Top.Mail.Ru

Аляксей Бяляеў: Цяпер час канвергентнай журналістыкі

Аўтар: Ірына Прымак
16.12.2024 | 06:17

Факультэт журналістыкі БДУ сёлета святкуе 80-годдзе. У лістападзе адбываліся розныя мерапрыемствы: Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, сустрэчы выпускнікоў, былых выкладчыкаў, святочныя імпрэзы...

З нагоды юбілею дэкан факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, палітолаг Аляксей Бяляеў даў інтэрв’ю газеце «ЛіМ». Аднак, нягледзячы на святочны настрой, гутарку мы пачалі з таго, у якіх умовах цяпер даводзіцца працаваць СМІ.


— У параўнанні з тым, што было пяць гадоў таму, сучасная журналістыка Беларусі — тая галіна інфармацыйнага поля, якая моцна змянілася ў форме падачы навін у новых умовах работы, — перакананы Аляксей Віктаравіч. — У нас шмат знешніх выклікаў. Журналістам даводзіцца працаваць у даволі складаных міжнародных абставінах. Мы знаходзімся пад моцным ціскам заходняй прапаганды, бо Беларусь выстаўляюць нейкай пачварай. Калі, карыстаючыся бязвізам, да нас прыязджаюць госці нават з блізкага замежжа, з якімі калісьці мы былі часткай адной вялікай дзяржавы, бачым іх рэакцыю. Блогеры з Літвы, Латвіі і іншых краін ходзяць па нашых вуліцах і гандлёвых цэнтрах, а пасля даюць каментарыі, што ім усё паказвалі абсалютна інакш. Нават палякі кажуць, што ў беларускіх магазінах ёсць дастаткова прадуктаў, ды яшчэ высокай якасці. У нас чыстыя дагледжаныя гарады, добразычлівыя жыхары з усмешкамі на тварах. Мы разумеем, што за межамі Беларусі створана іншая інфармацыйная прастора, і гэта натуральна, бо ў кожнай краіне ёсць сваё кола крыніц інфармацыі. Аднак менавіта з-за таго, што з нас зрабілі пачвар, гэта ўплывае на звычайных грамадзян. У такой сітуацыі беларускім журналістам даводзіцца працаваць у двух кірунках: для сваёй унутранай аўдыторыі, якой патрэбна аператыўна даносіць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нашай краіне (з фактамі і каментарыямі), а яшчэ трэба працаваць і на замежжа. 

Напрыклад, пэўную хвалю незадаволенасці выклікала сітуацыя з таксі. Нашы СМІ адгукнуліся і пачалі тлумачыць, што, чаму і як адбылося. Гэта прыклад таго, што мы не хаваемся і не абмінаем вострыя праблемы, якія ў нас перыядычна ўзнікаюць. Імкнёмся ўсё асвятляць і падаваць з доляй цвярозага аналізу, каб людзі бачылі прычынна-выніковыя сувязі. У новых умовах з’явілася наша «баявая» журналістыка, на тэлебачанні створаны шэраг перадач для замежнага вяшчання, дзе на польскай, літоўскай і іншых мовах журналісты даносяць наш пункт гледжання аўдыторыі, якая жыве за межамі Беларусі. Гэта, вядома, сур’ёзны кірунак, цяпер мы вымушаны працаваць у вельмі цікавы час. 

За 30 гадоў незалежнасці мы адчулі нават спад цікавасці да беларускіх праблем раней блізкай расійскай аўдыторыі. Але сітуацыя ў апошнія гады крыху мяняецца ў станоўчы бок, навіны падаюцца пазітыўна, але ў цэлым пра Беларусь пішуць вельмі мала. Калі ў нашай краіне каля 1150 СМІ, то ў Расійскай Федэрацыі іх каля 55 тысяч, прычым у кожным рэгіёне ёсць свае, якія пра Беларусь амаль нічога не распавядаюць. А мы жывём у Саюзнай дзяржаве. У Беларусі навіны пра Расію ёсць у дастатковай колькасці, таму нашы жыхары паглыблены ў расійскія рэаліі. А вось пра падзеі ў Беларусі расіяне ведаюць мала. І таму ўзнікла неабходнасць адкрываць Беларусь ужо для расіян. Дзеля гэтага цяпер створаны медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы, нарэшце ўзгоднены і падпісаны ўсе дакументы. Настаў час узважана выбудоўваць інфармацыйную палітыку, бо нам нельга страціць расійскую аўдыторыю. Мы павінны захоўваць станоўчае ўяўленне пра Беларусь, што лёгка страціць, бо пакаленні мяняюцца, за 20 гадоў забываецца ўсё, калі не нагадваць пра нашы традыцыі, подзвігі, не расказваць, хто такія беларусы... Сучасныя расійскія маладыя грамадзяне ў нашай краіне не былі. Часам хтосьці і прыязджае, але цяпер для іх гэта ўжо такая ж чужая краіна, як Польшча, Кітай. Я сутыкаўся з мноствам маладых расіян, якія не ведаюць пра Беларусь нічога. І калі яны да нас прыязджаюць у пошуку нейкай экзотыкі, для іх вялікае адкрыццё, наколькі мы падобныя да іх. Таму нашым СМІ трэба яшчэ і гэтыя лакуны запаўняць у расійскай інфармацыйнай прасторы. Атрымліваецца наогул работа на тры фронты. У цэлым хацелася б «захапіць» постсавецкую прастору, асабліва краіны, якія знаходзяцца з намі ў СНД, АДКБ, Еўразійскім эканамічным саюзе. А цяпер геаграфія яшчэ пашырылася дзякуючы нашаму членству ў ШАС. Гэта краіны, якія знаходзяцца з намі ў вельмі цёплых адносінах, як, напрыклад, Кітай. Але ў нас з імі інфармацыйны парадак дня амаль не перасякаецца, а гэта трэба актыўна рабіць. Таму сёння ў беларускіх СМІ шмат задач і вельмі вялікае інфармацыйнае поле для работы ў новых умовах, калі падыходзіць стратэгічна.

— Аляксей Віктаравіч, а як факультэт журналістыкі зрэагаваў на новыя ўмовы, як рыхтуе кадры? 

— Мы пайшлі па шляху ўніверсалізацыі журналісцкай адукацыі, сэнс якой у тым, каб не драбіць журналістыку на спецыяльнасці, як было раней (друкаваныя і аўдыявізуальныя СМІ, міжнародная журналістыка, літаратурная работа і г. д.). Адбор адбываецца толькі на адну спецыяльнасць — «Журналістыка». Студэнты атрымліваюць базавыя веды, але на 3–4 курсах даём магчымасць прайсці прафілізацыю. Дарэчы, цяпер у нас таксама з’явіўся кірунак «Аўдыявізуальныя СМІ і блогінг», хочам навучыць здымаць якасны катэнт, бо блогінг сёння вельмі папулярны. Аднак для нас гэта больш маркетынгавы ход. Журналіст, у адрозненне ад блогера, працуе ў рэдакцыі. Але навыкі блогера яму могуць дапамагчы, такім чынам з’явіцца канкурэнтнае асяроддзе ў гэтай сферы, ды трэба ўлічваць спецыфіку працы ў камандзе і асобна. І гэта варта разумець. Адно з новаўвядзенняў апошніх двух гадоў — ажыццяўляем набор толькі на бюджэт, таму разлічваем, што ўсе нашы студэнты будуць запатрабаваны ў дзяржаўных СМІ, якім пастаянна патрэбны свежыя кадры, а ў нас не такія вялікія выпускі, каб дазволіць сабе рыхтаваць «вольных мастакоў». Гэта павінны ўсведамляць абітурыенты і іх бацькі. Мы рыхтуем спецыялістаў для работы ў сферы дзяржаўных СМІ! За гэтыя два гады заключылі новыя дагаворы са сваімі базавымі заказчыкамі кадраў — найбуйнейшымі медыякампаніямі (Белтэлерадыёкампанія, АНТ, СТБ, МІР), холдынгам «Беларусь сегодня», ВД «Звязда», БелТА. Шмат заявак на нашых выпускнікоў ад рэгіянальных выданняў. Сёлета набралі на першы курс усяго 80 чалавек, а летась — 60. Выпускі будуць невялікія, таму змагаемся за кожнага студэнта, каб пазбегнуць адлічэнняў. Мы імкнёмся набіраць тых, хто матываваны, хоча вучыцца. На жаль, больш за 30 заявак з рэгіёнаў сёлета не змаглі задаволіць, бо не маем столькі выпускнікоў. Але журналіст — штучная прафесія, гэта спецыфічная праца, тут не можа быць масавага набору. Насамрэч у нас не такі рынак, каб рыхтаваць тысячамі. Кадры ў абласцях вельмі патрэбны, аднак прынцып — студэнт мае права выбару — мы імкнёмся захоўваць. Калі студэнт працаўладкоўваецца ў Мінску, у яго ўжо ёсць персанальная заяўка, мы не можам нічога зрабіць... Як варыянт вырашэння праблемы — мэтавае накіраванне на вучобу для канкрэтнага абтірурыента ад рэгіёна. Па сутнасці, рэдакцыя за дзяржаўны кошт рыхтуе для сябе будучага супрацоўніка. Але ён павінен адпрацаваць менавіта ў той рэдакцыі. Гэта тычыцца тых, хто паступае з мэтавым накіраваннем.

— Сёння вучацца не пяць, а чатыры гады. Як за гэты час вырасціць годнага спецыяліста? 

— Я працую ў сістэме адукацыі даўно, таму разумею: лепш практыкі нічога няма. Гэта яшчэ адна фішка нашай сучаснай адукацыі, бо мы пераарыентавалі студэнтаў на атрыманне карыснага досведу, таму практыкі ў нас з 1 да 4 курса (азнаямленчая, вытворчая, пераддыпломная). Але гэта не адзіны спосаб атрымаць практычныя веды: ёсць выязныя заняткі на базе рэдакцый. У нас працуе шмат журналістаў-практыкаў, напрыклад, замежную журналістыку выкладае дацэнт Вольга Шпілеўская — дырэктар прадстаўніцтва МДТРК «Мір». Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант доўгі час узначальваў ДЭК, частка дыпломных работ была прысвечана рабоце яго калектыву. Атрымліваліся цікавыя дэбаты, бо студэнты абаранялі свае дыпломныя праекты на належным узроўні. Гэта вельмі карысны досвед. Падкрэслю, што ўжо да 3 курса многія нашы студэнты знаходзяць сваіх працадаўцаў, уладкоўваюцца на палову стаўкі ці па дагаворы падраду. Такім чынам падчас вучобы яны ўжо могуць суадносіць тэорыю і практыку. Мы спрабуем дапамагчы з графікам вучобы.

Яшчэ адна форма работы — сустрэчы з вядомымі асобамі ў сферы СМІ, каб пазнаёміць студэнтаў з патэнцыяльнымі працадаўцамі. Гаворка пра праект «Медиасреда», які праводзім па серадах. Сярод нашых спікераў — Андрэй Мукавозчык, Дзмітрый Жук, Вольга Шпілеўская, Андрэй Крывашэеў, Марат Маркаў, Уладзімір Пярцоў, Ігар Луцкі, Алег Гайдукевіч, Рыгор Азаронак і іншыя. У найбліжэйшы час плануем сустрэчу з журналістам Яўгенам Пуставым і рэдактарам часопіса «Бярозка» Янінай Каралёвай. Як бачыце, мы сур’ёзна ставімся да падрыхтоўкі кадраў, каб нашы журналісты ведалі знакавых асоб і маглі ў іх спытаць усё што заўгодна ўжо цяпер у нефармальнай абстаноўцы. Акрамя таго, знаёмім нашых абіту-рыентаў з вядомымі журналістамі ў межах праектаў «Школа маладога журналіста», «Школа маладога камунікатара».

— Калісьці на факультэце журналістыкі працавалі такія мэтры, як Рыгор Васільевіч Булацкі, Ефрасіння Леанідаўна Бондарава, Барыс Васільевіч Стральцоў, Ніна Аляксандраўна Сніцарава і іншыя. Што робіцца для ўвекавечвання іх памяці? 

— Гэтыя прозвішчы гучаць і цяпер. У нас ёсць імянныя аўдыторыі. На дзвярах размешчаны адпаведныя таблічкі, а ўнутры — матэрыялы, якія расказваюць пра гэтых славутых асоб. Пастаянна праводзіцца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя памяці прафесара Барыса Стральцова. Таму гэтыя прозвішчы на факультэце гучаць і па-ранейшаму вядомыя. Мы захоўваем свае традыцыі, шануем памяць былых выкладчыкаў. Як паказчык пераемнасці пакаленняў — той факт, што ў нас працуе сын першага дэкана адноўленага факультэта вядомы спецыяліст у сферы тэлебачання Вячаслаў Булацкі. А яго сын Павел узначальвае спартыўны тэлеканал. Гэта цэлая плеяда выдатных асоб у нашай журналістыцы. Вядома, педагагічны склад амалоджваецца, бо, на жаль, заканчваецца эпоха савецкіх выкладчыкаў... Аднак з гонарам можна назваць імёны тых, хто працуе на факультэце дагэтуль, іх прозвішчы вядомы многім пакаленням журналістаў: Васіль Вараб’ёў, Людміла Саянкова, Пётр Дарашчонак, Наталля Зубчонак.

— Вы самі не заканчвалі журфак, але і ад вас залежыць лёс беларускай журналістыкі, бо кадры дыктуюць усё…

— Сёння ў журналістыку прыходзяць шмат людзей, якія нават не маюць базавай адукацыі. Яны, мабыць, не ўмеюць пісаць і здымаць так, як выпускнікі журфака. Затое разумеюць сутнасць таго, што адбываецца цяпер, яны ў кантэксце сучаснай геапалітычнай абстаноўкі. Таму эканаміст можа цікавей і лепш распавесці пра пэўную падзею ў эканоміцы, чым дыпламаваны журналіст, а палітолаг прафесійна адкажа на пытанні, якія звязаны з палітычным жыццём краіны, бо паглыблены ў гэты працэс. Цяпер час канвергентнай журналістыкі: рэдакцыі аб’ядналі розныя формы падачы матэрыялу, маюць акаўнты ў сацсетках, свае сайты. Журналістамі цяпер становіцца тыя, каму ёсць, што сказаць людзям, для каго журналістыка — прызванне. Паколькі ў мяне гістарычная і філалагічная адукацыя, магу сябе назваць сёння журналістам, бо са словам працую даўно. А захапіўшыся як гісторык сучаснымі працэсамі, я плаўна перайшоў да палітычнай тэматыкі. Усё гэта мне дазваляе ствараць прафесійныя тэксты, выступаць на тэлебачанні, радыё і г. д. Журналістыцы нельга навучыць, у яе прыходзяць не для таго, каб зарабляць грошы, тут не затрымліваюцца выпадковыя людзі. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю