Акрамя таго, у нашай краіне ў першыя выхадныя верасня стала добрай традыцыяй святкаваць Дзень беларускага пісьменства, самы актыўны ўдзел у якім прымаюць тыя, хто стварае сучасную літаратуру.
Штогод Саюз пісьменнікаў Беларусі рыхтуе новую праграму як своеасаблівую справаздачу перад чытачом. Што сёлета адметнага будзе прадстаўлена ў Лідзе? Якія творчыя сілы задзейнічаны? Пагутарылі з першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах.
— Алена Анатольеўна, з якім настроем пісьменнікі едуць у Ліду?
— З радасна-ўсхваляваным — я б вызначыла так. Па-першае, гэта магчы-масць сустрэцца вялікай кампаніяй, дзе кожны адзін аднаму амаль сваяк (нас звязвае творчасць). Па-другое, новы горад, новыя ўражанні. Свята, якое штогод пашыраецца, ахоплівае самыя разнастайныя сферы, звязаныя з духоўнасцю, пісьменствам. Пісьменніку вельмі ганарова адчуваць сваю прыналежнасць да высокай айчыннай культуры, да літаратурных традыцый, спадчыны нашых класікаў. Гэта сапраўды натхняе, заахвочвае больш старанна служыць слову.
— Вы ўжо былі ў Лідзе. Што найбольш уразіла ў гэтым горадзе?
— Пра Лідскі замак не кажу. Гэта само сабой зразумела. Якраз тое месца, дзе трэба быць і бачыць, адчуваць дыханне стагоддзяў. Акрамя таго, вельмі карысна зазірнуць у Лідскі гісторыка-мастацкі музей, адкуль пачаць знаёмства з мінулым і сучаснасцю Ліды. Дарэчы, тут можна затрымацца каля фотаработ члена СПБ Уладзіслава Цыдзіка. Яго выстаўка «Бачу Беларусь такой» будзе доўжыцца да 10 верасня. Далей сцяжыны павядуць у філіал гэтай установы — музей Валянціна Таўлая. Захоплівае асаблівая атмасфера старога будынка, дзе паэт жыў перад вайной. Але, здаецца, ён не пакідаў яго. Многае тут звязана з творцам. У хуткім часе на асобнай паліцы з’явяцца зборнікі сучасных беларускіх паэтаў — святочны падарунак Валянціну Таўлаю.
— Конкурс у гонар Таўлая аб’яўляла Гродзенскае абласное аддзяленне. Як адгукнуліся паэты на такі палымяны заклік?
— Журы конкурсу вельмі задаволена актыўнасцю ўдзельнікаў. Даслана мноства зборнікаў з пажаданнямі аўтараў. Некаторыя з іх укладалі паштоўкі з сімваламі сваіх гарадоў. Словам, кожнаму хацелася спрычыніцца да конкурсу часцінкай сваёй душы. Больш за тое, па кнігах можна рабіць выснову аб развіцці сучаснай беларускай паэзіі.
Яна — лірычная, патрыятычная, грамадзянская, рамантычная. Узнёслае слова паэта будзе гучаць і на свяце. Варта да яго прыслухацца. Гэта тое, што кранае.
— А дзе можна будзе сустрэцца з беларускімі літаратарамі?
— У сталіцу свята літаратары пачнуць прыязджаць ужо ў пятніцу. Магілёўскае і Брэсцкае аддзяленні — першапраходцы. Адлегласці ім трэба пераадолець вялікія, але прыцягненне свята мацней за ўсё!
У суботу да іх далучацца астатнія аддзяленні, каб ужо ў 10 гадзін даць старт двухдзённаму літаратурнаму марафону. Дарэчы, удзел у ім возьмуць амаль 120 пісьменнікаў. Уяўляеце, якая гэта магутная творчая сіла!
Кожнае аддзяленне разам з бібліятэкарамі, выдаўцамі, рамеснікамі будзе прадстаўляць сваю вобласць, а таксама горад Мінск. Праграмы рыхтаваліся загадзя, каб у агульным сугуччы мастацкага слова паказаць літаратурныя асаблівасці свайго краю. Бо кожны куток Беларусі мае свой адметны каларыт. Як вядома, пісьменнікі адлюстроўваюць час, традыцыі, жыццё такімі, якія яны ёсць. І тым каштоўны іх унёсак у нацыянальную культурную скарбніцу.
— Хацелася б даведацца і пра паездку ў Ліду народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца. Кожнае выступленне Мікалая Іванавіча — гэта падзея.
— У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, дзе прызначана сустрэча ў суботу ў 14.30, чакаецца аншлаг. Як мне вядома, і навукоўцы, і пісьменнікі, і жыхары горада хочуць пабачыць легендарнага чалавека, пачуць яго мудрыя словы. Да таго ж Мікалай Іванавіч прыбудзе з так званай групай падтрымкі: народнымі артыстамі Беларусі Эдуардам Ханком і Марыяй Захарэвіч. З такой камандай яўна не засумуеш! Гэтыя людзі прыклад служэння сваёй Радзіме для ўсіх нас.
— Алена Анатольеўна, вы традыцыйна з’яўляецеся аўтарам сцэнарыя канцэрта Саюза пісьменнікаў Беларусі на галоўнай сцэне свята. Што ў праграме гэтым разам?
— Заўсёды сыходжу з таго, каб на галоўную сцэну выйшлі прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў, каб чулася паэтычнае шматгалоссе. Акрамя таго, будуць гучаць песні.
«Узнагародай памяць і жыццё» — так называецца літаратурна-музычная імпрэза. Таму зразумелы і сэнс твораў, якія прагучаць са сцэны. Кожны пастараецца сваё выступленне ўпрыгожыць відэарадам. На экране будуць і фотаздымкі. Яны прадставяць знакавыя моманты з жыцця нашай пісьменніцкай арганізацыі.
На пасяджэнні Сакратарыята СПБ было прынята рашэнне ролю вядучых даручыць Міхасю Пазнякову і мне. Дуэтам мы сапраўды спрацаваліся. Наш канцэрт пачнецца ў 11.30. Запрашаем!
— Свята абяцае сабраць шмат удзельнікаў і гасцей. Што б вы параілі набыць на свяце, такое, каб асабліва запомнілася?
— Несумненна, на Дні беларускага пісьменства варта набываць кнігі. Думаю, што знойдзецца той, хто за 32 гады існавання знакавай падзеі стварыў сапраўдную бібліятэку. Кожная кніга нагадвае пра геаграфію і гісторыю свята. А калі яна яшчэ і з аўтографам аўтара, то наогул калекцыянер — багаты! Але ж кнігі не для калекцыі. Яны для душы. І ў іх укладзена душа. На старонках вядуць дыялог аўтар і чытач. Гэта вельмі прыемная сустрэча!
Чарговы Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе падорыць магчымасць асабістых сустрэч, новых кніжных набыткаў. Пісьменнікі рупяцца ў імя чытаючай нацыі! Няхай пасля свята выдаўцы пахваляцца рэкорднымі продажамі! Нас усіх гэта вельмі парадуе.
Марыя ЛІПЕНЬ