Так, многія даследчыкі, якія ў розныя часы разглядалі і вывучалі творчую спадчыну Лейбы Альпяровіча, вылучаюць менавіта лірызм яго работ, адкрытае выяўленне аўтарам эмоцый, пачуццяў, настрояў — сваіх і шматлікіх герояў. Такім чынам, з аднаго боку, падкрэсліваецца глыбока асабісты характар яго творчасці, з іншага — відавочнае стаўленне да аўтара як да прадстаўніка пэўнага часу — даваеннага, які так ці інакш адлюстраваны ў яго творах.
Іначай і быць не можа.
Найболей падрабязна пра творчасць Лейбы Альпяровіча можна гаварыць пасля знаёмства з прысвечанай яго 150-годдзю выстаўкай у Нацыянальным мастацкім музеі (куратарам выступае Кацярына Калянкевіч, кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XIX–XXI стст.). Да 23 лютага ў экспазіцыі мастацтва Беларусі канца XIX — пачатку XXI стагоддзя можна ўбачыць шэраг твораў аўтара з фондаў музея, а таксама фатаграфічныя работы пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея... Тым часам адно з ключавых палотнаў мастака — «Партрэт жанчыны ў белым» канца 1900-х — пачатку 1910-х — дэманструецца на выстаўцы «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў».
Большасць сваіх работ Лейба Альпяровіч не датаваў, і ўжо мастацтвазнаўцы і гледачы адзначаюць пэўныя асаблівасці і змены ў яго творчасці: дзесьці мастак паўстае як рэаліст, недзе прыкметныя імпрэсіяністычныя матывы, шмат дзе відавочнае імкненне аўтара да сімвалізму. Між тым звяртаецца ўвага на мінскі і берлінскі перыяды творчасці жывапісца і графіка. Вядома, напрыклад, што падчас берлінскай паездкі ён працаваў над карцінамі «Берлін увечары. Над Шпрэе» (1906–1909) і «Партрэт Ю. Ю. Клевера» (1907). Гэтую частку праекта дапаўняе «Краявід з месяцам» (1875) Юлія Юльевіча. А вось у другой частцы выставачнага праекта, дзе прадстаўлена графіка, у тым ліку жаночыя партрэты, дэманструецца акварэль «Кветкі» (1910) Н. Макаравай.
Лейба Альпяровіч — з тых мастакоў, многія творы якіх захаваліся толькі дзякуючы выпадку. Варта згадаць добра вядомую выстаўку работ гэтага аўтара, а таксама Юдаля Пэна і Якава Кругера, якая адкрылася ў Віцебску ў 1941 годзе. Калі пачалася Вялікай Айчынная вайна, яна была эвакуіравана ў Саратаў, таму пасля апынулася ў Беларусі. Да таго ж некаторыя творы мастака вернуты з Германіі і знойдзены пасля вайны ў Мінску. Як часта бывае, па крупінках сабраная калекцыя выклікае яшчэ большую цікавасць спецыялістаў і публікі. Ды яшчэ ўлічваючы многія таямніцы — бо нават тых твораў, што сёння вядомы, недастаткова, каб зрабіць падрабязныя высновы аб шматгранным таленце партрэтыста і пейзажыста. Да таго ж не дайшлі да нас і шматлікія звесткі яго біяграфіі. Пра многае ў яго жыцці і творчым шляху мяркуюць з паметкай «прыблізна». Мастацкай спадчыне Лейбы Альпяровіча ўласцівы загадкавасць, недагаворанасць, нейкая недасягальнасць...
Каб скараціць гэтую дыстанцыю, арганізатары і дапоўнілі выстаўку фатаграфічным матэрыялам. Ілюстрацыі зусім не выпадковыя. Вядома, што Лейба Альпяровіч прадстаўляў свае творы на мастацка-прамысловай выстаўцы ў мастацка-прамысловым музеі пры мінскім камерцыйным вучылішчы ў красавіку 1910 года, і ў гэтай жа экспазіцыі дэманстраваліся стэрэаздымкі Фёдара Ястрэмскага, кіраўніка Казённай палаты, эканаміста, члена Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі і Мінскага аддзялення Таварыства барацьбы з заразнымі хваробамі. Работы гэтага фатографа-аматара (я ашчэ І. Метара і невядомага аўтара) і прадстаўлены сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі як напамін аб культурнай падзеі ў жыцці Мінска, як абазначэнне пэўнага перыяду ў гісторыі краіны, як сведчанне няўмольнасці часу.
Фота аўтара