоўнае — душа, укладзеная ў працэс. А якраз яна і прысутнічае на кожным яго палатне, вабіць і зачароўвае, абуджае цёплыя пачуцці, інтрыгуе таямніцай не да канца спазнанага...
Казіміра ШПАКОЎСКАЯ
Фота аўтара