Гісторыя кожнай гераіні паказвае, як патрэбна падтрымка дарослых, каб цябе любілі, дапамагалі. Інакш, застаўшыся адзін на адзін са сваімі думкамі і праблемамі, зусім не дзіцячымі, падлеткі паўстаюць перад няпростым выбарам, як ім выжываць у гэтым свеце. На жаль, не кожны знаходзіць правільнае рашэнне з пункту гледжання нормаў маралі... Такім чынам галоўныя ўрокі моладзь выносіць менавіта са свайго жыцця.
Быццам бы прыадкрываючы інтрыгу сюжэта, твор пачынаецца прысвячэннем усім, каму споўнілася шаснаццаць гадоў, менавіта такімі важнымі словамі: «Хачу сказаць толькі адно: «Калі вам невыносна горка, згадайце, што наперадзе ЎСЁ жыццё. І яно дзіўнае, непрадказальнае, напоўненае цудамі і любоўю. Жывіце, нягледзячы ні на што». І сапраўды, гэта найлепшы пасыл падлеткам, якія бачаць жыццё не так, як дарослыя.
Галоўная гераіня рамана Алена Сінічкіна разам са сваёй сям’ёй месяц таму пераехала ў Мінск з-за павышэння бацькі па службе і таму вымушана пайсці ў новую школу. Адразу з першых старонак з цікавасцю сочыш за тым, з якім хваляваннем дзяўчынка рыхтуецца да знаёмства са сваімі будучымі аднакласнікамі, і раптам, калі чытаеш пра першы дзень у яе новай школе, заўважаеш, што рэальна паглыбляешся ў гэтую поўную выпрабаванняў і ўрокаў жыцця гісторыю, у якой ёсць усё, з чым, на жаль, сутыкаюцца сучасныя падлеткі: булінг, першыя цыгарэты, дрэнная кампанія, навязаныя лідарамі-сяброўкамі правілы і зусім не рамантычны бок стасункаў дзяўчат з мужчынскім полам... Героям кнігі даводзіцца прайсці і праз такія цяжкасці жыцця, як сыход бацькі ў іншую сям’ю або пабоі з-за алкаголю, і нават сутыкнуцца з хваробамі і смерцю бацькоў... Зразумела, у шаснаццаць вытрымліваць такое няпроста. Чытаючы гэты твор, ловіш сябе на думцы, а што сама зрабіла б у тым ці іншым выпадку, як рэагавала б на тую ці іншую сітуацыю? Гэтую кнігу можна параіць для чытання вучням старэйшых класаў, але пры ўмове што падлеткі пасля знаёмства з Карынай, Аленай, Таццянай, Кацяй і іншымі героямі твора абавязкова падзеляцца сваімі думкамі з тымі дарослымі, каму яны давяраюць і хто іх абавязкова зразумее і падтрымае, бо хоць гэты раман і цікавы, але чытаць яго псіхалагічна не так і лёгка. Аднак ён варты прачытання, паколькі ў ім многа ўсяго ўзята сапраўды з жыцця!
Асабліва хочацца падзякаваць аўтару за вобраз Алега Коўтуна, які на сваім прыкладзе паказвае: заўсёды ёсць магчымасць змяніць жыццё да лепшага, не апускаць рук. Калі вучыўся ў пятым класе, яго маці пабачылі ў нецвярозым стане каля сметніцы, і за юнаком замацавалася мянушка «Бомж». Яго цкавалі, абражалі, прымушалі рабіць тое, што ён не хоча ці наогул рабіць не павінен. Менавіта галоўная гераіня Алена станоўча паўплывала на аднакласніка: яна падтрымлівала яго, нягледзячы на тое што па правілах новых сябровак гэта забаранялася.
Ці працягне Алена сяброўства з дзяўчатамі, якія ёй насамрэч не падабаюцца, ці будзе і надалей вучыцца ў новай школе, ці з’явіцца ў яе сапраўднае першае каханне? Пра гэта чытач даведаецца ў фінале рамана.
Завяршаецца кніга мудрым пасылам, які ўкладзены ў словы бабулі галоўнай гераіні. Яна лічыць, што «толькі нам дадзена вырашаць, як жыць: баяцца і азірацца ці ўсміхацца ўсім смярцям назло».
У кнізе «Шаснаццаць» ёсць актуальны сацыяльны падтэкст — тое, што сапраўды хвалюе грамадства, бо пытанне стасункаў бацькоў і дзяцей, пераход падлеткаў у дарослае жыццё адвечныя... На думку аўтара гэтых радкоў, раман можна рэкамендаваць беларускім кінематаграфістам як аснову для будучага сцэнарыя фільма ці нават міні-серыяла. І такім чынам адкрыць новую старонку айчыннага кінематографа, бо такога кшталту стужак беларускай вытворчасці ў нас пакуль няма.
Ірына ПРЫМАК