Top.Mail.Ru

Адкуль бярэцца натхненне?

Аўтар: Лізавета Крупянькова
02.09.2025 | 07:00

Чароўны праект Алы Касцялецкай «Крыніца з пустаты» прэзентавалі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (куратар выстаўкі — Надзея Хмыль). У цэнтры творчага даследавання мастачкі — унутраны космас чалавека, дзе нават сярод бязмернай пустэчы можна знайсці натхненне, духоўнасць і вызваліцца ад цяжару жыццёвых драм.


Ала Касцялецкая жыве і працуе ў Мінску. Яе шлях натхняе і разбурае стэрэатыпы аб тым, каго можна называць творцам. Актыўнае і напоўненае жыццё было спынена трагедыяй: ва ўзросце 22-х гадоў загінуў сын мастачкі. Кожны чалавек па-рознаму пражывае смерць блізкага — тут няма лёгкага ці правільнага спосабу. Ала Касцялецкая апынулася ў аглушальнай прасторы без пачуццяў, з пустатой у сэрцы. Былое напоўненае сэнсам жыццё стала выпаленай пустэчай. Засталася толькі цішыня. Сцяжынку з доўгай адзіноты праклала выпадкова ўбачаная ў краме карціна па нумарах. Упершыню пасля смерці сына ў яе змучаным пакутамі сэрцы зарадзіўся імпульс жадання — жанчына ўзяла ў рукі пэндзаль. Працэс захапіў яе і дапамог выйсці з ватнага здранцвення. Праз кантакт з фарбамі і палатном мастачка зноў знайшла сувязь з навакольным светам, адкрыла для сябе новую мову і цалкам паглыбілася ў яе.

Творы Алы Касцялецкай, у якой няма мастацкай адукацыі, высока ацэнваюць крытыкі і мастацтвазнаўцы. Яна працуе інтуітыўна, самастойна даследуючы свае магчымасці ў перадачы вобразаў, якія нараджаюцца спантанна. Мастачка стварае карціны без эскізаў, дазваляючы натхненню і фантазіі цалкам кіраваць працэсам. Сігнал для пачатку працы — адчуванне, якое захапіла і не адпускае. Успрыманне свету як вялізнага шматузроўневага адзінага цэлага стала асновай яе творчасці.

Першыя работы Ала прысвяціла сыну і пасля больш не звярталася да гэтай тэмы ў творчасці. Мастачку захапілі вобразы вечнасці і касмічнай прасторы, якія сімвалізуюць іншае вымярэнне, духоўнасць і вызваленне. На выстаўцы «Крыніца з пустаты» прадстаўлены касмічныя матывы, якія балансуюць паміж прадметнасцю і абстракцыяй. Творца праводзіць паралель паміж вялікім космасам і ўнутраным светам чалавека, бо абодва не маюць межаў. Яна надзяляе людзей сілай Сусвету — ствараць прыгожае і чароўнае з пустаты. Касмічныя работы «Зорнае прыцягненне», «Моц пустаты», «Святло Белай зоркі», «Музыка вечнасці», «Кольцы Сусвету», «Агонь ачышчальны», «Бясконцае 7», «Зорныя карункі» аб’яднаны адной тэмай — пошукам унураных апор, новых шляхоў, бясконцым працэсам развіцця і сталення чалавецтва.

Пасля «касмічнага» перыяду Ала Касцялецкая пачала працаваць з жаночымі выявамі. Мастачка кажа, што не малюе канкрэтных жанчын, а стварае вобразы, знаходзячы іх у сабе, сваіх ролях у матэрыяльным свеце.

12_32_В.jpg

Паступова жаночыя выявы дапоўнілі пейзажы. Прыроднай лірыкі прысвечана большая частка экспазіцыі, бо менавіта яна з’яўляецца для мастачкі магутнай крыніцай сілы. Творца раствараецца ў ёй. Праз яднанне з прыродай мастачка адчувае сябе часткай вялікага сусвету. Некаторыя краявіды цяжка ідэнтыфікаваць: гэта вада ці неба, зямны пейзаж ці касмічны? Работы зачароўваюць сваёй глыбінёй, спалучэннем канкрэтнага і абстрактнага. Творца выбірае яркія колеры, якія плаўна перацякаюць з аднаго ў другі, выкарыстоўвае тэкстурную пасту разам з залатой і срэбнай паталлю, якая надае карцінам шматмернасць. Ала Касцялецкая любіць гульню змены візуала работы ў залежнасці ад асвятлення. Карціна пры дзённым святле і пры вячэрнім паўзмроку адлюстроўвае зусім розныя станы. Твор мае некалькі прачытанняў, нібы рухаецца і змяняецца на вачах. Таксама мастачка часта дадае ў свае работы карункі, як выявы малекулы ДНК.

Важная і неад’емная частка твораў — тэксты, якія суправаджаюць кожную работу. Іх мастачка піша сама. Тэкст дапамагае ёй лепш усвядоміць сэнс выявы.

Выстаўка «Крыніца з пустаты» прапануе гледачу звярнуцца да ўласнага сусвету, знайсці новыя шляхі і пераасэнсаваць сумныя падзеі ў сваёй жыццёвай гісторыі. І, магчыма, хтосьці пагодзіцца з мастачкай, што пустата — гэта запрашэнне да творчасці.

Праект працуе да 13 кастрычніка. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю