
— Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, як «Белкніга» святкуе юбілей? Якія мерапрыемствы арганізаваны для аматараў літаратуры?
— У першую чаргу хочацца адзначыць, што «Белкніга» ўвайшла ў юбілейны год з добрымі паказчыкамі: па выніках года прадпрыемства працуе з прыбыткам, актыўна павялічваем тавараабарот, заработную плату. Вельмі важна, што мы захавалі гандлёвую сетку па ўсёй краіне — сёння гэта больш за 80 аб’ектаў як у Мінску, так і ў абласных і раённых цэнтрах.
Што датычыцца святочных праектаў і мерапрыемстваў, сёлета арганізаваны сумесны праект з Саюзам пісьменнікаў і выдавецтвам «Беларусь» — «80 сустрэч з пісьменнікамі ў ААТ „Белкніга“», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і юбілею нашага прадпрыемства. Падчас акцыі ў магазінах «Белкнігі» праходзяць прэзентацыі новых кніжных выданняў, адбываецца знаёмства з сучаснымі беларускімі аўтарамі. І гэта не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах краіны, што спрыяе папулярызацыі айчыннай літаратуры і дзяржаўнага кнігавыдання. Шмат кніжных навінак сёлета прысвечана Вялікай Перамозе: творы гістарычнай тэматыкі, выданні пра генацыд беларускага народа і іншыя трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Жыхароў і гасцей Ліды да Дня беларускага пісьменства чакае падарунак — адкрыццё абноўленай крамы «Кніжны свет», дзе будуць выкарыстоўвацца новыя фарматы ўзаемадзеяння з пакупнікамі, новае зручнае абсталяванне і шмат іншага. Таксама на свяце арганізуем маштабную экспазіцыю, дзе прадставім шматлікія выданні розных тэматычных кірункаў: ад грамадска-палітычных, мастацкіх, гісторыка-публіцыстычных да краязнаўчых, дзіцячых і вучэбна-метадычных.
— Якія кірункі развіцця сёння найбольш прыярытэтныя для «Белкнігі»?
— Акрамя развіцця і мадэрнізацыі рознічнага гандлю, безумоўна, мы выбудоўваем і новыя фарматы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, і новыя каналы прасоўвання кніжнай прадукцыі. У першую чаргу гэта інтэрнэт. У нас ёсць свая інтэрнэт-крама, якая ў тым ліку працуе і як вітрына: спачатку чалавек глядзіць асартымент анлайн, а потым прыходзіць у кнігарню. Але мы ўсё ж такі арыентаваны на рознічны гандаль. Нават пры заказе кнігі анлайн пакупнікі ў большасці забіраюць яе ў кніжнай краме, бо гэта, па-першае, дае магчымасць паглядзець іншыя выданні, а па-другое, набыць дадатковыя тавары.
— У лічбавую эпоху, калі многія чытачы выбіраюць электронны фармат, якімі сродкамі «Белкніга» захоўвае зацікаўленасць аўдыторыі?
— Папулярызуем беларускую кнігу ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах. У нас ёсць YouTube-канал, дзе публікуем інтрэв’ю з беларускімі і расійскімі кнігавыдаўцамі, літаратарамі і інш. Канешне, разумеем, што сёння медыйныя патокі растуць і вельмі розныя звесткі трапляюць у інфармацыйнае поле чалавека. Таму для нас вельмі важна захаваць любоў да кнігі, любоў да чытання. Асабліва сярод маладога пакалення. Сёння мы бачым, што моладзь з’яўляецца значнай часткай нашай аўдыторыі. Назіраем гэта і ў кніжных крамах, і на выстаўках-прэзентацыях. Нягледзячы на стэрэатыпы, трэба адзначыць, што моладзь чытае, і тут перад намі ўзнікае задача — фарміраваць чытацкі густ. Кніжная прадукцыя розная, таму трэба адсочваць, каб была добрая і якасная літаратура. Зразумела, у сетцы «Белкнігі» не будзе месца тым творам, якія супярэчаць нашым спрадвечным каштоўнасцям, дзяржаўнай гістарычнай палітыцы, бо сёння вельмі важна захаваць культурны код грамадства, каштоўнасную матрыцу, традыцыйную для нашага народа, каб працягвалася пераемнасць, а ў грамадстве было адзінства.
— Якія творы айчынных і замежных аўтараў вы можаце назваць асабліва запатрабаванымі ў пакупнікоў?
— Апошнім часам сярод чытачоў рознага ўзросту набіраюць папулярнасць творы гістарычнай і грамадска-палітычнай накіраванасці. Абсалютны бестселер — кніга «Наш Прэзідэнт», якая па рэалізацыі нашмат апярэджвае ўсе іншыя выданні. Толькі праз «Белкнігу» рэалізавана больш чым пяць з паловай тысячы асобнікаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Калі мы ўдзельнічалі ў прэзентацыях кнігі ў абласных і раённых цэнтрах, на свае вочы бачылі тыя вялізныя чэргі людзей, якія хацелі набыць гэтае выданне. Таксама сярод запатрабаваных твораў — «Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі і генезіс беларускага народа» і «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» Ігара Марзалюка, «Сімвалы суверэннай Беларусі», якая толькі сёлета з’явілася на кніжных паліцах, але ўжо раскуплены ўвесь першы тыраж. Безумоўна, не страчвае папулярнасць беларуская і замежная класіка: Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Іван Мележ, Эрых Марыя Рэмарк, Антуан дэ Сент-Экзюперы і інш. Чаму людзі ўсіх узростаў выбіраюць класіку? Думаю, гэта звязана з насычанай інфармацыйнай прасторай, калі звесткі вельмі розныя, а часта і негатыўныя.
І таму людзі сёння хочуць пачытаць тое разумнае, добрае, вечнае, далучыцца да непарушных каштоўнасцей, да кнігі, якая, з аднаго боку, дазваляе адпачыць, а з іншага — прымушае задумацца пра важнае.
— Якім кнігам удзяляеце найбольшую ўвагу? Якія крытэрыі для вызначэння якаснай літаратуры?
— Што датычыцца дзяржаўных выдавецтваў, мы прадстаўляем шырокі спектр прадукцыі айчынных кнігавыдаўцоў, з якімі сумесна працуем. Калі звяртацца да замежнай літаратуры ці да кніг прыватных выдавецтваў, выбіраем выданні ў залежнасці ад продажу ў нашых найбуйнейшых крамах, робім адпаведныя высновы і ўжо пасля маштабуем асартымент у іншых кнігарнях. Безумоўна, улічваем рэйтынг выданняў, асабліва замежных выдавецтваў. Праводзілі мы і невялікія сацыялагічныя апытанні сярод пакупнікоў.

— Будучыня «Белкнігі» праз 10–20 гадоў — якая яна?
— Складана рабіць такія далёкія прагнозы, асабліва ў свеце, які змяняецца кожную хвіліну. Але ўпэўнены, што «Белкніга» ў любым выпадку застанецца ў сістэме дзяржаўнай інфармацыйнай прасторы, будзе своеасаблівым асяродкам культуры і фарміравання чытацкага густу. І лічу, што папяровая кніга таксама застанецца. Нядаўна праводзілася сацыялагічнае апытанне, удзельнікі якога адной з галоўных прычын назвалі задавальненне. Калі чытаеш папяровую кнігу, чуеш шолах старонак, і амаль нічога не адцягвае ўвагу ад сюжэта. Менавіта кніга найперш развівае вобразнае мысленне і дае магчымасць пражыць гісторыю разам з героямі.
Ну, а ў нашых магазінах свая непаўторная атмасфера — атмасфера кніжнага свету, далучэння да мастацкана слова і літаратурнай творчасці. Таму «Белкніга» як рознічны сегмент, як праваднік папяровай традыцыйнай кнігі, які нясе адукацыйную і асветніцкую місію, будзе існаваць яшчэ доўгія-доўгія дзесяцігоддзі.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота Кастуся ДРОБАВА