З першага дня «Арцель» чакаў шырокі поспех. Штогод цікавасць да аб’яднання толькі павялічвалася. Сёння «Арцель» (праз 20 гадоў!) стала нацыянальным брэндам, своеасаблівым знакам якасці нашай краіны.
«20 гадоў назад, у самым пачатку існавання „Арцелі“, узнікла адчуванне тупіковасці канкрэтнага гістарычнага шляху не толькі беларускага, але і сусветнага мастацтва і неабходнасці радыкальнага павароту ў яго кірунку. Свет, разарваны на часткі, ператвараецца ў бессэнсоўны і дэпрэсіўны хаос, і толькі разуменне нашай прыналежнасці да вечнага і незнішчальнага цэлага надае яму сэнс, гармонію і сапраўдную прыгажосць...» — піша тэарэтык мастацтва, лідар аб’яднання, вядомы беларускі мастак Рыгор Несцераў.
Да 20-годдзя з дня заснавання «Арцелі» мастацкае аб’яднанне сумесна з Саюзам мастакоў Беларусі арганізавалі выставачны праект «Мара і рэальнасць» у Музеі імя Д. Д. Жылінскага ў Сочы. На выстаўцы прадстаўлены фрагмент 20-гадовага перыяду станаўлення «Арцелі», дзе на фоне нарастаючай міжнароднай напружанасці, негатыву, нецярпімасці і фанатызму ў душах мастакоў смела праявіліся пошукі святла, гармоніі, дабра, прыгажосці і чалавечага ўзаемаразумення. Вельмі важна, каб мастацтва садзейнічала духоўнаму развіццю грамадства, дапамагала знайсці адказы на злабадзённыя пытанні і адшукаць любоў і спакой у сваім сэрцы.
Дамінантай выстаўкі стала ідэя цеснага перапляцення дабра і зла, святла і цемры, прыгажосці і пачварства. Мастацтва спрабавала знішчыць зло і пачварства нянавісцю і разбурэннем, аднак гэта прывяло да пашырэння недаверу і дэпрэсіўнага настрою сярод грамадства. Каб вярнуць сілы, патрэбны мара і вера ў магчымасць паляпшэння нашага жыцця, любоў, спагада і цярпімасць да недахопаў блізкага. Вядомы вучоны, які адкрывае новыя шляхі ў навуцы, і мастак, які шукае прарыў у будучыню, падобны ў сваім імкненні знайсці праўду, якая так неабходна нашаму грамадству.
На выстаўцы «Мара і рэальнасць» у Музеі імя Д. Д. Жылінскага было прадстаўлена больш за 50 работ, удзел прынялі 20 беларускіх мастакоў, сярод якіх Валянцін Губараў, Уладзімір Ганчарук, Аляксандр Даманаў, Васіль Касцючэнка, Аляксей Несцераў, Рыгор Несцераў, Сяргей Пісарэнка, Аляксандр Шыбнёў, Дзіяна Шоўк, Алена Шлегель. Кожны аўтар дэманструе свой асабісты погляд на навакольны свет праз індывідуальны почырк, непаўторны стыль і творчую пазіцыю. Работы хочацца разгадваць, шукаць схаваныя сэнсы і проста натхняцца майстэрствам беларускіх жывапісцаў. Творчасць удзельнікаў выстаўкі — гэта акно ў іншы свет, дзе свае правілы і законы.
Рыгор Несцераў падкрэслівае: «Сёння грамадства стамілася ад пустэчы і небыцця адмаўлення, яно шукае пазітыў, веру, што дае сілы для практычнай дзейнасці, а мары — як мадэль заўтрашняга дня. У свеце заўсёды было шмат пакут і гора, аднак чалавек верыў у лепшую будучыню, у магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на Зямлі. Без пошуку ідэалаў, дабра, гармоніі і прыгажосці грамадства ачарсцвее і спыніцца ў развіцці. З моманту заснавання „Арцелі“ ў 2004 годзе гэтыя прынцыпы сталі асновай нашай творчасці».
Выстаўка «Мара і рэальнасць» мела незвычайны поспех у гледачоў, з-за чаго было вырашана працягнуць яе яшчэ на месяц. Беларускія мастакі падзяліліся вынікам сваёй плённай 20-гадовай працы з усім светам, і мы спадзяёмся, што закладзеныя ў работы прынцыпы справядлівасці, дабра і прыгажосці знайшлі водгук у сэрцах.
Фота з сайта sochiartmuseum.com