Top.Mail.Ru

Абвешчаны імёны пераможцаў конкурсу «Viva Kola Art»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
25.12.2025 | 13:45
Імкнуцца да дасканаласці

Арганізатары праекта (Беларускі саюз мастакоў, Беларуская федэрацыя веласіпеднага спорту, Веласіпедны клуб «Мінск» і Рэспубліканская мастацкая галерэя), а таксама шматлікія партнёры, якія заснавалі для ўдзельнікаў спецыяльныя прызы, уручылі ўзнагароды найлепшым аўтарам. Назавём пераможцаў і пазнаёмім з некаторымі работамі малавядомых мастакоў. 

Што датычыцца асноўных намінацый мастацкага конкурсу, то прызы за «Творчы дэбют» атрымалі Варвара Лютарэвіч і Мікіта Янчарскі, першае месца — у маладога мастака Ігната Інькова: яго мінімалістычная скульптура «Трэкавы гоншчык» (2025), у якой адлюстроўваюцца найперш хуткасць і дынамізм, падкрэслівае вяршэнства спорту ў жыцці кожнага, хто жыве спаборніцтвамі. 

Найлепшымі жывапісцамі сталі вядомыя майстры Васіль Касцючэнка («21», 2025), Сяргей Пісарэнка («Зімовыя гульні», 2018), Іван Семілетаў (серыя «За гарызонтам — бясконцасць»). Падобная сітуацыя і ў катэгорыі «Мастацкая фатаграфія» — перамога ў вядомых прафесіяналаў: у Вадзіма Качана за серыю «Фатаграфіі мінулых гадоў», у Васіля Зянько за серыю «Жыццё аднаго кола», ва Уладзіслава Руты за «Кругаварот: восеньскае раўнадзенства» (2025). А ў «Рэпартажнай фатаграфіі» ўзнагароды дасталіся Ірыне Ляшчовай, Ігару Сцепанцову і Юрыю Карпечыну.

Знаёмыя аматарам сучаснага беларускага мастацтва імёны і ў намінацыі «Графіка». Тут журы размеркавала пераможцаў наступным чынам: Лізавета Пастушэнка («Мінск», 2025) стала першай, Леанід Вялічка («Кола ў гісторыі свету», 2025) заняў другое месца, Усевалад Швайба («Сізіф», 2025) — трэцяе. 

Найлепшымі скульптарамі ў рамках «Viva Kola Art» сталі Уладзімір Слабодчыкаў за твор «Раўнавага» (2010) і Сяргей Гумілеўскі за работу «Футбаліст» (2023). Трэцяе месца заняла Ірына Швец: яе ўзнагародзілі за «Гімнастку» (2018) — увасабленне грацыі і лёгкасці, сілы і трываласці, энергіі і грацыёзнасці ў руху. Галоўнае, што ўдалося перадаць аўтару, — імкненне спартсмена да дасканаласці, і гэтая акалічнасць, пэўна, паўплывала на выбар журы. 

У катэгорыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» прызы атрымалі Міхаіл Шыкаў («Колы часу», 2025), Анастасія Чадзій адразу з двума творамі (яшчэ больш можна ўбачыць на яе персанальнай выстаўцы «Палессе» ў галерэі «DK» да 18 студзеня) і Валянціна Іванькова («Самы смелы» (2025) з серыі «Гульні майго дзяцінства»). Найлепшымі стваральнікамі арт-аб’ектаў сталі Іван Сямілетаў

(«Шахматы», 2017), Юлія Мацура («Дзень і ноч. Гульні горада», 2025) і аўтарскі тандэм Сяргей Ашуха і Кацярына Шымановіч, якія прадставілі развагі на тэму спорту як рэлігіі. 

Гран-пры заваяваў Рыгор Несцераў з работай «Лета» (2020). Яна прыцягвае ўвагу найперш адчуваннем лёгкасці і бесклапотнасці, выяўленымі блізкасцю да прыроды, уцёкамі ад мітусні. А «Прыз сімпатый гледачоў» за карціну «Падарунак лёсу» (2025) атрымаў Аляксей Карабельнікаў. Ён, прыхільнік рэалізму, імкнецца зафіксаваць побыт, праз які адлюстроўваюцца асаблівасці пэўнага часу, пачуцці і ўражанні людзей. Магчыма, гэтая прастата, сапраўднасць і канкрэтнасць і падкупілі публіку. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю