Перад пачаткам экспедыцыі ў сталічным Свята-Духавым кафедральным саборы быў здзейснены малебен, які ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён адзначыў, што ўдзельнікі экспедыцыі пастараюцца наведаць як мага больш населеных пунктаў і правесці сустрэчы з людзьмі, гаворачы з імі пра духоўнасць, маральнасць і патрыятызм. «Тэмы — любові да Айчыны, гісторыі, культуры нашай краіны, роднай мовы. Гэта ўсё тое, што аб’ядноўвае людзей, і такія сустрэчы патрэбныя», ― падкрэсліў ён. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў таксама звярнуліся міністр інфармацыі Марат Маркаў і намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя.
Адной са знакавых падзей мерапрыемства сёлета стала падпісанне пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Цырымонія адбылася ў Мінскай духоўнай акадэміі. Подпісы пад дакументам паставілі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і міністр інфармацыі Марат Маркаў.
- Міністр інфармацыі падкрэсліў, што гэта неабходнае ў сучасных рэаліях пагадненне. «У Беларусі мы выдаём велізарную колькасць кніг, і гэта добра. Але яшчэ большая колькасць кніг прыходзіць да нас з-за мяжы, і яны часта не адпавядаюць нашым каштоўнасцям ці нават утрымліваюць прамую прапаганду тых каштоўнасцей, якіх не павінна быць у нас. У гэтым кірунку мы заўсёды працавалі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, гэта значыць маніторылі прастору. А ў гэтым пагадненні мы прапісалі норму, што сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой у гэтым кірунку таксама будзем працаваць», — растлумачыў ён.
Марат Маркаў дадаў, што пагадненне паспрыяе выпуску кніг, напоўненых духоўным сэнсам, у якіх адлюстраваны тыя каштоўнасці, што культывуюцца ў нашым грамадстве. «Калі мы не будзем гэтага друкаваць і не будзем гэта культываваць, за нас прыдумаюць іншыя каштоўнасці. Больш за тое, калі знікне інтэрнэт, застанецца толькі напісанае слова, і гэтаму слову будуць верыць. Для нас вельмі важна, каб гэтае напісанае слова было каштоўным для нас, духоўным. Мы не навязваем нікому каштоўнасцей, але вельмі хочам захаваць свае. Натуральна, Міністэрства інфармацыі ў гэтым кірунку будзе сур’ёзна працаваць», — дадаў міністр.
Ён падкрэсліў, што вялікую ролю іграе і інфармацыя, якая сёння распаўсюджваецца. «Інфармацыя — гэта каштоўнасць, якая павінна распаўсюджвацца правільна і шырока. Беларуская Праваслаўная Царква робіць вельмі шмат для духоўнага выхавання, у тым ліку маладых людзей. Мы бачым, што адбываецца, калі гэтыя каштоўнасці страчваюцца», — адзначыў Марат Маркаў.
Таксама падчас падпісання пагаднення было прэзентавана новае выданне Лаўрышаўскага Евангелля, якое ўбачыла свет да 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.
Фота БелТА