Top.Mail.Ru

Алег Ждан: Добры рэдактар не можа пазбегнуць долі хірурга, а аўтар — долі хворага

Аўтар: Наталля Святлова
28.07.2025 | 07:00

Калісьці, гадоў дзесяць назад, як толькі прыйшла ў «ЛіМ», мне даручылі перакласці на беларускую апавяданне Алега Ждана «Тэлевізар». Яно ўразіла праўдзівасцю і жыццёвасцю. Таму перакладала з асаблівым натхненнем. Гэта было маё першае знаёмства з Алегам Жданам, завочнае, не лічачы вітанняў у калідорах рэдакцыі на Захарава 19, дзе ён тады працаваў у часопісе «Нёман». І вось нарэшце надарылася знаёмства асабістае...


— Алег Аляксеевіч, ваш пісьменніцкі стыль просты, але ў той жа час напоўнены найкаштоўнейшай мудрасцю. Гэта вынік шматгадовага пісьменніцкага вопыту або талент? 

— Дзякуй за пытанне, але, кажучы пра сябе, лепш пазбягаць такіх паняццяў, як мудрасць, талент і падобныя характарыстыкі. Аднак сказаць, што стыль любога пісьменніка — прыродныя здольнасці, — таксама няправільна. Вельмі шмат залежыць ад акружэння, ад таго, якія кнігі ты чытаў у маладосці, нарэшце, ад характару і тэмпераменту, ад пачуццёвага свету кожнага.

— Калі зразумелі сваё прызначэнне пісаць? Ці былі знакі, цікавыя выпадковасці? 

— Можа быць, гэта і можна назваць прызначэннем, але пісаць я хацеў заўсёды і іншай жыццёвай дарожкі проста не бачыў. Што да выпадковасцей... Вось, напрыклад, на другім курсе Магілёўскага педагагічнага інстытута я нечакана для сябе напісаў невялікае апавяданне пра хлопчыка пад назвай «Пупыр», даў аднакурсніку (Браніславу Зубкоўскаму, на жаль, ён ужо пайшоў у іншы свет), і ён спытаў: «Як гэта табе ўдалося?» Пазней напісаў яшчэ апавяданне, і іншы аднакурснік (Іван Валькевіч) упэўнена сказаў: «Будзеш пісьменнікам!» Вось такія цікавыя для мяне выпадковасці. Пазней, праўда, не раз атрымліваў ад лёсу балючыя пстрычкі. А лёсавызначальных знакаў — не, не памятаю.

— У вас ёсць цікавае апавяданне «Апошні сябар» пра рэдактара: «Можа быць, за доўгія гады ён усё ж перастаў спачуваць аўтарам? Але ці моцна спачувае хірург сваім пацыентам? І што калі, лежачы на аперацыйным стале, убачыўшы скальпель, хворы саскочыць са стала: „Не! Ніколі! Ні за што!..“» Як думаеце, можа, проста не станавіцца хворым, каб не трэба было рэзаць? Ці можна пазбегнуць долі хворага?

— Калі казаць пра пісьменніка і яго рукапісы, добры рэдактар не можа пазбегнуць долі хірурга, а аўтар — долі хворага. Хаця нікому не падабаюцца пазнакі на палях твайго рукапісу. Некалькі гадоў таму я апублікаваў апавяданне ў часопісе «Нёман». Рэдактар быў выдатны, паправіў (уставіў) толькі адно слова, але пра гэтае слова мне прыкра ўспамінаць і сёння. Відаць, рэдагаванне стала абавязковым і неабходным у 20-я гады мінулага стагоддзя ў сувязі з масавым заклікам у літаратуру. Нядаўна перачытваў апавяданні Льва Мікалаевіча Талстога: нешта не заўважна там прысутнасці рэдактара. А калі б некаторыя з іх рэдагаваліся, сёння яны чыталіся б з большай цікавасцю.

— У апавяданні «Апошні сябар» закранаецца вельмі тонкая тэма ўзаемаадносін паміж рэдактарам і аўтарам, якія да пэўнага моманту былі сябрамі. Можа, ім лепш не сябраваць, каб потым не расчароўвацца?

— Працуючы рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Нёман», я заўсёды насцярожваўся, калі бачыў на парозе рэдакцыі прыяцеля, які прыйшоў па адказ на рукапіс. Не заўсёды ўдавалася дасягнуць, так бы мовіць, паразумення. Асабліва складана было з членамі Саюза пісьменнікаў. Але — магчыма. І выпадкаў такіх было не так ужо мала. Не з усімі аўтарамі ўдалося захаваць прыяцельскія адносіны.

— Тэма роднай зямлі выразна раскрылася ў вашай творчасці. Як сведчанне — кніга гістарычнай прозы «Князь. Гасударыня. Епіскап». Патрыятызм — паказчык любой сталай асобы?

— Патрыятызм — гэта значыць зрабіць нешта для радзімы. Што можа пісьменнік? Сказаць добрае слова. Перадаць сваю любоў дзецям. Удзельнічаць у культурным працэсе, што не спыняецца ніколі. Мсціслаў — горад невялікі, і практычна па ўсіх вуліцах я бегаў у свой час. Усё гэта не забываецца, наадварот, успамінаецца ўсё часцей. Тым больш, што горад развіваецца, і міжволі параўноўваеш мінулае і сучаснасць. Нават шкада, што цяперашнія маладыя людзі не ўяўляюць, якая пройдзена адлегласць, што было тады, я маю на ўвазе першыя пасляваенныя гады, і дзень сённяшні. І, вядома, нельга не пазайздросціць тым, хто ўбачыць горад праз дваццаць, трыццаць, пяцьдзясят гадоў... Можна толькі парадавацца за іх.

— Вы думалі аб тым, што яшчэ хацелі б напісаць пра Мсціслаў? 

— Хацеў бы напісаць аповесць аб настаўніках, якія вялі нас па жыцці, у тым ліку і аб маёй маці Веры Іванаўне Пушкінай, аб урачах раённай бальніцы. Менавіта яны вызначалі культурны ўзровень жыцця горада. Зрэшты, і сёння ролю педагогаў і ўрачоў цяжка пераацаніць.

— Ці здаралася, што кола вашага жыцця буксавала? Якім дэвізам ці перакананнем вы кіраваліся, зноў набіраючы ход? 

— Канешне, здаралася. Як і ва ўсіх, буксавала яно ў незабыўныя 90-я: жыццё змянялася, на падыходзе былі іншыя сюжэты. Якія? Гэтага пакуль ніхто не ведаў. Дэвіз быў просты: трэба жыць.

— З кім з беларускіх пісьменнікаў у вас склалася творчае сяброўства ці проста цесныя адносіны, хто вам блізкі па працы, па духу? 

— Я быў блізкі з цудоўным Алесем Жуком, найразумнейшым Сямёнам Букчыным, выдатным Валянцінам Тарасам, найталенавіцейшым паэтам Юрыем Сапажковым, незабыўным Уладзімірам Кудзінавым, сумленным і прынцыповым Арнольдам Каштанавым... Алесь Жук працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Чалавек ён быў добры, спагадлівы. Усе яго любілі, ставіліся з павагай. 

Пісьменнік Уладзімір Кудзінаў быў рэдактарам аддзела «Нёмана». Я прыносіў яму свае апавяданні: ён або прымаў, або адхіляў. Вельмі тонкі рэдактар, кампетэнтны, шанаваў творчасць. Арнольд Каштанаў жыў у Мінску, працаваў на Мінскім трактарным заводзе, апублікаваў некалькі буйных твораў, напрыклад «Заводскі раман». Юрыя Сапажкова вельмі цікавілі людзі, іх жыццё. Помню, пазнаёміліся, ён стаў мяне распытваць і слухаў настолькі ўважліва, што, здаецца, нічога больш важнага ў гэтае імгненне быць не магло. Ён працаваў у газеце «Советская Белоруссия». На яго прыкладзе магу сказаць, што прафесійнае не можа быць без чалавечнага.

4_27b.jpg

— «Сёння няма тых пытанняў, якія б не мелі палітычны характар», — сказаў наш Прэзідэнт. Пісьменніку трэба быць і палітыкам? Ці можа ён існаваць па-за грамадскімі праблемамі? 

— Палітык — гэта асаблівая прафесія, няхай пісьменнікі займаюцца сваёй справай. Але праблемы, якімі жыве грамадства, і ёсць найважнейшае. Кожны пісьменнік так ці інакш удзельнічае ў жыцці грамадства. Хтосьці спрабуе зазірнуць у душы сучаснікаў, расказаць пра каханне, кагосьці больш натхняюць пытанні сацыяльныя. Я спрабую сумяшчаць гэтыя задачы.

— Шмат размоў, у тым ліку на самым высокім узроўні, вядзецца пра нацыянальную ідэю. У чым, на ваш погляд, яна павінна заключацца?

— Самае лепшае, калі нацыянальная ідэя ўзнікае спантанна, у сілу жыццёвых абставін, як узнікла ў Савецкім Саюзе ідэя аднаўлення разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі, ідэя мірнага жыцця. Гэта значыць, яна неабавязкова павінна быць дакладна сфармулявана, як шлях, па якім трэба ісці. Думаю, што не многія дзяржавы і нацыі маюць агульнапрынятую нацыянальную ідэю. Можа быць, яна з’яўляецца ў крытычныя перыяды існавання, тады лёгка захоплівае і сэрцы, і розумы людзей.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю