Расійская нацыянальная бібліятэка ў гэтым шэрагу святыняў праўды адна з першых, а галоўным жрацом яе вялікасці беларусістыкі тут, без сумнення, з’яўляецца Мікалай Віктаравіч Нікалаеў, якога землякі за вочы называюць Міколам Піцерскім. Менавіта да яго пасылаюць удумлівага чытача, які працуе над той ці іншай загадкай, звязанай з Белай Руссю, бібліёграфы ўсіх аддзелаў публічкі. Калі пашанцуе, непрацяглая кансультацыя з ім дазволіць знайсці амаль гатовы адказ або новы напрамак даследавання і ў любым выпадку зберагчы тыдні і месяцы пошукавай працы ў кнігасховішчах ды архівах, а таксама ўзбагаціцца новымі нечаканымі ведамі. Гутарку Мікалай Віктаравіч заўсёды вядзе падрабязна, грунтоўна, даведваецца аб зацікаўленнях суразмоўцы, вопыце працы, тэматыцы іншых даследаванняў. У залежнасці ад абставін раіць, з чаго пачаць, куды пайсці і да каго звярнуцца.
Але, нягледзячы на даступнасць сустрэчы з мэтрам, не варта думаць, што гэта проста нейкая дзяржаўная паслуга ці выкананне службовага абавязку. Гэта інтэлектуальнае ўзаемадзеянне, нават у нейкім сэнсе сутворчасць, а можа, і сумеснае свяшчэннадзейства, калі жрэц запальвае свечку ў цемры невядомага, дапамагае вандроўніку ўбачыць шлях і вядзе яго за руку першыя некалькі крокаў да жаданай мэты. А таму звяртацца да яго трэба з павагай, і гора таму беларусу, які, прыехаўшы да Міколы Піцерскага, не зможа размаўляць з ім па-беларуску!
Нарадзіўся Мікалай Віктаравіч на Шчучыншчыне ў сям’і рускага вайскоўца. Ад матулінай ласкі ды ад бабулінай казкі ўспрыняў ён салодкую, мілагучную мову сваіх продкаў. Настаўніца ў школе таксама трапілася яму вельмі добрая — дасведчаная, настойлівая ды лагодная. Але ж хлопец скардзіўся на яе, маўляў, гаворыць па-беларуску толькі на занятках.
А вось на летніх канікулах хлопчыку аднойчы вельмі пашчасціла: у старажытны Навагрудак штогод летам накіроўвалася археалагічная экспедыцыя, а арганізоўвала яе знакаміты ленінградскі гісторык Фрыда Давыдаўна Гурэвіч. Працавітая моладзь была ёй патрэбна, таму і змог Мікола паўдзельнічаць у сапраўдных раскопках. Можа, менавіта гэтая падзея і вызначыла яго далейшы шлях, абудзіўшы цікавасць да гісторыі Айчыны. Вопыт палявой працы ды шматлікія археалагічныя знаходкі яшчэ ў дзяцінстве дазволілі яму ўбачыць гісторыю не папяровую, а матэрыяльную, чаго пазбаўлена пераважная большасць кабінетных навукоўцаў. Але вабілі яго і кнігі, лічыў іх велізарным скарбам. Невыпадкова аддаў аднакашніку за «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага самае дарагое, што меў, — калекцыю паштовых марак.
Вучыўся старанна, таму здолеў паступіць на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў тыя часы было гэта зусім нялёгка. Ужо ў студэнцкія гады з’явіліся і першыя яго навуковыя публікацыі па матэрыялах навагрудскіх раскопак, у якіх працягваў удзельнічаць. Шкадаваў толькі, што знойдзеныя артэфакты траплялі ў лепшым выпадку ў запаснікі Эрмітажа, а то і наогул губляліся недзе ў скрынках экспедыцыйных справаздач і знікалі, магчыма, назаўсёды. Падчас вучобы лёс звёў яго са многімі вядомымі прадстаўнікамі беларускай культуры, ды і сам ён сёння з’яўляецца часткай мазаікі культурнага поля сучаснай Беларусі.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працаваў у школе. Урокі гісторыі Мікалая Віктаравіча ў вясковай школцы ў Пастаўскім раёне вельмі падабаліся вучням. Аднойчы яны нават прынеслі свайму настаўніку ў падарунак сапраўдную каменную сякеру, што знайшлі ў агародзе. Аднак цікавасць да гістарычнай спадчыны старажытнай Навагрудскай зямлі прывяла... у Ленінград — у Інстытут археалогіі да Фрыды Давыдаўны, бо хацеў стаць прафесійным археолагам. Але ж наканаваны яму быў іншы лёс: у штаце інстытута вакансій не знайшлося, таму маладога вучонага накіравалі ў Публічную бібліятэку. Спачатку гэтая праца ўспрымалася як часовая, карцела дабрацца да палявых даследаванняў родных зямель. Аднак праз нейкі час нечакана прыйшло ўсведамленне, што яму вельмі пашанцавала: вакол былі незлічоныя беларускія скарбы, якія збіраліся на працягу некалькіх стагоддзяў і схаваны ў кніжных шафах. Яны толькі і чакалі таго, хто будзе іх вывучаць. У фондах бібліятэкі захоўваліся і Полацкае Евангелле, і Біблія Францыска Скарыны, і безліч іншых старажытных беларускіх кніг, часопісаў, газет, карт ды дакументаў. Да таго ж тут яму яшчэ і зарплату плацілі. Усе іншыя беларусісты могуць толькі марыць аб такой працы! З таго часу бібліятэка стала яго домам.
Але ж у хуткім часе прызвалі ў армію. Малады афіцэр Нікалаеў два гады камандаваў артылерыйскім узводам. Адслужыўшы, Мікалай Віктаравіч вярнуўся да кніжных паліц. Працаваў нястомна, і, па законах дыялектыкі, шматгадовае вывучэнне беларускіх рукапісаў прывяло да абароны кандыдацкай дысертацыі, па матэрыялах якой была выдадзена грунтоўная манаграфія «Палата кнігапісная». Праца ж са старадрукамі вылілася ў другую дысертацыю, ужо доктарскую, якая таксама не толькі лягла на паліцу ў Хімках, але і стала асновай двухтомніка «Гісторыя беларускай кнігі».
Істотна Мікалай Віктаравіч узбагаціў беларусістыку і тым, што дапамог надрукаваць факсімільныя выданні шэрагу рэдкіх кніг. Дзякуючы яму з’явіўся таксама «Каталог белорусских изданий кирилловского шрифта XXVI–XVIII веков» у трох тамах.
Зразумела, даследуючы вялікую беларускую кніжную спадчыну ў цэлым, немагчыма не звяртаць увагу на асобныя цікавосткі ды прыемныя дробязі. Мікалай Нікалаеў умее ўбачыць вялікае ў малым і знайсці тое, што прыносіць вялікую карысць і краязнаўцам той ці іншай мясцовасці, і рэлігійным дзеячам, ды і ўсёй беларускай культуры. Сярод раскрытых ім гістарычных загадак трэба згадаць адшуканыя выявы страчаных ікон Навагрудскай Божай Маці (першай і другой) і іх вяртанне вернікам, выяўленыя штрыхі да біяграфій беларускіх гістарычных дзеячаў, знаходкі не апісаных раней старадрукаў — і гэта далёка не ўсё.
Адметна, што, увайшоўшы ў пецярбургскую навуковую школу, засвоіўшы яе грунтоўныя веды і метадалогію, добра папрацаваўшы на яе развіццё, Мікалай Віктаравіч здолеў не растварыцца ў ёй, захаваць свой беларускі менталітэт і не страціць сувязі з Радзімай. Відаць, гэтаму спрыяла тое, што ён сам амаль з першых дзён у Ленінградзе прыцягнуў увагу да сваёй асобы мясцовых беларусаў. Паступова ўцягнуты ў іх арбіту, глыбока ўвабраўшы даўнія традыцыі Яўхіма Карскага, Браніслава Эпімаха-Шыпілы ды Янкі Купалы, Мікалай Віктаравіч усё жыццё спрыяе згуртаванню беларусаў, і яны збіраюцца вакол яго як каля запаленай свечкі. Санкт-Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў, адным з заснавальнікаў якой ён з’яўляецца, ужо тры дзесяцігоддзі штогод праводзіць у Публічнай бібліятэцы канферэнцыю «Санкт-Пецярбург і беларуская культура», першую з якіх у 1992 годзе благаславіла Таццяна Сяргееўна Карская, унучка заснавальніка навуковай беларусістыкі. На гэтыя сустрэчы збіраюцца ўдзельнікі з усяго свету — ад Паўночнай Амерыкі да Паўднёвай Карэі. Даклады канферэнцыі змяшчаюцца ў «Беларускім зборніку» (на сёння апублікавана 8 выпускаў), які робіць і свой унёсак у развіццё беларускай навукі.
Працягвае Мікалай Віктаравіч і выхоўваць новыя пакаленні вучоных, бо Пецярбургскі ўніверсітэт запрасіў яго ўдзельнічаць у атэстацыі выпускнікоў ды весці заняткі з магістрантамі. І да гэтай дзейнасці ён ставіцца адказна — запрашае маладых людзей у залы бібліятэкі, а лекцыі чытае па-беларуску. Добра ведаючы піцерскіх беларусаў, Мікалай Віктаравіч падрыхтаваў унікальны даведнік «Беларускі Пецярбург», у якім падрабязна і ўсебакова прасачыў ролю землякоў ва ўсіх сферах жыцця велізарнага горада, а таксама змясціў кароткія біяграфіі тых, хто зрабіў заўважны ўклад у яго гісторыю. Вось так ён і стаў Міколам Піцерскім — без сумнення, найбольш аўтарытэтным беларусістам Паўночнай Пальміры. Шлях яго быў доўгі, і ў сямідзесяцігадовы юбілей (які сімвалічна супадае з Днём роднай мовы!) пажадаем яму здароўя, моцы, бадзёрасці, новых цікавых знаходак і творчага натхнення яшчэ на доўгія гады.
Дзмітрый ВІНАХОДАЎ
Фота Ірыны МАРОЗАВАЙ