Top.Mail.Ru

Алесь Карлюкевіч: ...Смела ісці наперад

05.06.2026 | 10:17
З выступлення на І Форуме маладых літаратараў Беларусі

Гісторыя сусветнай літаратуры пераконвае нас: сапраўдная творчасць не ведае межаў. Аляксандр Пушкін ужо ў юнацтве ўсведамляў сваё прадвызначэнне і смела ўваходзіў у мастацкую прастору як сталы мастак слова. Міхаіл Лермантаў у раннія гады напаўняў свае радкі філасофскай глыбінёю і ўнутраным драматызмам. Шандар Пецефі, будучы зусім маладым, стаў голасам свабоды і грамадзянскай годнасці. Літаратура — дыялог з эпохай. А смеласць мастака — гэта супраціўленне павярхоўнаму і выпадковаму. У газеце «Літаратура і мастацтва» надрукаваны пераклады Валерыя Пшыгодскага — удзельніка форуму. Ёсць там і верш П’ера-Жана дэ Беранжэ «Камета». У пераўвасабленні Валерыя словы з далёкай мінуўшчыны гучаць як сур’ёзныя развагі і для дзён сённяшніх, і для свету, напоўненага «разбоямі і войнамі».

Кожны з вялікіх мастакоў слова пачынаў з пошуку — свайго шляху, сваёй інтанацыі, свайго ўласнага адказу на галоўнае пытанне: дзеля чаго гучыць слова? І сёння гэта пытанне стаіць перад кожным з вас. 

Ці павінен малады літаратар адчуваць грамадзянскую адказнасць? Несумненна. Бо слова валодае сілай: фарміруе светапогляд, абуджае пачуцці, вядзе за сабою. Але разам з тым літаратура немагчымая без глыбокага эстэтычнага і філасофскага пошуку. Менавіта ў злучэнні грамадзянскага гучання і ўнутранай свабоды нараджаецца сапраўднае мастацтва. Нядаўна я прачытаў верш Яўгеніі Пракапчук, якая таксама сярод удзельнікаў форуму. Вось гэтыя радкі, што зачапілі мяне: «Толькі ідзі наперад. // Не павяртай назад. // Вузкіх шляхоў і шэрых // не абярэ вар’ят. // Ты вызначаеш меры. // Ты і суддзя, і кат. // У тумане зняверы // кожная кропля — яд. // Чуйнасць душа ашчэрыць // выльецца ў словапад. // Смела ідзі наперад. // Не павяртай назад». 100 гадоў таму яркі, самабытны паэт Уладзімір Жылка пісаў у лісце да аднаго свайго настаўніка пра тое, што ён мае права «заставацца ў самотным ціхім храме Хараства», што ён марыць «выдаць кніжку <...> выключна з матывамі кахання, смерці, хараства, прыроды...» Паважаючы Жылку як вялікага беларускага паэта XX стагоддзя, я веру Яўгеніі Пракапчук, якая не збочыць са свайго шляху і будзе ісці наперад у мастацкім засваенні часу і той прасторы, у якой нам накавана жыць. 

Стварайце сваю галоўную кнігу. Памятайце словы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля: «Даўно і неаднойчы сказана, што кожны пісьменнік, якія ён ні ствараў бы эпапеі, паэмы, драмы, апавяданні, вершы, — усё жыццё піша адну-адзіную кнігу, у якой гаворыць чытачу сваё, толькі сваё запаветнае слова. Слова Талстога, Байрана, Гётэ, Міцкевіча, Шаўчэнкі, Купалы... Зрэшты, слова не толькі геніяў, не толькі тых, каго і пры жыцці і потым называюць і лічаць вялікімі, выдатнымі, вядомымі... Любой сілы талент мае права на сваё слова, абавязаны, пакліканы сказаць яго, наяўнасцю гэтага слова — толькі аднаму яму належнага — акрэсліваецца значэнне кожнага сапраўднага пісьменніка». 

Форум павінен стаць для маладых літаратараў часам натхнення і нараджэння смелых мастацкіх ідэй. Няхай кожнаму адкрываюцца новыя далягляды, будуць падораны сустрэчы, якія вызначаць далейшы шлях і ўмацуюць упэўненасць ва ўласным голасе. Веру, што ў нечым форум стане кропкай адліку ў творчых памкненнях моладзі. Не трэба баяцца шукаць, ісці складанымі шляхамі. Іначай галоўныя радкі не будуць падмацаваны моцнай сілай перажыванняў і асэнсаванняў. Разам з моладдзю на форуме старэйшыя таварышы — паэты, празаікі, якія ўжо прачыталі папярэдне многія творы ўдзельнікаў. На секцыях па накірунках, відах літаратуры ўсім ёсць пра што пагаварыць. Гэтая праца павінна стаць шчырым і адкрытым дыялогам, прынесці ўзаемную карысць і маладым творцам, і пісьменнікам старэйшага пакалення. 

Хацелася б пажадаць удзельнікам І Форуму маладых літаратараў творчай энергіі, яркіх адкрыццяў, глыбіні думкі і вернасці свайму прызванню. Няхай словы, адкрытыя, знойдзеныя моладдзю, будуць трапнымі, сумленнымі і неабходнымі людзям. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю