Супрацоўнікі розных культурных пляцовак штодня прыкладаюць шмат старанняў для таго, каб зацікавіць наведвальніка, і робяць усё магчымае, каб праведзены госцем час быў карысны. Між тым міжнародная акцыя «Ноч музеяў» патрабуе ад прафесіяналаў сферы прыкласці яшчэ больш намаганняў і знайсці для публікі тое, што падштурхне адчыніць дзверы гэтага, а не іншага музея…
Нацыянальны мастацкі прапанаваў праграму «Больш, чым сіні», якая, згодна са звесткамі арганізатараў, сабрала болей як 6,5 тысячы наведвальнікаў. Праходзілі тэматычныя майстар-класы, экскурсіі, квесты, аб’яднаныя развагамі пра значэнне сіняга колеру ў мастацтве... Апроч іншых цікавостак — аромастанцыя «Водар сіняга» ад галерэі «Нос». У Белай зале, дзе сёння дэманструецца «Прагулка» Марка Шагала, са слухачамі сустрэлася неаднастайная каманда выканаўцаў: выступілі, напрыклад, салісты Вялікага тэатра Марта Данусевіч і Тарас Прысяжнюк і хор «Паліфоніка», дыджэі VÈRTIGO і Dasha Pushkina... Куратар «Ночы музеяў» у Мастацкім, загадчыца аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Дзіяна Шантар падкрэсліла, што музей мае рэпутацыю месца, якое ўмее здзіўляць не толькі эксклюзіўнымі выстаўкамі, але і цікавымі насычанымі праграмамі: «У гэтую ноч мы дазваляем сабе крыху „пахуліганіць“».
Так, Мастацкі здолеў уразіць публіку, хоць розныя эмоцыі, звязаныя з арганізацыяй «Ночы музеяў», выклікае часцей Палац мастацтва. Рэспубліканская мастацкая галерэя таксама ўдзельнічае ў акцыі — падчас яе правядзення звычайна праходзіць фестываль «Арт-Мінск», які дазваляе скласці багатую на актыўнасці праграму. Сёлета ў яе ўвайшоў майстар-клас па калажы «Дэканструкцыя» з Юліей Дранец, мастаком і рэканструктарам. Інтэрактыўныя зоны і жывая музыка — у ліку асноўных складнікаў мерапрыемстваў.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры далучыўся да акцыі з «Літаратурным парталам». Гасцям прапанавалі наведаць лекцыі, сустрэцца з пісьменнікамі і творцамі, паўдзельнічаць у літаратурных гульнях, квестах і майстар-класах, а яшчэ — зарабіць літалеры і паспрабаваць шчасце на літаратурным аўкцыёне. Важнай часткай «Ночы музеяў» стала прэзентацыя мастацка-дакументальнага праекта «Экалагічная дысперсія», прысвечанага творчасці мастака-авангардыста Алеся Родзіна. «Назва выстаўкі адсылае да з’явы дысперсіі — рассейвання святла. У кантэксце спадчыны Алеся Родзіна яна набывае метафарычнае значэнне: ідэі мастака працягваюць распаўсюджвацца ў часе і прасторы, пранікаючы ў свядомасць новых пакаленняў.
Кожная работа — гэта асобны сусвет, напоўнены філасофскім роздумам, іроніяй, трывогай і пошукам свабоды», — расказваюць арганізатары. У экспазіцыі дэманструюцца асабістыя рэчы мастака, дакументы, накіды, каталогі і архіўныя матэрыялы. Асобны раздзел прысвечаны супрацоўніцтву Алеся Родзіна з берлінскім Кунстхаўсам «Тахелес» і гісторыі фестывалю эксперыментальнага мастацтва «ДАХ». Стваральнік і куратар праекта — даследчык Зміцер Юркевіч.
Нацыянальны гістарычны музей выбраў для святкавання тэму «Спадчына ў жаночых далонях» і падрыхтаваў інтэрактыўную пляцоўку «Куфар сярэднявечнай прыгажуні», прысвечаную таямніцам упрыгожванняў ранняга Сярэдневякоўя, прастору «Таемная мова кветак», дзе можна было вывучыць кветкавы шыфр, наведаць майстар-клас «Рэтрапаштоўка», а таксама «Кірмаш цудаў»... Сярод лакацый — «Беларускі матыў» (знаёмства з асаблівасцямі нацыянальнага касцюма) і «На музейнай хвалі» (музычны блок).
Тым часам Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падчас акцыі прэзентаваў габелен, прысвечаны 60-годдзю ўтварэння СССР, створаны народным мастаком БССР Аляксандрам Кішчанкам.
Арт-гасцёўня «Высокае мѣста» і Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва парадавалі праектам «На біс!», а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапанаваў праграму «Кола© часу»...
.jpg)
Зразумела, праводзілася акцыя ў розных кутках Беларусі. Так, у Музеі гісторыі Магілёва госці завіталі на прэзентацыю новых музейных набыткаў, выстаўку «Сіла і пяшчота» Ігара Багамазава і Дзіны Янчанкі, сустрэчу з рэканструктарамі клуба «Апошняя мяжа». Сядзіба Ільі Рэпіна «Здраўнёва» пад Віцебскам запрашала на выступленні цымбалісткі Ганны Шаркоўскай, шоу барабаншчыкаў «Baraband», спектакль пра Марка Шагала, майстар-класы па сярэдневяковым танцы. У праграму Музея гісторыі горада Гомеля ўвайшлі перформансы, тэматычная лекцыя «Кулінарныя казкі», майстар-клас па вырабе карнавальных масак, дэманстрацыя аўтарскіх касцюмаў галоўнага мастака Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Таццяны Стысінай у рамках адкрыцця экспазіцыі «Касцюм, які расказвае казку». Між тым некаторыя ўстановы культуры адзначаюць свята і на гэтым тыдні, хтосьці толькі плануе правядзенне «Ночы музеяў». Напрыклад, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей чакае жыхароў і гасцей горада заўтра на святочную праграму «Яна»: у спісе цікавостак — тэматычны квест па экспазіцыі, майстар-клас па стварэнні свечак з натуральных матэрыялаў, выстаўка «Жаночы твар вайны»...
Яўгенія ШЫЦЬКА