Яе галоўная кніга «Пісьмы маёй памяці» ўзрушыла спачатку Беларусь, потым Савецкі Саюз і ўрэшце Еўропу. Невялікая аповесць стала адной з першых кніг-успамінаў пра Мінскае гета. Чатыры разы выходзіла ў Германіі ў перакладзе на нямецкую мову. Друкавалася на ідыш.
Ва ўрыўках — у Польшчы, ЗША, Нідэрландах на мовах гэтых краін. Пяць гадоў таму з’явілася ў Францыі. Нядаўна яе ўпершыню асобнай кнігай выдалі ў Расіі.
Непрыдуманую аповесць Ганны Краснапёркі на беларускай мове «Пісьмы маёй памяці» выдавецтва «Мастацкая літаратура» надрукавала ў 1984 годзе. У Мінску кніжка была ў продажы тры дні, бо чытачам не хапіла накладу ў 12 тысяч экзэмпляраў.
У кнізе больш за сто глаў пра тое, што дзяўчына-падлетак бачыла на свае вочы падчас вайны, а таксама старонкі з дзённікаў былых вязняў Мінскага гета — аднаго з буйнейшых лагераў смерці ў Еўропе. Праз яго прайшлі і загінулі, па адных звестках, 100 тысяч, па іншых — 120 тысяч яўрэяў, у тым ліку прывезеных гітлераўцамі з Заходняй Еўропы. Тысячы жанчын, старых, дзецей...
Ганна — карэнная мінчанка. Нарадзілася 10 верасня 1925 года ў інтэлігентнай яўрэйскай сям’і: бацька — хімік, маці — урач. Вайна абарвала спакойнае жыццё. Тата пайшоў на фронт. Ганна, яе малодшая сястра, маці і бабуля былі адпраўлены акупантамі за краты Мінскага гета.
«...Нас выганяюць з дому... Ідзе нейкая сартыроўка. Дакладна чую: „лебен“, „тод“ — „жыццё“, „смерць“. Значыць, у адну калону яны штурхаюць людзей, якім наканавана яшчэ жыць. У другую — тых, якіх павядуць на расстрэл. Мы трапляем у апошнюю...
У гэтай жа калоне інжынер Ліўшыц, нядаўні студэнт Сеня Паплаўскі, Зора Стронгіна — вясёлая спявачка, былая піянерважатая, сям’я Нізавых, іх двайняты... „Я хачу жыць!“ — чую раптам голас нашай Іны. Мама загадвае мне садраць жоўтую латку з грудзей. Сама здзірае з сябе і з Іны. Са спіны садраць немагчыма, убачаць канваіры... Ужо вывелі за межы гета. Гоняць па вуліцы Апанскага. І раптам на левым баку вуліцы насустрач рухаецца падвода. „Скачыце на падводу“, — мама выпіхвае нас з калоны. Селянін шалёна гоніць каня. Ззаду мітусня, крыкі, стрэлы. Але мы ўжо далёка...»
Уцяклі... А потым вярнуліся ў гета. Іншага прытулку не было — толькі туды, у пекла... Гэта адзін з жудасных эпізодаў нечалавечага існавання, пра якое праз дзесяцігоддзі расказала Ганна ў кнізе «Пісьмы маёй памяці».
У канцы 1942 года, за дзесяць месяцаў да канчатковага знішчэння гета, Ганна, яе сястра і маці (бабулю акупанты забілі) уцяклі з-за калючага дроту і пасля доўгіх, цяжкіх блуканняў апынуліся ў 12-й кавалерыйскай партызанскай брыгадзе імя Сталіна. Маці Ганны ўзначаліла медыцынска-санітарную службу брыгады, сама дзяўчына стала памочніцай маці, санітаркай у партызанскім шпіталі. Пасля вайны будучая пісьменніца скончыла аддзяленне журналістыкі філфака БДУ імя Леніна. Працавала ў рэдакцыі газеты «Піянер Баларусі», была сакратаром яе партыйнай арганізацыі. І калі ў 2000-м Ганна Краснапёрка памерла, супрацоўнікі рэдакцыі сказалі ў некралозе пра сваю калегу, што нягледзячы на боль ад перажытага падчас вайны, які ніколі не адпускаў яе, Ганна Давыдаўна была як само жыццё. Нават шэранькую будзённасць яна ўмела ператварыць у імпрэзу, свята, феерверк. «Самая маладая з нас. І самая мудрая.
Для яе гэта было натуральным, як дыханне: выслухаць, дапамагчы, падбадзёрыць, рассмяшыць — і ні ў якім разе не пакрыўдзіць».
Ганна Краснапёрка пісала не толькі журналісцкія артыкулы і нарысы, але і вершы, казкі. Першай яе кнігай стаў зборнік апавяданняў «Сузор’е», які выйшаў у 1976 годзе і быў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў ваеннага юнацтва. Большасць апавяданняў прысвечана жыццю і дзейнасці ў партызанах, дзе Ганне даводзілася не толькі бінтаваць параненых, але і вучыцца... джыгітоўцы. Так, дзяўчына скакала на кані — брыгада ж была кавалерыйскай. Партызанскія навелы напоўнены цеплынёй, шчырасцю, месцамі рамантычнай узнёсласцю. Але вайна ёсць вайна, і лейтматывам «Сузор’я» праходзяць цяжкія ўспаміны пра яе — неўзарваныя міны ў душы пісьменніцы.
...Ішлі гады. Чаму Ганна Краснапёрка не пісала пра жахі гета? Пэўна, баялася выклікаць з мінулага яго цені. Баялася, што не вытрымае сэрца. Аднак сябры — былыя вязні канцлагера — не раз і не два падштурхоўвалі стварыць рукапіс: «Ты ж адна з нас валодаеш пяром! Напішы пра Мінскае гета! Раскажы, як было». І аднойчы пісьменніца пераадолела бар’ер.
«Я доўга чужалася цябе, мая Памяць! Але ты перамагла. Прымусіла ўваскрасіць мінулае...» — такімі словамі пачалася аповесць «Пісьмы маёй памяці».
У 1984-м кніга атрымала жыццё, і, як бачым, яно працягваецца. У 1989 годзе з прадмовай Васіля Быкава «Пісьмы маёй памяці» ў перакладзе і ў некалькі скарочаным выглядзе апублікаваў часопіс «Дружба народов», які на той час меў у СССР наклад 1 135 000 экзэмпляраў. Калі знікла «жалезная заслона», «Пісьмы...» прачытала і Еўропа. У 1990-х і пасля Ганну Краснапёрку пастаянна запрашалі ў Германію на сустрэчы з палітыкамі, дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, школьнікамі і студэнтамі... Яна стала ў нейкім сэнсе народным дыпламатам. Музей Другой сусветнай вайны «Берлін-Карлхорст» уключыў у экспазіцыю гісторыю жыцця Ганны Краснапёркі ў дакументах і фотаздымках. Пасля яе смерці ў Германіі была заснавана прэмія імя Ганны Краснапёркі, якая ўручаецца гісторыкам і літаратарам за ўнёсак у збліжэнне народаў.
Святлана ШЫДЛОЎСКАЯ
Фото з сямейнага архіва Сяргея Няхамкіна