Top.Mail.Ru

Аўтарская інтэрпрэтацыя вечных тэм у жывапісе Юрыя Каралевіча

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.11.2025 | 17:47
На ўзроўні падсвядомасці

Маштабная персанальная выстаўка вядомага беларускага мастака-манументаліста Юрыя Каралевіча адкрылася ў Палацы мастацтва. Праект «Метамарфозы» прымеркаваны да 70-годдзя аўтара і ўяўляе сабой спалучэнне трох філасофскіх паняццяў: архетыпы, міфалогія і метамарфозы. Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, створаны за апошнія некалькі гадоў і дэманструюць новую старонку ў творчасці мастака.

Юрый Каралевіч — прызнаны майстар манументальнага мастацтва Беларусі, чые работы ўпрыгожваюць многія культурныя ўстановы нашай краіны. Ён з’яўляецца дацэнтам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва 

Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і членам Беларускага саюза мастакоў (з 1993 года). Асноўныя кірункі яго творчасці — манументальна-дэкаратыўнае мастацтва і станковы жывапіс, якія спалучаюць у сабе класічныя традыцыі і ўласны мастацкі погляд.

Выставачны праект «Метамарфозы» — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з аўтарскім поглядам на вечныя тэмы праз прызму сімвалізму і філасофіі. У прадстаўленых творах мастак звяртаецца да першапачатковых псіхічных структур калектыўнага падсвядомага — архетыпаў, увасабляючы іх у сімвалах космасу, прыроды і чалавечага жыцця. 

Былы старшыня Беларускага саюза мастакоў, графік і паэт Рыгор Сітніца на адкрыцці выстаўкі адзначыў, што, нягледзячы на талент, не ўсе выпускнікі мастацкіх устаноў адукацыі пакідаюць свой творчы след у культуры краіны. «Прафесійнага ў нашай сферы, шчыра кажучы, толькі пяцьдзясят працэнтаў. Астатнія пяцьдзясят — гэта інтэлектуальнае развіццё, ідэя, якая не дае табе спыніцца на творчым шляху. І калі іх няма, прафесія не ратуе. У лепшым выпадку яна дазваляе зарабіць на жыццё, а вось зачапіцца мезенцам за тутэйшую вечнасць, пра што наіўна марыць кожны сапраўдны мастак, не атрымаецца. Аднак тое, што мы бачым сёння, безумоўна, здзіўляе, а гэта першая і галоўная прыкмета сапраўднага глыбокага мастацтва».

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 40 жывапісных работ, якія адлюстроўваюць разважанні аўтара на шэраг розных і, часам, супярэчлівых тэм. Тут можна ўбачыць рэлігійныя сюжэты («Адам і Ева», «Анёлы і д’яблы»), сцэны са славянскай («Танец агню», «Вянок», «Сцежка на Парнас») і старажытнагрэчаскай («Дафніс і Хлоя», «Танец муз», «Шлях цітанаў», «Давід і Галіяф») міфалогій, эпізоды з гістарычнага жыцця краіны і свету («Кола агульных інтарэсаў», «Святло, пралітае на гісторыю», «Зямля памятае»), зварот да астраноміі («Сузор’е») і інш. Шэраг работ аўтара можна аднесці да экспрэсіўнага сюррэалізму з элементамі сімвалізму. 

Дзякуючы метафізічнай, часам трывожнай, колеравай гаме, дынамічнай кампазіцыі і шматзначным вобразам, творы выклікаюць моцны эмацыянальны водгук і прапануюць гледачу скласці сваё меркаванне наконт вечных філасофскіх пытанняў, паняццяў і з’яў. Выкарыстоўваючы мову сімвалаў, аўтар звяртае ўвагу на складанасць ўзаемадзеяння чалавека з прыродай, чалавека з чалавекам.

Праект «Метамарфозы» працуе да 9 лістапада. Не абмініце!

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю