Top.Mail.Ru

Акцэнты і маршруты «Лістапада-2025»

Аўтар: Алена Драпко
27.10.2025 | 11:00
Гісторыя, якая змяняе погляд

Усяго тыдзень застаўся да старту ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які будзе праходзіць з 31 кастрычніка да 7 лістапада. Кінафорум сёлета мае дэвіз «Гісторыя, якая змяняе погляд». І выбраць для сябе менавіта такія фільмы будзе магчымасць у васьмі конкурсных праграмах. Лепшыя кінастужкі для кожнай з іх адбіралі з больш як 3600 заявак са 120 краін свету. У выніку ў кінатэатрах сталіцы і рэгіёнаў гледачам пакажуць 155 карцін.

Новая старонка 

— Падрыхтоўка да «Лістапада-2025» ужо выходзіць на фінішную прамую. Дэвіз «Гісторыя, якая мяняе погляд» невыпадковы, таму што сёлета адзначаецца 130-годдзе сусветнага кінематографа, а таксама гэта год, які адкрывае чацвёрты дзясятак і новую старонку ў гісторыі нашага «Лістапада». Таму мы разлічваем на тое, што кожны фільм, у аснове якога найперш цікавая гісторыя і яркія, незвычайныя героі, сапраўды стане для гледачоў адкрыццём, якое хоць крыху зменіць іх погляд на свет, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. — Да кінафестывалю сёлета праявілі вялікі інтарэс ва ўсім свеце. Прадстаўлены як нашы традыцыйныя актыўныя ўдзельнікі: Расія, краіны СНД, Кітай, Індыя, Іран, Пакістан, так і краіны Еўропы і «дальняй дугі». Праграмныя дырэктары раскажуць, наколькі ім было складана адабраць сапраўды толькі самае цікавае і лепшае кіно. Некаторыя кінастужкі ўжо зарэкамендавалі сябе на міжнародных фестывалях, аднак не абыдзецца без навінак і прэм’ер. 

  • У праграме сёлетняга кінафоруму гледачоў чакаюць восем конкурсных праграм. Па прапанове Беларускага саюза кінематаграфістаў і кінематаграфічнай супольнасці ў нас дабавіўся конкурс кароткаметражных фільмаў. Ён дасць магчымасць паказаць сябе маладым аўтарам, якія яшчэ не здымаюць поўны метр, але ўжо маюць жаданне выказацца. Тут атрымалі больш за 2200 заявак. У фінальную праграму выбралі 13 кінастужак. 

— Мы сёлета пачынаем пісаць новую старонку ў гісторыі кінафестывалю «Лістапад». І наш конкурс стаў лідарам па колькасці заявак. Але ў адпаведнасці з рэгламентам, дзе вызначаны хранаметраж у 26 хвілін, мы праглядзелі каля 200 кінаработ, з якіх і выбіралі лепшыя ў праграму, — распавяла праграмны дырэктар конкурсу «Кароткаметражныя фільмы» Вольга Котава. — Ёсць фільмы новыя, прэм’ерныя, а таксама прызёры розных кінафестываляў. І гэта пацвярджае, што кінастужкі цікавыя і вартыя, каб іх паглядзелі. Тэматыка нашай праграмы таксама вельмі разнастайная: ёсць фільмы пра людзей розных узростаў, кінаработы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падрыхтавалі для гледачоў сапраўдную вандроўку па розных краінах свету. 

Прэм’еры і гучныя імёны

Беларускія кінастужкі шырокай аўдыторыі прэзентуюць на Конкурсе нацыянальнага кіно (у праграме 20 фільмаў, усе прэм’ерныя і з розных рэгіёнаў), а таксама работы нашых рэжысёраў убачым і ў іншых конкурсах. Напрыклад, фільмам адкрыцця сёлета будзе спартыўная драма «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі, які яшчэ пазмагаецца і ў конкурсе «Кіно маладых». Усяго там убачым 10 фільмаў, якія адбіралі з крыху больш як 340 заявак. У праграму конкурсу нацыянальных кінашкол увайшлі 27 кінаработ з больш за 200 дасланых заявак. 

Што датычыцца асноўнага конкурсу гульнявых фільмаў, то, па словах яго праграмнага дырэктара Дзмітрыя Марыніна, сярод адабраных стужак ёсць як пераможцы сусветна вядомых кінафорумаў (Каны, Венецыя і Сан-Себасцьян, які цяпер стаў пляцоўкай для сапраўдных наватараў кінематаграфіі), так і шэраг прэм’ер: 

— Ужо ў першы дзень пакажам цудоўны, на мой погляд, фільм гэтага сезона «Сірат» Олівера Лашэ, пераможцу Канскага фестывалю. Гэтая кінастужка — мост паміж пеклам і раем, жыццём і смерцю, паміж ілюзіямі і прасвятленнем. І па гэтым мосце давядзецца прайсці героям. Фільм здымаўся ў мараканскай пустыні. Таксама ў нашай праграме лідары кінапракату з сяброўскіх нам краін, такіх як Венесуэла, Пакістан, Індыя, Кітай, — зазначыў Дзмітрый Марынін. — Яшчэ чакаецца дзве вялікія прэм’еры — фільм «Тамерлан» і кінастужка «Мой дзед», у якой у галоўнай ролі зняўся Уладзімір Гасцюхін. У асноўным конкурсе менавіта гэтай кінаработай будзе прадстаўлена Беларусь. Фільм зроблены ў Расійскай Федэрацыі, але ён абсалютна беларускі па ідэі, па ментальнасці. Сваю кінаработу пагадзіўся прадаставіць і вучань вялікага рэжысёра ХХ стагоддзя Жана Люка Гадара — Фабрыс Араньё. Кінамайстар не толькі даў нам фільм, але і правядзе анлайн майстар-клас. 

У конкурсе негульнявога (дакументальнага) кіно за ўвагу гледача і прызнанне аўтарытэтнага журы будуць змагацца 17 кінастужак. І, як распавёў праграмны дырэктар гэтага конкурсу 

Сяргей Кацьер, сёлета атрымалася вельмі моцная праграма:

— Такой я за апошнія пяць гадоў не сустракаў ні на адным кінафестывалі дакументальнага кіно. 

І гэта зразумела, бо ў нас фільмы-пераможцы папярэдніх кінафорумаў за апошні год. Паверце мне, гэтыя кінастужкі вартыя ўвагі гледачоў. Глыбокае, мастацкае дакументальнае кіно, дзе ёсць цікавыя героі, вострыя сучасныя тэмы, якія нікога не пакінуць абыякавым, — адзначыў ён. 

Не менш цікавымі будуць і іншыя конкурсныя праграмы. Так, для прыхільнікаў анімацыі падрыхтавалі цэлых 47 фільмаў, якія пакажуць у пяці тэматычных падборках. У праграме конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» пабачым у гэтым годзе

6 кінастужак. Пазаконкурсную праграму сёлета сфарміравалі па прынцыпе «мы хочам вам паказаць». У яе трапілі фільмы, якія не ўвайшлі ў конкурсныя праграмы, але іх палічылі патрэбным прадэманстраваць гледачу. Асобна праграмны дырэктар пазаконкурснай праграмы Ларыса Цяліца выдзеліла рэтраспектыўныя і тэматычныя кінапаказы, якія аб’яднаны ў пакет «Залатая калекцыя краін СНД», яны прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У рамках гэтага конкурсу запланаваны і Дні кінематаграфіі замежных краін, майстар-класы, сустрэчы са знакамітымі акцёрамі і рэжысёрамі. 

Адкрыйце для сябе магію кіно

У сваю чаргу старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч адзначыў, што на кінафестывалі «Лістапад» працягваюцца традыцыі культурнага міжнароднага абмену:

— Час цяпер складаны, але насуперак усім цяжкасцям сучаснага жыцця менавіта нашы кіно, мастацтва, культура дораць нам асаблівае святло і магію. І гэта захоўвае і ўзмацняе добрыя адносіны паміж народамі, спрыяе ўмацаванню міру і згоды. 

Яшчэ ён адзначыў, што арганізатары кінафоруму запланавалі шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, пройдуць круглыя сталы, майстар-класы, творчыя сустрэчы. Напрыклад, сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі будзе прэзентавана кніга «Глядзі і помні». 

Традыцыйна пляцоўкамі для правядзення кінафестывалю стануць кінатэатры горада Мінска. Тут пройдуць конкурсныя і пазаконкурсныя паказы. Па добрай традыцыі дэманстравацца фільмы будуць і ў рэгіёнах нашай краіны. Таму гэта сапраўды фестываль, які аб’ядноўвае ўсю краіну. 

Цырымонія адкрыцця з чырвонай дарожкай адбудзецца 31 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Акрамя сустрэчы з зорнымі гасцямі для гледачоў рыхтуюць інтэрактыўную выстаўку прэм’ерных кінастужак Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» апошніх гадоў. На закрыццё фестывалю арганізатары запрашаюць у адноўлены кінатэатр «Масква». Там прысутных таксама будзе чакаць цікавае мерапрыемства. Адзначым, што продаж білетаў на цырымонію адкрыцця стартаваў 16 кастрычніка, 

а з 17 кастрычніка набыць білеты можна і на самі кінапаказы фестывалю. Улічваючы, што на некаторыя сеансы білеты разыходзяцца вельмі хутка, лепш загадзя азнаёміцца з афішай і паспяшацца набыць «пропуск» на ўпадабаныя вамі падзеі «Лістапада». 

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю