Яго гісторыя пачалася 17 верасня 1955 года, калі набыло моц распараджэнне Савета міністраў БССР аб арганізацыі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Адсюль вядзе адлік наш ТЮГ. Але ідэя арганізацыі тэатра для дзяцей насамрэч нарадзілася нашмат раней, а з красавіка 1931 года стала ўвасабляцца ў жыццё пры сталічным Доме камсамола дзякуючы энтузіязму і энергіі Мікалая Кавязіна, які сам пакаштаваў акцёрскага хлеба.
Мікалай Кавязін папрацаваў настаўнікам малявання, кіраваў драматычным гуртком, таму добра разумеў, што ёсць асаблівая аўдыторыя гледачоў, на якую можна і трэба ўздзейнічаць мэтанакіравана. Тым больш, што ўжо быў прыклад паспяховай працы ТЮГа ў Санкт-Пецярбургу, створанага Аляксандрам Бранцавым у 1921 годзе. Гэта натхняла Кавязіна, і яго аматарская трупа давала спектаклі на розных пляцоўках.
З 1935 года іх «базай» стаў Дом піянераў, які адкрыўся ў Мінску, да вайны наш ТЮГ быў сярод лепшых у СССР, а далей — гісторыя абрываецца. У ваенны час той аматарскі калектыў перастаў існаваць, таму пасля вайны тэатр прыйшлося арганізаваць наноў — і на прафесійнай аснове. — Сваё 70-годдзе наш тэатр адзначае 11 верасня — на гэтую дату запланаваны ўрачыстыя мерапрыемствы. З 11 да
17 верасня пройдзе юбілейны тыдзень у ТЮГу. Мы рыхтаваліся да гэтага моманту амаль цэлы год, — адзначыла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю тэатральнага сезона, дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей. — Па-першае, запрашаем гледачоў пазнаёміцца з вялікай выстаўкай, якая запаўняе ўсе сцены нашага тэатра. За апошні год удалося сабраць унікальную інфармацыю ў архівах музеяў і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На першым паверсе — выстава «Спектаклі ТЮГа вачыма дзяцей». Мы знайшлі ўнікальныя афішы, пачынаючы з 1955-га года, калі тэатр быў толькі заснаваны, — яны склалі экспазіцыю «Тэатральныя афішы праз час». На другім паверсе адлюстравана гісторыя тэатра ў асобах. Мы ўспомнім найлепшых рэжысёраў і дырэктараў, якія працавалі ў нашым тэатры.
Сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі арганізавана вялікая выстаўка «Тэатр, дзе нараджаюцца мары». Таксама пакажам тэатральныя касцюмы, рэквізіт са спектакляў, якія ўжо не ідуць. Для людзей тэатра вельмі важная ўрачыстая частка, дзе найлепшыя і дастойныя атрымліваюць заслужаныяўзнагароды і адзнакі ад дзяржавы. Пасля яе завяршэння — спектакль «Палачанка», нацыянальны праект у пастаноўцы Таццяны Самбук, прысвечаны рэжысёру Андрэю Андросіку і драматургу Аляксею Дудараву. Я лічу іх знакавымі людзьмі як для краіны, так і для нашага тэатра. Завяршаем тыдзень «Дзікім паляваннем караля Стаха» — гэта таксама нацыянальны праект паводле твора Уладзіміра Караткевіча.
З запланаваных паказаў на святочным тыдні для маленькіх — «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе», а для дарослых — «Майстар і Маргарыта». Перад кожным спектаклем абяцаюць вясёлыя музычныя сустрэчы і сюрпрызы.
Здавалася б, клопатаў шмат. Але ў гэтыя ж дні тэатр збіраецца выехаць у Петразаводск, дзе на міжнародным фестывалі пакажа «Майстра і Маргарыту» (акрамя таго, з гэтым жа спектаклем запланаваны гастролі ў Ніжнім Ноўгарадзе, а яшчэ запрасілі ў Дубай і ў Стамбул з дзіцячай казкай і навагоднім паказам — гарачыя краіны папрасілі прывезці ім крыху зімы). Гастролі — прыемная і карысная для тэатра справа. І калі ўсё добра прадумана, то і публіка родная не засумуе: калі з’язджаюць нашы, значыць, нехта прыедзе да нас. У сярэдзіне юбілейнага тыдня (12 верасня) у беларускім ТЮГу будуць госці з Санкт-Пецярбурга — тэатр, які носіць імя легендарнага Бранцава і стаў заснавальнікам усяго цюгаўскага руху наогул у свеце. Заключная прэм’ера піцерскага тэатра — «Першае каханне» — пройдзе на беларускай сцэне ў пастаноўцы Галіны Зальцман. Калектыў з Піцера прывязе яшчэ і казку «Дзядзька Фёдар, Пёс і Кот», якую там паставіла добра вядомая нам Таццяна Самбук. Яна ж аўтар прэм’еры, якая ўжо адбылася напярэдадні ўрачыстасцей. Так званы «перадсезон» адзначыўся паказам «Макбета» Вільяма Шэкспіра ў пастаноўцы Таццяны Самбук.
Наогул у юбілейным сезоне ТЮГ абяцае мінімум тры прэм’ерныя пастаноўкі, дзве з іх пакуль трымаюць у сакрэце. Але чакаецца, што вясной на вялікай сцэне рэжысёр Ігар Казакоў увасобіць нацыянальны праект. Спектакль па антычнай драматургіі павінен з’явіцца ў супрацоўніцтве з армянскім рэжысёрам Каро Балянам. Добра вядомая тэатральнаму Мінску Сусана Цырук, якая цяпер з’яўляецца галоўным рэжысёрам ТЮГа імя А. Бранцава, збіраецца на беларускай сцэне паставіць музычны спектакль «Беспасажніца». Усё ж гэты тэатр павінен працаваць з творамі са школьнай праграмы і плануе выпускаць такія спектаклі раз ці два на год. Акрамя таго, у ТЮГу чакаецца новая навагодняя казка. Пастаноўку ажыццявіць Ганна Джамілашвілі. З 20 да 7 снежня гэтая казка будзе ісці 3–4 разы на дзень, а білеты ў продажы ўжо з ліпеня. Колькі б ні казалі, што ТЮГ — тэатр для ўсіх, асноўная яго аўдыторыя ўсё ж складаецца са школьнікаў і «дашкалят»...
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА і з сайта тэатра