У Вуглах закончыў тры класы, пасля хадзіў у Доктаравіцкую сямігодку, а потым у Капыльскую сярэднюю школу. Не толькі рана палюбіў літаратуру, але і пачаў пісаць вершы. Вядомым у школе стаў, як засведчыў у сваіх успамінах літаратуразнаўца і празаік Сцяпан Александровіч, з братам якога Ісмаілам Аляксей сябраваў, напісаўшы сатырыка-гумарыстычную паэму «Капрызы фартуны». Была яна «пра школьных сяброў і іхняе жыццё. Хапіла перцу ўсім: і знаёмым вучням, у тым ліку мне з братам, і нашым настаўнікам. Падзеі разгортваліся на фоне капыльскіх навін, падаваліся з лёгкім гумарам і дасціпнымі жартамі».
Дзякуючы гэтаму твору, Аляксей Коршак пераканаўся не толькі ў тым, наколькі вялікай сілай валодае мастацкае слова, але і ў тым, што крытыка не ўсім падабаецца: «Брат паспеў дачытаць паэму да палавіны, як у хату ўварваліся раз’юшаныя героі паэмы. Пачалася валтузня, хлопцы хацелі адабраць і знішчыць сшытак, але дужы Аляксей не даўся». Толькі «<...> пасля героі паэмы дабраліся-такі да таго сшытка і пусцілі яго з дымам...»
Аднак Сцяпан Александровіч чарнавікі сяго-таго з напісанага Коршакам збярог. Захаваўся і пачатак твора, у якім школьны паэт прызнаваўся ў любові да мястэчка, што стала яму родным:
Капыль, Капыль! Мой любы дружа,
Люблю я строгі выгляд твой,
Твайго нардому корпус дужы,
Сады з зялёнаю ліствой...
У працягу таго, што не згубілася, гучаць і гумарыстычныя матывы. Як ні з’явіцца было ім, калі пісаў гэта зусім яшчэ юнаком — вясёлым, здатным на жарты:
Як я люблю дзяўчат спяванні,
Што падпіраюць ноччу плот,
Тваю брахалаўку й Русанкі,
Куды калісь хадзіў Сапот...
О, светлае пары гулянкі,
О, далечы забытых год!
А гэта таксама местачковае жыццё, спісанае з натуры. Зайздросная назіральнасць, уменне стварыць каларытны малюнак, калі нічога лішняга, усё пададзена так дакладна, быццам схоплена аб’ектывам фотаапарата:
Быў ясны дзень, прыгожы, светлы,
Як пчолы, гуў вакол кірмаш,
Хіляўся Эмала так ветла,
Як слуп, стаяў Карповіч наш,
Лузаў гарбузікі Заброцкі,
І цераз плошчу, як жабрак,
Цягнуў карзіну Максімовіч
Высокі й тонкі, як гусак.
Згадваючы гэтыя ўрыўкі, Сцяпан Хусейнавіч мусіў да іх зрабіць тлумачэнне, якое дазваляе лепш зразумець пэўныя рэаліі твора, а таксама даведацца, хто ёсць хто: «У Капылі „брахалаўкай“ называлі цэнтр, дзе звычайна ўвечары збіралася моладзь; Сапот і Максімовіч — вучні; Эмала — капыльскі жыхар; Карповіч і Заброцкі — настаўнікі».
Дарэчы, пажартаваць умелі і сябры Коршака, але даволі жорстка. Па ўспамінах яго сястры Соф’і Спясівых, адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як прызнаўся настаўнікам, што піша вершы. Вучні на ўсё зрэагавалі па-свойму: «Да ганка верхам на кані пад’ехаў хлопец, увайшоў у хату і стаў патрабаваць у маці, якая разгубілася, рукапісы Аляксея.
Што было — забраў і на пытанне, што здарылася з сынам, кінуў: „Арыштавалі!“».
Пасля гэтага «бацька хадзіў з кутка ў куток і выгаворваў маці: „Я табе казаў, правярай, што хлопец піша. Можа, глупства якое. Прапалі мы цяпер“». На сэрцы ў іх адлягло, калі вечарам нарэшце з’явіўся Аляксей. Усміхнуўшыся, ён усё патлумачыў: «Ды пажартаваў ён. (Меў на ўвазе таго хлопца. — А. М.) За што мяне арыштоўваць? Проста па вершы паслалі. Сказалі, каб я ў газету аддаў».
Па ініцыятыве Аляксея ў школе выпускаўся рукапісны літаратурны часопіс «Юнае племя», у якім змяшчаліся вершы, пародыі, празаічныя творы.
У кожным з трох нумароў выступаў і сам. Калі ў 1938 годзе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, падахвоціў і студэнтаў прапагандаваць сваю творчасць. Стаў намеснікам рэдактара рукапіснага часопіса «Наша творчасць». Аднак было відавочна, што здатны на большае, у насценным друку яму было ўжо цесна. Гэта і засведчылі яго вершы на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», калі яшчэ быў дзесяцікласнікам. Адзін з іх — «Ластаўка»:
Простае, звычайнае здарэнне.
Думы ж! Паспрабуй іх супыні.
З поўным песень радасных бярэмем
Ластаўка мільгнула ў вышыні.
А ўвогуле слова «бярэмя» яму падабалася. Прысутнічае яно і ў безыменным вершы, які, як і «Ластаўка», напісаны ў 1938 годзе:
Сабраў я песень звонкае бярэмя,
Гатоў далей ісці жыццём маім,
Ну, дружа мой, я ў сэрцы недарэмна
Назваў цябе таварышам маім.
Гэтае «з поўным песень радасных бярэмем» надзвычай уразіла Міколу Аўрамчыка, на той час таксама дзесяцікласніка: ён заканчваў Цялушскую сярэднюю школу на Бабруйшчыне. Нават успаміны пра Коршака назваў «Бярэмя песень». А перад вайной, стаўшы студэнтамі, вучачыся ў адной групе, хутка пасябравалі. Напісаным з задавальненнем дзяліліся.
Абодвум было чым пахваліцца.
У Аляксея Коршака гэта здзіўляльная метафарычная насычанасць радка, трапнасць параўнанняў, якія, пры ўсёй сваёй нечаканасці, лёгка ўваходзілі ў моўную структуру верша. Аднаго твора «Вечар» дастаткова, каб упэўніцца, што гэта так:
Белы месяц локцем на сасну
Абапёрся й думае аб нечым.
На руках калышучы вясну,
У прасторах марыць шэры вечар.
...........................
Цішыня бязмоўная плыве,
Апускаецца ў кустах ракіты.
Сук бярозы, падаючы, рве
На кускі рачныя аксаміты.
Захапляўся творчасцю Сяргея Ясеніна, але любімым паэтам быў Максім Багдановіч. Яго матывы прыкметны ў шмат якіх творах Аляксея Коршака. Бадай, праўду казаў Мікола Аўрамчык, сцвярджаючы: «Неяк па-багдановічаўску гучыць для мяне, напрыклад, і такая яго мініяцюра:
Горы вакол і смутак.
Кружыцца галава...
Мора, як на далоні.
Скалы і сінява.
Хвалі — авечы статак,
Ветразь крыляе ўдаль.
Ветразь, вазьмі мой смутак
І пахавай між хваль».
Чуйны лірык, ён паказваў свайго героя юнаком, якога пастаянна радавала хараство прыроды, чалавека. У тым ліку і прыгажосць унутраная, праз якую і раскрываўся яго светапогляд. Душу меў песенную, таму часта ў вершах у розных варыянтах сустракаецца слова «песня». Прызнанне ў вершы «Ноч» «Сёння многа я песень // Да цябе прынясу» прамоўлена як бы на адным уздыху, аднак перад гэтым прадумана і ўзважана.
Як і кожны ў яго ўзросце, канешне, жыў і каханнем. Часам і мройным, да нейкага пэўнага чалавека не прывязаным. Ды гэта творам надавала яшчэ большую вабнасць, бо паўставаў як бы абагульнены вобраз той, якая захапляе. І не толькі паэта, што найбольш удала перададзена ў вершы «Дрэмле човен»:
Я такі на свеце ўжо не першы,
Што плыву і ціха, сам сабе,
На вясле пішу алоўкам вершы
Аб дзяўчыне, сэрцы і журбе.
Ты вярніся зноў, як вечар ляжа,
Вось сюды, на бераг, за сяло.
Пра мяне усё табе раскажа
Спісанае вершамі вясло.
Санет жа, які, як і адзін з вершаў, таксама называецца «Вечар», — гэта ўжо напоўненасць класічным размахам. Лірычнаму герою цесна ў сваім часе, яго не задавальняе рэальнасць, у якой жыве. Ён прагне вышыні, жадае зазірнуць у тое, што і палохае сваёй невядомасцю, але адначасова і вабіць нязведанасцю і загадкавасцю. Над зместам твора шмат хто з паэтаў стаў задумвацца пазней. Аляксей Коршак адным з першых у беларускай паэзіі зазірнуў у касмічную далячынь.
Жыў, пісаў вершы з упэўненасцю: буры і навальніцы абмінуць яго маладосць. Не здагадваючыся, што чакае яго тое, што і лірычнага героя паэмы Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады»:
«Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны, // Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны». Пакідалі сталіцу з сябрамі на трэці дзень вайны. Падаліся на ўсход па Магілёўскай шашы. Дамоў вярнуўся праз два месяцы — знясілены, хворы, так і не дагнаўшы сваіх. Не адзін прыйшоў, а з таварышам.
На гэтым выпрабаванні не скончыліся. Нямала перажыў, ратуючыся, каб не адправілі ў Нямеччыну. Праз некаторы час падсцерагла новая небяспека. Фашысты і іх паслугачы даведаліся, што добра ведае нямецкую мову. Прапанавалі стаць перакладчыкам. Запэўніў, што цяжка хворы. Пасля перажытага здароўем сапраўды не мог пахваліцца, але служыць акупантам?! Звязаўся з партызанамі.
З-за трывожных думак не заўсёды было да вершаў. Аднак яны, хоць і нячаста, пісаліся. Прынамсі, яшчэ 1942 годам датаваны твор «Паранены», што даўно стаў хрэстаматыйным:
От і ўсё.
За светлы край азёрны,
За вясну ў палёх,
Неба сіняе ў кроплях зорных
Я навек тут лёг.
Нада мной шуміць ракіта кволая,
Пада мной трава.
Сыплецца на сэрца невясёлая
Злой тугі жарства.
Гэты твор успрымаецца прадчуваннем. Трагічная наканаванасць адчуваецца і ў вершы «Расстрэл», што напісаўся праз год. У ім маналог таго, хто, не скарыўшыся ворагам, развітваецца з жыццём. Відавочны баладны пачатак: «Пад расою густою // Адубелі дубы. // Залатою жарствою // Неба ўслана нібы. // Па-над возерам вербы... // Іх мой шлях не міне. // Тры маўклівыя стрэльбы // Праважаюць мяне. <...> Куляў цэлых пятнаццаць // Нарыхтованы мне». Баладны пачатак узмацняецца фальклорнымі матывамі, у якіх заўважаецца і песенная афарбоўка:
Над курганам, што ўстане
Нада мною тады,
Закрасуецца станам
Дужы дуб малады.
Прыйдзе днямі другімі
К яму сябраў сям’я.
Павітаюся з імі,
Гэты дуб — гэта я.
Напісаў Аляксей Коршак і некалькі вершаў, дзе найбольш адчуваецца яго індывідуальнасць. Першы з іх «***Няхай паціскаюць плячамі...» — свайго роду адказ уяўным апанентам, якія яго асуджалі. Хтосьці, магчыма, у вочы, а нехта і за вочы: «Няхай паціскаюць плячамі, // Няхай сабе кажуць аб тым, // Што я і халодны, як камень, // І шэры я, як дым». Адказ быў адназначны. Час зняволення роднай старонкі не дазваляў паводзіць сябе інакш:
А толькі ж як змокнуць напасці,
Як выйду ў прастораў красу, —
І сэрца, адкрытае насцеж,
Я скрозь панясу.
Усім гэтым гладзенькім, глянцавым
Я кіну ім вокліч жывы:
— А вось яно! От яно! Гляньце вы!
Бачыце вы?!
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пайшоў на фронт. Перапісваўся са Сцяпанам Александровічам. У адным з лістоў прасіў: «Прышлі мне, браток, выразак такіх, якія мяне цікавяць. Ты ведаеш якія. Адносна кніжак. Шкада, што многія з іх у цябе загінулі. У мяне дома нічога цікавага, на жаль, не засталося. Аднак схадзі калі-небудзь да нашых, перагледзь мае кніжкі і забяры цікавейшыя. Бацькам, замест дазволу, пакажы мой ліст. Там дзесьці і мае вершы і сшыткі. Можаш іх забраць усе». Сцяпан Александровіч знайшоў і «матэрыялы да слоўніка беларускай мовы, народныя песні, тэзісы артыкула пра дарэвалюцыйную беларускую паэзію, пачатак нарыса пра Капыль і многае, многае іншае...»
Перад вайной падрыхтаваў рукапіс кнігі «Пялёсткі», які, на шчасце, захаваўся ў яго бацькоў. Яна была выдзена ў 1963 годзе як «Апаленыя пялёсткі». Слова «апаленыя» дадаў Мікола Аўрамчык. Зноў «Апаленыя пялёсткі» выйшлі ў 1993 годзе, дапоўненыя ўспамінамі. Вяртанне памяці пра Аляксея Коршака — гэта і прысваенне капыльскімі ўладамі адной з вуліц раённага цэнтра яго імя.
Алесь МАРЦІНОВІЧ