Top.Mail.Ru

Алена Свірыдава: У кожным навучэнцы бачу лепшае

Аўтар: Алена Брава
27.12.2024 | 16:45

Алена Свірыдава выкладае беларускую мову і літаратуру з натхненнем, павагай да асобы вучня і шчырай адданасцю сваёй справе. 




Дваццаць сем гадоў яна працуе ў Мар’інагорскім дзяржаўным ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічным каледжы імя У. Е. Лабанка, дваццаць два з іх — выкладчыцай. 

«Правярала» сшыткі лялькам

Прафесійны шлях Алены Валянцінаўны быў прадвызначаны з дзяцінства: дзядуля і бабуля па бацькоўскай лініі, Андрэй Парфёнавіч Свірыдаў і Вольга Лявонцьеўна Жук, былі настаўнікамі пачатковых класаў у школе вёскі Зацітава Слабада, што на Пухавіччыне. Маленькая Алена праводзіла ў родных людзей шмат часу, расла ў атмасферы настаўніцкіх клопатаў і радасцей, а таму і гульні ў яе былі адпаведныя: лялькі «вучыліся ў школе», дзяўчынка «правярала» іх сшыткі, якія сама ж пісала.

— Бабуля родам з Зацітавай Слабады, дзядуля — з Глускага раёна, — успамінае Алена Свірыдава. — Іх часта наведвалі былыя вучні, якія ставіліся да сваіх першых настаўнікаў з вялікай пашанай і ўдзячнасцю. Гледзячы на гэта, я таксама марыла стаць такім паважаным чалавекам, як мае дзядуля і бабуля. І калі сама села за парту, пытанняў з выбарам прафесіі ў мяне не засталося. 

У яе адразу ж з’явіўся вялікі імпэт да вучобы. Спрыяла гэтаму і першая настаўніца — Іна Мікалаеўна Ермаліцкая, якая здолела зацікавіць дзяцей, знайсці падыход да кожнага. А ў чацвёртым класе перад Аленай адкрыўся свет літаратуры. 

— Чытаць я навучылася яшчэ ў дзіцячым садку і ўсе школьныя гады з захапленнем адкрывала для сябе кнігу за кнігай, хоць і была вучаніцай матэматычнага класа. Найвялікшае ўражанне на мяне зрабіў раман Івана Мележа «Людзі на балоце». Адбылося гэта не без дапамогі маёй любімай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Пятроўны Скавыш. Праз гэты твор я стала лепей разумець родную літаратуру і вырашыла звязаць свой лёс менавіта з беларускай філалогіяй, — расказвае Алена Свірыдава. 

Добра падрыхтаваная абітурыентка без цяжкасцяў паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Той момант, калі яна ўбачыла сваё прозвішча ў спісе залічаных у ВНУ, Алена Валянцінаўна называе адным з самых шчаслівых у жыцці. Успаміны пра студэнцкія гады засталіся выдатныя. Выкладчыкі ўбачылі вялікае жаданне стараннай дзяўчыны стаць настаўніцай і пастараліся развіць у ёй найлепшыя прафесійныя якасці. 

Настаўніцкія сцежкі

Сцяжына лёсу прывяла маладую выкладчыцу ў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж невыпадкова. Яе бацькі, Валянцін Андрэеевіч і Галіна Дзмітрыеўна, — выпускнікі гэтай навучальнай установы, якая мела ў той час статус сельскагаспадарчага тэхнікума. Падчас іх вучобы класны кіраўнік Уладзіслаў Васільеў вырашыў паставіць сіламі навучэнцаў п’есу «Чырвоныя кветкі Беларусі» Васіля Гарбацэвіча (аўтар, дарэчы, сам быў настаўнікам і выкладаў пэўны час у Мар’інагорскім тэхнікуме беларускую мову і літаратуру). У творы расказваецца пра подзвіг дукорскіх партызан, якія змагаліся супраць польскіх акупантаў і загінулі. Будучыя бацькі Алены атрымалі ў п’есе галоўныя ролі, з чаго і пачалося іх шчырае сяброўства і каханне — на ўсё жыццё. Нават жартавалі пра сябе: «Двойчы жаніліся, але без разводу». 

Матуля будучай настаўніцы працавала па атрыманай у тэхнікуме спецыяльнасці — аграномам; бацька пазней скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, меў добрыя якасці кіраўніка, і з 1986 года на працягу 13 гадоў быў дырэктарам Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума. На вялікі жаль, ён цяжка захварэў, праз што дачцэ давялося на апошнім курсе педуніверсітэта перавесціся на завочнае аддзяленне. Некаторы час Алена Валянцінаўна працавала ў каледжы бібліятэкарам. Калі выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры — жанчыны пенсійнага ўзросту вырашылі пайсці на заслужаны адпачынак, яна стала выкладаць свой прадмет, што і робіць з вялікім жаданнем ужо 22 гады. 

— Без чаго немагчыма быць добрым настаўнікам? — разважае Алена Свірыдава. — Галоўная якасць характару, прычым незалежна ад прафесіі, — у любой сітуацыі трэба заўсёды заставацца чалавекам. А яшчэ настаўніку не абысціся без разумнай дабрыні. Ты можаш на самым высокім узроўні валодаць методыкай, але калі не будзе ў цябе чалавечнасці, асаблівай увагі і любові да дзяцей, то можаш і атрымаць вынік, але дакладна не атрымаеш асалоды ад сваёй дзейнасці. 


Вядома, на прафесійным шляху здараюцца рознага кшталту турботы і складанасці, але ніколі ў Алены Валянцінаўны не ўзнікала жадання пашукаць больш лёгкага хлеба. Што трымае на плаву, ратуе ад эмацыйнага выгарання?

— Калі я толькі пачынала працаваць, выкладчыца рускай мовы і літаратуры, сыходзячы на пенсію, прызналася, што перачытвала «Вайну і мір» 27 разоў, — расказвае мая гераіня. — Я тады падумала: пэўна, перабольшвае. І лічыла так гадоў дзесяць... Пазней зразумела, што тая жанчына мела на ўвазе. Любімы са школьных гадоў твор — «Людзі на балоце» Івана Мележа я магу адкрыць на любой старонцы і далей расказваць блізка да тэксту. Мой урок па гэтай кнізе — бадай, найлепшы ў навучальным годзе. Аднойчы заўважыла: калі ў мяне штосьці не заладзілася, бяру «Людзі на балоце» і перачытваю адну або некалькі частак. І настрой узнімаецца. Яшчэ люблю перачытваць «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. Літаратура ратуе мяне ад працоўнай дэпрэсіі, не дазваляе апусціць рукі.

Адзнакі — толькі заслужаныя

— Сярод 190 цяперашніх першакурснікаў каледжа толькі 23 дзяўчынкі, а ў пяці групах з сямі ўвогуле адны хлапчукі, такая спецыфіка нашай установы адукацыі, — расказвае Алена Свірыдава. — Сучасныя падлеткі іншыя, чым былі мы, да іх не заўсёды проста знайсці падыход. Мы незадаволеныя тым, што яны шмат часу праводзяць у віртуальнай прасторы, але трэба зрабіць так, каб ім было цікава ў рэальнасці. Часам і мы можам чамусьці ў іх павучыцца. Яны больш вольныя, крыху больш думаюць пра сябе, але гэта, лічу, здаровая рыса. Сучасныя дзеці падкупляюць сваёй непасрэднасцю. Я імкнуся прыадчыніць ім дзверы ў свет літаратуры і разумею: да ўсяго трэба дарасці. Упэўнена, прыйдзе час, калі яны захочуць расчыніць гэтыя дзверы шырока, і тады мае ўрокі стануць для іх істотнай дапамогай. 

Важная рыса добрага настаўніка — умець убачыць у кожным вучні лепшае, лічыць Алена Свірыдава. Аднак гэта не значыць, што яна можа заплюшчыць вочы на ляноту, нежаданне працаваць над сабой. Алена Валянцінаўна заўсёды ставіць толькі заслужаныя адзнакі, у тым ліку двойкі. А працавітасць і стараннасць заахвочваюцца. І, канешне, яе займае пытанне: як прывабіць сучасных дзяцей да кнігі? 

— Прыдумляю розныя спосабы, — прызнаецца настаўніца. — Тым, хто незадаволены адзнакай, прапаную адказаць усяго на адно, але досыць складанае пытанне па тэксце, і калі адказ правільны, пастаўлю 10. Нават калі дзеці не адкажуць адразу, наперад яны будуць чытаць тэксты больш уважліва. Часам даю заданне апытаць выкладчыкаў, скласці анкету пра кнігі, якія яны зараз чытаюць. Увогуле, стараюся рабіць урокі літаратуры і мовы займальнымі, заінтрыгаваць. Гэта ўдаецца, бо ў кожным класічным творы абавязкова ёсць тое, што можа абудзіць цікавасць. 

148 гадоў у кантэксце гісторыі

Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічны каледж імя У. Е. Лабанка быў заснаваны ў 1876 годзе як сельскагаспадарчая школа. У адпаведнасці з гістарычным кантэкстам мяняліся навучальныя праграмы, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база. У час Вялікай Айчыннай вайны выкладчыкі і навучэнцы абаранялі Радзіму ад фашысцкай навалы. Пасля вайны ўстанова адукацыі не раз мяняла назвы і рэарганізоўвалася, але пастаянным заставалася адно: тут рыхтавалі надзвычай патрэбных для сельскай гаспадаркі Беларусі спецыялістаў. 


Усе этапы станаўлення і развіцця Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школы да сучаснай навучальнай установы адлюстраваны ў музеі, які быў адкрыты тут да 90-годдзя каледжа яго дырэктарам Рыгорам Грабчыкавым. Сыходзячы на пенсію, сваю місію захавальніка музея ён перадаў Алене Свірыдавай. 

— У нас сабраны найбагацейшы матэрыял, нават не кожны краязнаўчы музей можа пахваліцца такой экспазіцыяй, — з гордасцю расказвае яна. — А па маёй ініцыятыве музей папоўніўся літаратурнымі матэрыяламі, у тым ліку — пра паэта, выкладчыка нашага тэхнікума Захара Біралу. Я даўно збірала звесткі пра земляка, разам з дзецьмі мы даследавалі яго няпросты лёс. У мінулым годзе мой навучэнец Даніла Малашук заняў з працай пра Захара Біралу 3-е месца ў навукова-практычнай канференцыі, якую праводзіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Лічу гэта вельмі добрым вынікам. 

«У кожным дні шукаю радасць»

Напэўна, усе мы задумваемся пра тое, што ж такое шчасце. На розных этапах жыццёвага шляху адбываецца пераацэнка каштоўнасцей, і рэтраспектыўна разумееш: шчаслівых момантаў і нават дзён было значна больш, чым табе калісьці здавалася. Такі пункт гледжання блізкі Алене Свірыдавай.

— Безумоўна, я шчаслівы чалавек, — разважае мая гераіня. — Я — маці, Бог даў мне цудоўнага сына. Даў сапраўдных сяброў, і я радуюся, калі ў іх жыцці ўсё добра. Увогуле, у кожным дні шукаю тое, што прыносіць радасць. Шчасце ж можна знайсці і ў дробязях, якія заўтра могуць стаць зусім не дробязямі. 

І ўсё ж галоўная радасць для Алены Свірыдавай — сын Ягор. Ён ужо дарослы, захапляецца футболам. Яго цікавасць спортам падзяляе і маці: раней сама гуляла ў баскетбол, цяпер — у якасці заўзятара. Ягор вельмі любіць чытаць, кніга суправаджае яго па жыцці. Няцяжка здагадацца, што і гэта захапленне ў мамы і сына агульнае. Дарэчы сказаць, што і яго любімая школьная настаўніца — тая ж Ганна Пятроўна Скавыш, якая некалі выдатна навучыла яго маму.

— Люблю наведваць тэатр, мы з сяброўкамі перагледзелі практычна ўсё, што зараз прадстаўлена на сцэнах Мінска, — расказвае Алена Свірыдава. — Яшчэ адно захапленне — вандроўкі, раней выязджала за межы краіны, цяпер з вялікім задавальненнем падарожнічаю па Беларусі. Люблю бываць у Гродна (там жыве сястра бацькі) і ў Полацку. Стараюся заўсёды наведаць храмы — намоленыя месцы гэтых гарадоў. Каля Каложскай царквы адчула аднойчы зусім асаблівы стан супакаення. Увогуле, падчас кожнага адпачынку імкнуся адкрыць для сябе хаця б адзін новы для мяне горад Беларусі. Нядаўна пабывала ў Магілёве, дзе знайшла для сябе шмат цікавага.

Да разважанняў маёй гераіні хочацца дадаць: сустрэць напачатку свайго жыццёвага шляху настаўніка па прызванні, які па-сапраўднаму гарыць сваёй справай, — гэта таксама шчасце. Добра, што ў навучэнцаў Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа такая сустрэча адбылася. 

Алена БРАВА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю