Месца правядзення мерапрыемства выбралі не выпадкова: менавіта вуліца Карла Маркса, дзе месціцца музей, была калісьці роднай для сям’і Скрыганоў: тут прайшлі дзяцінства дачкі пісьменніка, яго творчыя гады. Вядомы і той факт, што Ян Скрыган і Пятрусь Броўка пазнаёміліся ў маладосці і пранеслі сяброўства праз усё жыццё.
Падчас імпрэзы прагучалі ўспаміны пра бацьку Галіны Скрыган, бардаўскія песні аўтарства загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, паэта Міхала Бараноўскага, а таксама вершы Петруся Броўкі і Казіміра Камейшы, урыўкі з празаічных твораў Яна Скрыгана, агучаныя вядучым, знакамітым акцёрам, рэжысёрам Беларускага радыё Алегам Вінярскім. «У творчасці літаратара мяне вельмі захапілі, уразілі яго дзённікі. Ян Скрыган быў тым пісьменнікам, які даваў ім тайну свайго сэрца і споведзі... Яны неверагодна кранулі шчырасцю, літаратурным зместам, шырокім абсягам чалавечага жыцця і псіхалогіяй мастака. Яго лёс і творчасць заўжды будуць вывучацца і адкрывацца», — падзяліўся ўражаннямі Алег Аляксандравіч.
Сярод выступоўцаў былі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама Алена Карповіч, дырэктар Камсамольскай сярэдняй школы Капыльскага раёна Таццяна Алішэвіч (менавіта ў гэтую ўстанову адукацыі пераехаў музей са школы аг. Камень, што захоўваў матэрыялы пра Яна Скрыгана), кіраўнік краязнаўчага музея «Спадчына», дзе сёння месціцца экспазіцыя твораў пісьменніка, Ірына Тагіль, стваральніцы віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «На хвалі часу, у плыні жыцця», у якім прадстаўлена шмат матэрыялаў пра Яна Скрыгана, Таццяна Лаўрык і Юлія Амосава ды іншыя.
Адной з цікавостак святкавання стала прэзентацыя кнігі Яна Скрыгана «Сэрцу горкая далячынь», што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Колорград». Склала кнігу Галіна Скрыган. Гэта ўспаміны пісьменніка, якія яго дачка пераклала на рускую мову.
«Цяпер я гляджу на сваю дарогу як на далёкі сон, мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгай і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я зазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці, надзеі», — напрыканцы жыцця згадваў Ян Скрыган. Сапраўды, падкрэсліла Галіна Скрыган, яе бацька перажыў шмат, пабачыў розныя куткі былога СССР: ад таежных прастораў Сібіры да гарачых стэпаў Ферганы — яго жыццё можна было б пакласці ў аснову сагі... Але згубіцца ў неспрыяльных абставінах і форсмажорных сюжэтах не даваў пісьменніку Чалавек. «Паўсюль такія слаўныя людзі», — зазначаў Ян Скрыган. Сёння суайчыннікі літаратара рупліва збіраюць і захоўваюць памяць пра яго. Два гады таму на Случчыне, дзе нарадзіўся і некаторы час жыў Ян Скрыган, быў усталяваны помнік яму, імя яго змешчана на адной з інфармацыйных інтэрактыўных лавак на Алеі пісьменнікаў у Капылі. Ёсць помнік літаратару і за межамі Беларусі.
Казіміра ШПАКОЎСКАЯ
Фота Яна ЛЫСАГА