У Мінску адбылася важная для беларускай літаратуры падзея: на доме па вуліцы Я. Купалы, 11, дзе жыў выдатны пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Савіцкі, урачыста адкрылі мемарыяльную дошку.
Гэты адрас добра знаёмы многім прадстаўнікам літаратурнай супольнасці, бо пры жыцці Алеся Ануфрыевіча яго кватэра была месцам цёплых сустрэч і гутарак.
Пісьменнікі часта заходзілі, каб абмеркаваць творчыя задумы і проста паслухаць мудрыя словы чалавека, які прайшоў праз суровыя выпрабаванні.
У гады Вялікай Айчыннай вайны юнак са зброяй у руках змагаўся за свабоду роднай зямлі. Яго баявы шлях пачаўся ў партызанскіх атрадах на Віцебшчыне, а пасля вызвалення Беларусі прадоўжыўся ў радах Савецкай Арміі. На яго рахунку — дзясяткі знішчаных варожых эшалонаў, разбураныя масты ў тыле праціўніка, удзел у вызваленні Літвы, Польшчы, у штурме Берліна.
Алесь Савіцкі быў тройчы паранены, але выжыў, каб праўдзіва расказаць пра вайну, яе жахі і нязломны дух беларускага народа. Быў у яго біяграфіі і такі факт: больш за 50 гадоў ордэн Славы чакаў свайго героя. Гвардыі радавы Аляксандр Савіцкі быў прадстаўлены да ордэна загадам камандзіра 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса ад 27 верасня 1944 года.
Пісаць Алесь Савіцкі спрабаваў яшчэ падчас вайны. Першы верш «На смерць сябра» з’явіўся ў 1943 годзе.
Вярнуўшыся з вайны франтавік знайшоў сваё прызванне ў журналістыцы, працаваў у рэдакцыі полацкай абласной газеты «Бальшавіцкі сцяг». Гэты перыяд стаў для яго асаблівым, бо менавіта ў 1948 годзе на старонках газеты пабачыў свет дэбютны аповед «Рыбацкае шчасце».
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі калегі адзначалі, што ў сваіх творах Алесь Савіцкі раскрыўся як майстар глыбокай псіхалагічнай прозы, які ўмеў тонка перадаваць унутраны свет герояў. Не менш значным унёскам у скарбонку айчыннай літаратуры сталі яго дзіцячыя кнігі.
Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, дзяліўся ўспамінамі пра шматлікія сустрэчы Алеся Савіцкага з моладдзю. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч прыгадаў сумесныя паездкі ў Полацк, наведванне месцаў незабыўнай маладосці. Ліліяна Анцух, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці», распавяла пра плённае супрацоўніцтва з пісьменнікам. Яна адзначыла, што кніга «Сонца адно на ўсіх», якая выйшла ў серыі «Асоба і час», дае магчымасць прасачыць творчы шлях пісьменніка, больш даведацца пра яго як чалавека.
Ініцыятарам стварэння дошкі і яе фундатарам стала сям’я Алеся Савіцкага.
— Калі ўнук Яўген звярнуўся з такой прапановай, мы, безумоўна, яго падтрымалі, — расказвае першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — Разам са скульптарамі абмяркоўвалі, як будзе выглядаць дошка.
Мудры, светлы позірк Алеся Савіцкага накіраваны ўдалячынь. Побач — сосны. Яны яму шумяць аб неўміручасці подзвіга пісьменніка-франтавіка і яго незабыўным мастацкім слове.
Марыя ЛІПЕНЬ
Фота Віктара Паўлава