Top.Mail.Ru

Адразу два юбілеі Наталлі Сухаверхавай адзначылі «Каляровым фэстам»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
30.12.2024 | 14:10

З удзелам Нацыянальнага мастацкага музея і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы створана выстаўка твораў Наталлі Сухаверхавай. Экспазіцыя «Каляровы фэст» з нагоды 75-годдзя мастачкі і 50-годдзя яе творчай дзейнасці адкрылася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Да ўвагі публікі — габелены, над якімі аўтар працавала ў перыяд з 1970–1980-х гг. да сёння. 


— Гэтая выстаўка — своеасаблівая рэтраспектыва вялікага творчага шляху аўтара — паўстагоддзя ў мастацтве, — падкрэсліла падчас адкрыцця экспазіцыі дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Усе гэтыя гады Наталля Уладзіміраўна адданая свайму творчаму крэда — служэнню гармоніі, дабру і прыгажосці, вернасці класічнаму ткацтву, нацыянальнай школе габелена. Сапраўды, ёй створана вельмі многа: шматлікія мастацкія тканіны і габелены ўпрыгожваюць многія знакавыя грамадскія інтэр’еры Рэспублікі Беларусь і замежжа. Асобна варта згадаць работы, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Палацы Незалежнасці, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Мінскай гарадской ратушы, а таксама ў Пасольстве Беларусі ў Парыжы. 

Наталля Сухаверхава — з тых мастакоў, якія гатовы аддаваць шмат сіл і часу і на манументальны твор, і на невялікі габелен. Кожная з яе работ — сведчанне вялікіх намаганняў і творчага запалу, працоўнага імпэту. Не кожны аўтар можа гэтым пахваліцца — з гадамі часта страчваецца энергія, згасае душэўнае святло, якое вядзе творцу ў яго вандроўках і дапамагае ў пошуках ісціны, у адлюстраванні прыгажосці. Наталлі Сухаверхавай удаецца захаваць галоўнае, што выяўлена ў яе творасці, — радасць жыцця, шчасце ад сустрэчы з новым днём. 

Між тым адрозненні ў работах розных перыядаў стварэння ёсць, што цалкам натуральна. Калі ў ранніх работах шмат увагі было аддадзена сюжэтам (нельга не захапіцца, напрыклад, спакоем і веліччу габелена «Лён» 1980 года, на якім адлюстраваны жанчыны ў полі), то ў пазнейшых відавочнае засяроджанне на героях, з’явах ды звязаных з імі матывах, настроі (тут можна згадаць шэраг падобных паміж сабой работ, аб’яднаных вобразам каня: «Раніца» 2013 года, «Ізноў дзень» 2014-га, «Начное» 2023-га...); калі работам, створаным у мінулым стагоддзі, уласціва стрыманасць колераў (нават «Сонечная сюіта» 1982 года светлая, але не рэзкая — яна не асляпляе), то ў габеленах апошняга часу Наталля Сухаверхава прыйшла да яркасці і насычанасці, эксперыментуе з кантрастамі (так, сустракае гледача выстаўкі даволі кідкі «Калядны вечар» 2013 года). Да таго ж у творах апошніх двух дзесяцігоддзяў, прынамсі, тых, што прадстаўлены на «Каляровым фэсце», выразны зварот аўтара да арнаментальнасці. У гэтым — і павага да традыцый, і імкненне да святочнасці. 

Тэма адпачынку і свята з’яўляецца ключавой для творчасці мастачкі. Адпаведныя кампазіцыі займаюць асаблівае месца ў экспазіцыі, напрыклад, зімовая «Прыехала Каляда» (2010) і летняе «Купалле» (2011). Маляўнічыя лірычныя і месцамі казачныя габелены валодаюць нейкай патаемнай сілай, здольнай зачараваць і паланіць. Не паддацца гэтаму ўплыву — значыць не ўбачыць хараства, ідэю вяршэнства якога творца нясе на працягу ўсяго жыцця. 

— Наталля Сухаверхава — не проста мастак-габеленшчык. Гэта наша гордасць, — адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — І «Каляровы фэст» сведчыць пра тое, што аўтар — вельмі чуйны і ўважлівы мастак, творчасці якога ўласціва глыбокая стылізацыя. Яе габелены, што патрабуюць доўгай і карпатлівай працы, заслугоўваюць высокай ацэнкі. 

Выстаўка Наталлі Сухаверхавай «Каляровы фэст» будзе працаваць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага да 26 студзеня. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю