Top.Mail.Ru

Адпачыць душой можна са зборнікам Рыгора Ігнаценкі

Аўтар: Лізавета Крупянькова
12.11.2025 | 17:31
Ціхі голас прыроды

Упершыню зборнік апавяданняў Рыгора Ігнаценкі «На заечых сцежках» быў выдадзены ў 1973 годзе. Аднак творы, напоўненыя шчырым захапленнем роднай прыродай, цікавасцю да яе законаў і таямніц, вельмі спадабаліся чытачам. Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет перавыданне ў мастацкім афармленні Кацярыны Вярбіцкай.

У зборнік увайшлі трыццаць дзве гісторыі пра ўзаемадзеянне прыроды і чалавека. Галоўнымі героямі твораў Рыгора Ігнаценкі з’яўляюцца як прадстаўнікі роду чалавечага, так і жыхары лясоў, палёў, рэк і азёраў. Мяккай вобразнай мовай аўтар быццам запрашае чытача абстрагавацца ад гарадской мітусні, хуткага тэмпу жыцця і паглыбіцца ў чароўны свет прыроды, часткой якога мы з’яўляемся, але часта гэтага не ўсведамляем. Для кагосьці апавяданні Рыгора Ігнаценкі могуць здацца занадта маруднымі, пазбаўленымі дынамічных сюжэтаў і вострых канфліктаў. Аднак менавіта гэтым і прывабліваюць кароткія, але жывапісныя гісторыі. Спакойны стан прыроды моцна кантрастуе з навакольнай рэчаіснасцю, дзе штучны, не ўласцівы чалавеку тэмп жыцця прыводзіць да адчування пастаяннай спешкі, трывожнасці і адарванасці ад уласных патрэб. У горадзе час губляе сваю натуральнасць, людзі падпарадкоўваюцца гадзінніку, які заглушае ўнутраны голас і пакідае толькі адчуванне спустошанасці. У той час як лес дыхае павольна, згодна з рытмам сезонаў. Чалавек у мегаполісе часта забывае, што ён — частка гэтага свету, частка прыроды.

Апавяданні Рыгора Ігнаценкі вяртаюць нас да каранёў, вучаць назіраць за навакольным светам з дзіцячай зацікаўленасцю, захапляцца звычайнымі рэчамі і шукаць адказы на самыя складаныя філасофскія пытанні ў простым. У многіх творах пісьменнік вядзе размову ад першай асобы, што спрыяе наладжванню сяброўскага дыялогу паміж аўтарам і чытачом. 

У апавяданнях «Вясеннія птушкі», «Цецерукова песня», «Звярыны карагод», «Жоравы трубяць», «Надпіс на дубе», «Бяздомныя птушкі», «Пад чаромхай», «Як я дзікоў напалохаў», «Нахабная зязюля» і іншых праз успрыманне і светапогляд пісьменніка чытач знаёміцца з таямніцамі прыроды, пра якія кожны гарадскі і нават вясковы жыхар ведае па кніжках, але сам з імі ніколі не сустракаўся. З іншага боку, аўтар раскрывае справу паляўнічага, адлюстроўваючы яе не як нешта жорсткае і крыважэрнае, а як цесную сувязь з прыродай, уменне яе разумець і адчуваць. Рыгор Ігнаценка супрацьпастаўляе паляўнічых, якія імкнуцца займець трафей і пахваліцца ім перад знаёмымі, і сапраўдных аматараў сваёй справы, якія вучацца не парушаць законы прыроды, а жыць з ёй у згодзе.

Кніга спадабаецца як дзецям, так і дарослым. Для юных чытачоў яна стане правадніком у чароўны свет прыроды, яе загадак і неверагодных адкрыццяў. А ў дарослых з’явіцца магчымасць запаволіцца, перанесціся думкамі далёка за межы горада і адпачыць душой. Акварэльныя ілюстрацыі Кацярыны Вярбіцкай не адцягваюць увагу ад сюжэта, а гарманічна дапаўняюць атмасферу твора, надаючы яму лёгкасць і паэтычнасць. Выданне падыходзіць пад любы настрой: тут і павучальныя гісторыі, і лёгкія гумарыстычныя апавяданні, і жывапісныя замалёўкі, і трагічныя сцэны, поўныя напружанасці і маральных супярэчнасцей.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю