Top.Mail.Ru

Аўтабіяграфічная паэзія Уладзіміра Хадыкі

Аўтар: Алесь Марціновіч
16.01.2025 | 07:40

Перагортваючы старонкі біяграфіі паэта Уладзіміра Хадыкі, якая, на жаль, кароткая, часам прыходзіць думка: пражыві ён болей, відаць, узяўся б за прозу. Ды не якую-небудзь, а аўтабіяграфічную.

Напрыклад, напісаў бы аповесць. У ёй было б шмат таго, што дазваляе прасачыць праламленне часу ў канкрэтных жыццёвых абставінах. Мяркуйце самі... Мог бы пачаць яе з дзяцінства сваёй маці, якая служыла панам, калі ёй было ўсяго 10 гадоў. І не дзе-небудзь, а ў Мінску. І прачкай была, і швачкай, і кухаркай. Там і пазнаёмілася з Марцінам Хадыкам, які са сваёй роднай вёскі Дудзічы (цяпер Пухавіцкі раён) накіраваўся ў губернскі горад на заробкі, стаў парабкам.


У сям’і нарадзілася 12 дзяцей, аднаго з іх, якое з’явілася на свет 3 студзеня 1905 года ў вёсцы Цітва (гэта таксама колішняя Ігуменшчына), назвалі Валодзем.. Цікавасць да ведаў ён праявіў рана, але авалодваць імі было цяжка, бо давялося дапамагаць сям’і, таму ў 12 гадоў прадоўжыў сямейную прафесію. Будучы парабкам, у Дудзіцкую пачатковую школу хадзіў толькі зімой. Балазе, бацькі пайшлі яму насустрач. Мізэрныя грошы, што заставаліся ў сям’і, давалі яму на кнігі, і хутка ў Валодзі з’явілася невялічкая асабістая бібліятэчка. 

Атрыманых у пачатковай школе і дзякуючы самаадукацыі ведаў хапіла, каб паступіць на Мінскія агульнаадукацыйныя курсы. Пасля іх заканчэння працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета, служыў у Чырвонай Арміі, быў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. І ўвесь час марыў аб вышэйшай адукацыі. Аднак у 1928 годзе да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не дапусцілі, палічылі, што не мае для гэтага дастатковай падрыхтоўкі.

Адмова засмуціла, але жыццёвыя крылы хоць і былі крыху падрэзаны, усё ж трымаліся на вышыні. У Дудзіцкім сельсавеце арганізаваў мастацкую самадзейнасць, кіраваў літаратурным гуртком, сам пісаў вершы. Невядома, ці пасылаў іх у якую-небудзь рэдакцыю, але ўжо ў 1925 годзе ўваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Калі ж служыў у войску, стаў удзельнікам 1-га Усебеларускага з’езда гэтай творчай арганізацыі, які праходзіў 25–29 лістапада ў тым жа 1925 годзе. А з вершамі ўпершыню выступіў у друку ў наступным годзе: «Пуціна срэбная, сінь бору мудрая...» («Чырвоны сейбіт», № 4), «На палянцы беленькай паясок...» («Савецкая Беларусь», 25 снежня), «Беларусь» і «Вясна» («Чырвоная змена», 30 мая). Не прымусіў сябе чакаць і яго першы паэтычны зборнік «Суніцы», які пабачыў свет таксама ў 1926 годзе. 

Знайшлося б у гэтым аўтабіяграфічным творы і месца аповеду аб удзеле ў «ТАВІЗ» («Таварыстве аматараў выпіць і закусіць»). Як вядома, пра яго дзейнасць хоць і захаваліся пэўныя звесткі, яны часам супярэчлівыя. Не заўсёды ўдаецца высветліць, дзе праўда, а дзе жаданне ўсё падаць, як лічыў патрэбным той, хто меў дачынне да гэтай арганізацыі. Калі б больш пражыў Уладзімір Хадыка, цікава было б ведаць і яго меркаванне. 

Несумненна, ён абавязкова падзяліўся б і ўражаннямі ад сустрэч з літаратарамі, якія пісалі пра яго: Сяргей Грахоўскі, Аляксей Зарыцкі, Павел Пруднікаў, Мікола Хведаровіч і іншыя. 

А хіба не цікава было б даведацца, як узнік арыгінальны псеўданім Лухалі, у аснове якога ляжыць пачатак прозвішчаў Максіма Лужаніна, самога Уладзіміра Хадыкі, Сцяпана Ліхадзіеўскага, даведацца, як пісалі яны калектыўныя пародыі. 

Ды гэтага, зразумела, ніколі не будзе. Адно застаецца: уважліва ўчытвацца ў творы Уладзіміра Хадыкі, у лірычным героі якіх пазнаецца ён сам, а праз яго шмат у чым паўстае і рэвалюцыйны час, які прынёс шмат здзяйсненняў. 

Пісаў пра тое, што яго хвалявала, а пры гэтым шмат удзяляў увагі ўдасканаленню творчага майстэрства. Гэта відаць і з яго першай кнігі. Ужо ў назве яе паўстае любасць да краявідаў, знаёмых яму з маленства. Суніцы выступаюць як частка малой радзімы:

Сонца узгорак адхукала ласкамі,
Шоўкам ўзялася травіца, —
І разгарнулісь вясёлымі краскамі
Суніцы.

Уся ж Радзіма паўстае ў вершы «Беларусь». Параўнанне, якое ён ужыў, сёння ў розных варыянтах можна сустрэць у многіх паэтаў. Але ён стаў адным з першых:

Не, не веру, брат, я, каб была прыгажэй
Па пякноце сваёй Швейцарыя!..

Адметную Швейцарыю, што Беларуссю называецца, паказваў шмат у якіх вершах: «Вясна», «Жнівень», «Раніца», «Ой, восень!..» і іншыя. Пейзажныя малюнкі імкнуўся аздобіць вобразамі, якіх у іншых паэтаў не напаткаеш. Для прыкладу: «Патрулі вясковай грэблі, // Радасць дзеляць з намі вербы...» ці «Абапёршысь на бярозку, // Месяц крывіцца на вёску». Альбо «Жвава конік без пугі ў калёсах бяжыць // Па істужцы пясочнай — дарозе...» 

Хоць калі-нікалі страчваў пачуццё густу. Не столькі ў вершах прыродаапісальных, колькі ў творах, у якіх лірычны герой, вітаючы новае жыццё, прыходзіў да катэгарычных меркаванняў: «Хутка куляю мы ссодзім камсамольскай // Бажанят з нябёс», паэтычных рэбусах: «Бульбянай песняй скача ў кашалі», «Маіх дзён ён кудравіць галопы», «Жыццём п’яная думак каса» і іншыя. 

Не ўсё аднолькава значна і ў зборніках «Выбраныя вершы» (1932) і «Радасны будзень» (1935). Але найлепшае ў іх, як і ў першай кнізе, трапляе пад тое, што ён сказаў у вершы «Гудуць слупы»: 

«З сяброў сваіх я самы сціплы лірык». Гэты «самы сціплы лірык» хацеў, каб яго паэзія несла ў сабе «пачуццё паэта, думку грамадзяніна». У найлепшых творах згаданых зборнікаў гэта яму і ўдавалася. Найперш у лірычных цыклах «На ўзвеях дзён» і «Песні з поўдня». Перажыванні лірычнага героя, што тычацца яго ўнутранага свету, паяднаны з грамадзянскімі матывамі. У абодвух выпадках відавочна значнае майстэрства. Глыбокі лірызм цесна знітаваны з высвятленнем свайго становішча сярод іншых людзей.

Як і іншыя маладыя тагачасныя паэты, ён знаходзіўся ў пастаянным мастакоўскім пошуку. Пры гэтым арыентаваўся на творчасць тых аўтараў, якія яму падабаліся. Адна бяда: пры гэтым калі-нікалі слепа карыстаўся іх прыёмамі, на што звяртаў увагу Варлен Бечык, рэцэнзуючы яго «Выбраныя вершы», якія выпусціла Дзяржаўная выдавецтва БССР ў 1956 годзе: «Ён настойліва парушаў розныя лексічныя пласты, напружана шукаў сябе на скрыжаванні розных паэтычных традыцый — пераймаў і засвойваў і Ясеніна („снов березовую радость“), імажынісцкую вобразнасць, і Блока <...>, і вобразную экспрэсіўнасць Асеева». 

Але гэтыя пошукі і плён прыносілі. Як у вершы «На ўзвеях дзён». Лірычнаму герою хацелася «мець свой сад і дом», у якім ён «прымець з пярсцёнкам залатым князёўну дзён маіх». Аналізуючы творчасць Уладзіміра Хадыкі, Рыгор Бярозкін у свой час звярнуў увагу на тое, што гэтым шмат гадоў жыў Мікіта Маргунок з «Краіны Муравіі» Аляксандра Твардоўскага: «Земля в длину и ширину — // Кругом своя. // Посеешь бубочку одну, // И та твоя...»

Народны пясняр Беларусі Янка Купала, па ўспамінах яго сучаснікаў, з прыязнасцю ставіўся да маладых літаратараў, на якіх ускладаў немалыя надзеі. У шэрагу іх быў і Уладзімір Хадыка, але творчая любоў Івана Дамінікавіча да яго спалучалася з патрабавальнасцю. Наколькі гэта праўдзіва, відаць з эпіграмы «Валодзю Хадыку», напісанай у 1934 годзе. Не адмаўляючы яго талент, Янка Купала тактоўна дае і некаторыя парады. Адзначаючы пэўныя задаткі маладога калегі па пяры, клапоціцца, каб ён пазбаўляўся недахопаў, што ёсць у яго творчасці:

Хадыка хадыкае,
Дзябае,
Сто вершаў задумністых
Выбавіў.

Мой мілы, мой добры Валодзя!
Па-мойму, во гэтак здаецца:
«Задумністых» можа ўжо годзе,
А болей — ад сэрца, ад сэрца...»

Уладзімір Хадыка, як сведчыць яго адказ на гэтую эпіграму, з заўвагамі пагадзіўся: «Задумністых вершаў я збаяў // За век свой ці многа, ці мала». Аднак у яго звароце важны адзін момант, на што звярнуў увагу даследчык творчасці Уладзіміра Хадыкі Анатоль Верабей: 

«У. Хадыка напісаў адказ <...> пад назвай „Ад сэрца“, дзе, пераймаючы стыль купалаўскага верша „Я не паэта“, самакрытычна ацэньвае сваю паэзію». І па-свойму запэўнівае, што заўвагі прыме пад увагу:

Я рад зразумелым быць свету,
Дзе даль ледзяная адтала...
А што не здалося дагэтуль, —
Прабачце мне, Янка Купала.

Янка Купала ў эпіграме не толькі вызначыў: каб было «болей — ад сэрца, ад сэрца...» Часам запрашаў яго на сустрэчы з чытачамі. Не толькі для таго, каб жыццё вывучыў, але і каб упэўніўся, як чытачы рэагуюць на напісанае ім. Адна з такіх сустрэч адбылася ў маі 1932 года ў Барысаве на ўрачыстым пасяджэнні бюро РК ЛКСМБ, дзе прысутнічаў гарадскі камсамольскі актыў. З радасцю моладзь вітала пісьменнікаў. 

Найперш народнага песняра, але ён з’явіўся не адзін, а запрасіў з сабой Сымона Баранавых, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Уладзіміра Хадыку, Станіслава Шушкевіча. У такой аўтарытэтнай творчай кагорце цяжка было звярнуць на сябе ўвагу, але, па ўспамінах Станіслава Пятровіча, «Уладзімір Хадыка вельмі ж спадабаўся барысаўчанам. Слухачы пачулі цёплую лірыку, якая кранала душу і сэрца». Былі і іншыя сустрэчы. Нібы прадчуваў, што нядоўгім будзе яго шлях у літаратуры, таму спяшаўся зрабіць як мага больш. Імкнуўся часцей сустракацца з чытачамі, але больш аддаваўся творчасці. Часу для гэтага меў шмат, бо, папрацаваўшы ў 1929 годзе сакратаром рэдакцыі часопіса «Полымя», у 30-я гады мінулага стагоддзя жыў як пісьменнік-прафесіянал.

На тое, што рана выбраў гэты шлях, безумоўна, паўплывала яго вялікая працаздольнасць. Але не ў галіне паэзіі. Высокамастацкія вершы на паток не пусціш. Добра ведаючы беларускую мову, плённа займаўся перакладамі. Прынамсі, пераўвасобіў шмат твораў Максіма Горкага, сярод якіх «Песня пра Буравесніка», «Мяшчане», «На дне», «Дзеці сонца» і іншыя, што склалі пяты і шосты тамы яго Збору твораў, што выйшлі ў Мінску ў 1935 годзе. Дзякуючы Уладзіміру Хадыку беларускія чытачы на сваёй роднай мове чыталі «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава. Ды і раман Кузьмы Гарбунова «Ледалом», пра які высокай думкі быў Максім Горкі. Некаторыя іншыя творы — таксама.

Нізка Уладзіміра Хадыкі «За строем дат і рубрык» (1934), у якой, нельга не пагадзіцца з Анатолем Вераб’ём, «паэт, майстар малых вершаваных форм выявіў здольнасць да маштабнага эпічнага мышлення», заканчваецца такімі радкамі:

...І хай было, што сэрцу не далося,
Што згінула ў гадах, як гук пусты,
Я не засмучаны, што прыйдзе восень
І ацярэбіць дрэвы і кусты.
Душа такой штогодняй змене рада — 
(Хай у ёй свой лёс варожы зброд кляне!) —
І пад суровы вецер лістапада
Мне добра жыць у роднай старане.
Мне добра пець акрэсленей і зычней,
І з новым крокам, новым днём турбот —
Сямнаццаты ўспомніць добры год,
Адсвяткаваць сямнаццаты Кастрычнік. 

Былі ў яго і іншыя Кастрычнікі, ды, на жаль, няшмат. Да чарговага не дажыў: не стала 1 ліпеня 1940 года. Шкада, што і род яго не быў прадоўжаны. Жонку і сына ў Вялікую Айчынную вайну фашысцкія нелюдзі знішчылі ў Трасцянецкім лагеры смерці. А паэзія... Бадай, лепш, як гэта зрабіў Варлен Бечык, не скажаш: «Не ўсё, што было створана Уладзімірам Хадыкам, заслугоўвае безумоўнай увагі чытача. Аднак багата пакінуў ён і даўгавечнага, трывалага — таго, што і сёння пакідае за ім пачэснае месца ў паэтычным страі. Яго паэзія дае нам добры прыклад шчырага, неўтаймаванага і шырокага творчага пошуку новага зместу і новых сродкаў выразнасці. Сёння ўжо не можа быць сумненняў у плённасці гэтага пошуку і яго ўнутранай неабходнасці для самога Хадыкі. І ўсё выразней бачыцца, усё глыбей адчуваецца, што гэты пошук быў патрэбны для ўсёй беларускай паэзіі — для яе грамадскай паўнагучнасці, багацця лірызму, унутранай напоўненасці і разведкі новых шляхоў паэтычнага пранікнення ў душэўны свет савецкіх людзей». 

Хіба што да месца дадаць і нас з вамі, бо, як мне здаецца, некалі сказанае народным паэтам Беларусі Піменам Панчанкам: «Нарадзіў Кастрычнік нас, снежань парадніў», па-ранейшаму актуальнае. Жывём мы ў суверэннай Беларусі, не забываем сваю багатую гісторыю, але ў згодзе і ладзе з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей. Гэта тое самае, што хвалявала і лірычнага героя Уладзіміра Хадыкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю