Top.Mail.Ru

Агульная песня беларускага жыцця на сцэне тэатра лялек

Аўтар: Ларыса Цімошык
30.12.2024 | 18:30

Не бывае жыцця, якое праходзіць бясследна. Не бывае маленькага жыцця: калі яно ёсць, то за ім глыбокі сэнс, незалежна ад таго, дзе людзі знаходзяцца — у горадзе ці вёсцы, як складваецца іх лёс — шчасліва ці драматычна. Але асобныя лёсы яднаюцца праз агульную песню беларускага жыцця ў спектаклі «Мроіва».


Наша агульнае беларускае шчасце і свае, такія зразумелыя людскія драмы далі падставу для з’яўлення адметнага твора. Яго аўтар — галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Карняг — умее ствараць на сцэне непаўторны свет, таму няма чаго здзіўляцца, што білеты на прэм’ерны спектакль трэба лавіць за месяц — незвычайны ажыятаж. Абазнаныя тэатралы ведаюць: тут варта чакаць самых неардынарных пастановак з пункту гледжання як сэнсу, так і формы. Але справа яшчэ і ў магчымасці адчуць славутую сілу мастацтва, здольную істотна скалыхнуць душу і абудзіць вір думак пра тое, што для нас 

з’яўляецца каштоўным 

Усе спектаклі Карняга неардынарныя, але кожны наступны робіцца з яшчэ большай ступенню вынаходлівасці ды крэатыву. Чытай — таленту (кожны яго адчуе, нават пры тым, што запыты на тэатральныя ўражанні індывідуальныя). Але хто чакае чараўніцтва, той у яго патрапіць. Хто шукае глыбіні, таго яна зацягне і потым доўга не адпусціць. 

Так, напэўна, не адпускае знаёмы па фотаздымках вобраз: бязмежная водная прастора — рэкі, азёры ды балоты, — пасярод якой выспачкі ды кавалачкі зямлі з зялёным лесам ды збудаваннямі. Таму адразу разумееш тэму, калі гэта ўсё з’яўляецца перад намі — у тэатральнай зале. І гэта не фота, бо мы на свае вочы бачым працэс стварэння нашага адметнага свету. Нібыта чорная бездань рэчак ды балот — сканцэнтраваная таямнічасць, з якою навучыліся суіснаваць людзі. Не менш таямнічыя, таму што вырашылі «абрастаць» жыццём і прывязвацца да гэтай мясцовасці, нашы продкі. Пра іх размова. Пра зямлю і радзіму — якой яна паўстае для нас паводле сямейных гісторый. Яе вобраз узнікае на пачатку дзеі. Калі раптам высоўваецца нейкі «турыст» з камерай, пачынае здымаць наваколле ды скіроўвае ўвагу на водную паверхню, усталяваную на сцэне. На нашых вачах яна набывае каласальны памер дзякуючы таму, што здымкі ў рэжыме рэальнага часу выводзяцца на заднік-экран. Глядач бачыць і пазнае ландшафт: на ваду выкладваюць маленькія купкі яркага зялёнага моху — адну, другую, трэцюю... На іх — мікраскапічныя хаткі ды жывёлін. Ого! Беларусь — як на прыгожых здымках, зробленых з вышыні птушынага палёту. Узровень размовы зададзены. 

А далей адбываецца вобразнае ўзнаўленне з інтэрпрэтацыяй мінулага, якое так ці інакш уплывае на сучаснасць. Таму што жыхары балоцістых мясцін — гэта людзі з асаблівымі характарам, памкненнямі і ладам жыцця. Можна было б сказаць словамі класіка: «няма таго, што раньш было». Але як паглядзець. Ёсць нешта вызначальнае для жыхароў гэтай зямлі розных пакаленняў (у розныя часы). Тое, што яны аднолькава адчуваюць, пра што клапоцяцца. Нават калі таго жыцця — як некалі — ужо няма, таму што няма вёскі, адкуль родам бабуля ці маці. Можа, няма і хаты, куды можна прыехаць, калі штодзённая мітусня забірае сілы. І нават калі няма прывязкі да тых мясцін, што далі пачатак роду, застаецца нябачная сувязь з імі, глыбокае адчуванне прысутнасці ў тваім жыцці тых, хто быў «да», таму што яны працавалі дзеля таго, што «пасля». 

...А некалі была вёска, напэўна, немаленькая, крамай ды лазняй — гучыць голас жыхара, які з задавальненнем распавядае пра мінулае сённяшнім гараджанам, якія прыехалі збіраць фальклор ды жыццёвыя гісторыі. Рэальныя расповеды людзей запісаны на стужку, іх жывыя галасы гучаць каларытна і натуральна, таму разумееш: менавіта так гэтыя людзі гавораць у жыцці — проста, шчыра, па-свойму…

Ці яшчэ жанчынка ўспамінае: каго пакахала, з кім пабралася, як дзяцей цягнула фактычна адна, бо ў сужэнца былі свае радасці. Гэта галасы розных людзей, можа, нават з розных вёсак. Але яны дакументальна падмацоўваюць карціну, якая разгортваецца перад вачыма праз 

мастацкія сродкі 

Прыдуманыя персанажы, якія пазначаюць сюжэт (чаго звычайна чакаюць ад тэатра), тут ёсць. Праўда, яны ўмоўныя, хутчэй сімвалічныя, як і сама фабула паказам вясковых клопатаў у розныя поры года. Нездарма побач з адзіным мужчынам, вясковым мужыком (артыст Уладзіслаў Солодаў), з’яўляюцца чатыры жанчыны. Спачатку яны нібыта здані пасярод пустак-балот беларускай зямлі — ходзяць па вадзе, вакол яе гаспадараць і запускаюць жыццё, у тым ліку ў маленечкіх маўклівых хацінках, падобных на шпакоўні. Але ў кожнай з іх створаны адмысловы свет, за якім так цікава назіраць — ажно баішся дыхаць, каб не растварыліся гэтыя мроі-дзівосы. У маленькіх хацінках — мікраскапічны свет, які павялічваецца да рэальных памераў! Варта толькі прыгледзецца. Хатак некалькі, усе нясуць пэўную сэнсавую нагрузку. Як і жанчыны: яны абазначаюць рух часу і пэўны прамежак лёсу чалавека (але можна паглядзець і шырэй). Напрыклад, калі жанчына-вясна (актрыса Ганна Гаспадарык) у вясельнай сукенцы выбірае сабе пару (спачатку — гумовых ботаў, якія стаяць убаку ад вялікай вады), а пасля ідзе з жаніхом пад вянец, то ажывае будынак, у якім на сценах выступаюць абразы. Абліччы святых не надта радасныя: сцены залівае дождж, на падлозе збіраецца вада. Ці гэта нядобрая прыкмета няпростага жыцця?.. 

Вядома, вёска — найперш праца. Ды і само жыццё вяскоўца — суцэльная праца, за якой не бачыш нічога іншага, але ж так наканавана беларусу. Пісаў пра гэта яшчэ Янка Купала ў сваёй «Адвечнай песні» — ёсць прамая адсылка да гэтага твора. У Купалы Мужыку наканавана беспрасветнае цяжкае жыццё ад нараджэння да смерці. Карняг абазначыў завяршэнне жыццёвага цыкла: як напамін пра вялікую некалі вёску паўстаюць крыжы на могілках, якія зацярушвае снегам. Але ж больш важна тое, што кожны са спачылых пакінуў свае плады на зямлі. І ў гэтым надзея. 

Дзіця чакае жанчына-восень (актрыса Надзея Чэча). А ў адной з хацін паўстае прыгожы сад, дзе саспяваюць яблыкі, падаюць ды коцяцца па траве... Жанчына-зіма (Іна Ганчар), як мудрая маці, сочыць за тым, каб у дзяцей усё ішло ладна, а сын заставаўся добрым гаспадаром і надзейным апірышчам для сям’і. Каб перад родам не было сорамна. А гэта яшчэ адзін з умоўных герояў дзеі, хоць і нябачны, але фактычна галоўны. Калі камера зазірае ўнутр адной з хацін, то на задніку сцэны мы бачым убранне, пазнавальнае і тыповае для вёскі, нават з фотаздымкамі сваякоў, якія звычайна займалі галоўную сцяну ў доме. Адкрытыя прыгожыя твары людзей, здымкі сям’і, дзяцей, вайскоўца ў форме — ды шклянка з лустачкай хлеба на стале, каб памянулі…

Ювелірную працу зрабілі людзі, якія вельмі беражліва і з любоўю абставілі той дамок мікраскапічнымі рэчамі — пры павелічэнні яны не страчваюць якасці! Дакладна, нашчадкі руплівых колішніх гаспадароў. Гэта зачароўвае і ўвесь час прымушае захапляцца фантазіяй і вынаходніцтвам стваральнікаў, а ўражанні толькі ўзмацняюцца цягам дзеі. Нездарма сярод датычных да выпуску спектакля акрамя самога аўтара і рэжысёра, мастака-пастаноўшчыка Таццяны Нерсісян (яна, здаецца, здолела ўвасобіць немагчымае) і кампазітара Кацярыны Аверкавай пазначана вялікая колькасць людзей: супрацоўнікі мастацкага цэху і тэхнічных службаў. Дзякуючы іх працы гэты спектакль вылучае 

метафарычнасць і сімвалізм 

З гэтага пункту гледжання спектакль можна назваць інтрыгоўна-інтэрактыўным. Таму што вобразная сістэма вельмі складаная, а гледачу давядзецца мала таго, што для сябе выбудоўваць сюжэт (паводле свайго светаўспрымання), дык яшчэ і счытваць сэнсы, зашыфраваныя ў мастацкай форме. Гэта як асобныя рэчы, якія мы бачым на сцэне (бідоны, боты, слупы), так і дробныя дэталі мікрасвету ў хацінках (а яны не менш значныя). Адбываецца яднанне стыхій, таму што тут зварот да зямлі (яна відавочная і трывалая як глеба пад нагамі, нягледзячы на тое, што чыста па-беларуску ты перажываеш з-за небяспекі дрыгвы, якая можа зацягнуць людзей, але тыя даволі ўпэўнена робяць свае крокі), а часам здаецца, што трымаюцца за паветра (тут хаціны нібыта падвешаны, па паветры ідзе нават кароўка, у пэўнай прасторы гуляе вецер). Вада — галоўная стыхія, з якой усё пачынаецца і развіваецца. Вада пастаянна прысутнічае на сцэне і нават займае там вялікую прастору. Яна пад нагамі артыстаў: па ёй ходзяць, у яе плюхаюцца. Апалоскваюцца з навяснога шэрага металічнага рукамыйніка. Адзін за адным некалькі рукамыйнікаў кранаюць рукі жанчыны — нібыта кароўку доіць. А калі іх перавярнуць — пачынаюць гучаць званы. Па тых, каго ўжо няма? Ці клічуць жывых, каб памяталі, хто яны і адкуль. Каб запалілі свечкі, якія калісьці гарэлі ў храме — агонь там, можа, і згас. Але агеньчык (запал, імпэт) набыў іншую форму існавання. Ён захоўваецца ў людзях, у нашчадках — найлепшых пладах тых, хто жыў да нас. Нездарма ж камера выводзіць на экран выяву самой глядзельнай залы — як часткі таго, што ўзноўлена на сцэне. Кожны з прысутных — частка беларускага свету, які можа мяняцца, але застаецца галоўнае. Як той плод, што раней скаціўся з маленькай яблыні, — ці не ён апынуўся ў руках жанчыны-вясны (артыстка Аляксандра Лакуціна) і сілкуе ў адказны час, калі трэба прызнацца: гэта мая радзіма. 

У ёй — некалькі пакаленняў папярэднікаў, за ёй стагоддзі існавання, пра што нагадвае «Песня пра Зубра» Гусоўскага, словы якой гучаць вельмі арганічна ў спалучэнні з выявай магутнага сімвала Беларусі. Дрыготкі вобраз зубра нібыта выплывае з тумана, але паступова становіцца больш выразным, не адарваным ад сучаснай рэчаіснасці — над ім блакітнае неба, зялёная трава, а вакол вырастаюць дрэвы. Гучаць даўнія словы, але сучасныя рытм, настрой. 

Спектакль атрымаўся візуальна-дакументальна-метафарычны. Ён нараджае алюзіі, гаворыць з намі праз алегорыі, і вынік гэтай размовы будзе ў кожнага свой, у залежнасці ад таго, як уласныя гісторыі накладуцца на ўбачанае. Таму, каб уцягвацца і разумець, даводзіцца станавіцца сутворцам. Але якая ж радасць, калі вобразы раскрываюцца і пачынаюць працаваць у свядомасці. Такім чынам, у кожнага будзе сваё «Мроіва». Але яно нязменна пра тое, як мы працягваем справы папярэднікаў. Гэта пра любоў, але без залішняга пафасу, якая проста ёсць і сагравае, таму што ты частка гэтага ландшафту, у табе ўсё роўна гарыць агеньчык, запалены тут. 

Калі доўгімі зімовымі вечарамі хочацца святла — то вось яно. А ў цемры тэатральнага асвятлення яшчэ і ахінае цеплынёй любові, якая і праз час прарываецца ўсмешкай на вуснах пры думцы аб тым, што нам распавядаюць, ды як жа бліскуча, пластычна, тонка. 

Сапраўднае дзіва!.. 

Фота з сайта Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю