Top.Mail.Ru

«Жанчына ў чырвоным» Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк як даследаванне ўнутранага свету прадстаўніц прыгожага полу

Аўтар: Міхаіл Данілковіч
13.07.2026 | 16:36
Элегія пяшчоты

У гісторыі сусветнай літаратуры было не так шмат пісьменніц. Магчыма, менавіта таму ўся жаночая творчасць так ці інакш застаецца terra incognita нават для самых дасведчаных кнігалюбаў. 

Паэзія Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк — бесперапыннае падарожжа па бурлівых акіянах чалавечых эмоцый і роздумаў. Ва ўсім гэтым філасофскім вандраванні ёсць нямала цікавых нюансаў. Па-першае, аўтар мае ўласны жывы голас, а гэта не можа не падкупляць: калі мы бачым арыгінальную манеру падачы, калі выразна адрозніваем маўленне, якое паўстае перад намі на старонках каштоўнага фаліянта, значыць, пісьменніцы сапраўды ёсць што сказаць. Па-другое, нам здаецца, што яе паэзія — нешта накшталт злепка, што ў сваёй рэльефнасці адлюстроўвае ўсю неаднароднасць тонкай душэўнай арганізацыі жанчыны, якая адчувае, глыбока перажывае, а часам нават пакутуе. Па-трэцяе, гэта проста займальная літаратура, якая жыве хоць і не паводле канонаў напышлівай лірыкі, але ўсё ж чапляе нас сваёй абвостранай чуллівасцю, сваёй непадробнай цікавасцю да пастаянных душэўных працэсаў.

Аднак разам з тым было б несправядліва не звярнуць увагу на пэўную скрыпучую непаваротлівасць вершаў Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк і недахоп вобразнага пачатку ў асобных з іх. І тут мы апынаемся перад дзіўнай дылемай: чаго ж нам патрабаваць ад аўтара? Філасофскага цвіцення ў шкляной пасудзіне паэтычнага тэрарыума, які ахоўвае ад няпрошанага ўмяшання свет лірычнай гераіні, настолькі далікатнай, што ёй даводзіцца маскіраваць гэтую безабароннасць за наўмыснай мужнасцю намераў і памкненняў? Ці ж вершаванай стройнасці радкоў, той самай выверанасці, якая, не грэбуючы водарам сапраўды экзатычных краявідаў, выбудоўвае роўныя шарэнгі словазлучэнняў — тых самых стойкіх алавяных салдацікаў, чый выразны ўпэўнены крок скіроўваецца не да вечнасці побытавай (ці, скажам, жыццёвай) філасофіі, а да вечнасці пачуццёвай вобразнасці. Кожны вольны выбіраць тое, што яму даспадобы. Іншая справа (своеасаблівае выключэнне з правіл) — па-язычніцку яркі твор «Геракл і Геба». Тут не бачыцца ні ценю філасофіі, тут плёскаецца блакітнай хваляй дзівосная антычная, нават, верагодна, асляпляльна сонечная настальгія па ранейшым жыццярадасным быцці чалавека, не абцяжаранага ні адвечнымі экзістэнцыяльнымі страхамі, ні сілай невычэрпных заган. Гэта — своеасаблівы баль нябеснай велічы, бясконцасць, што гарыць касмічным полымем:

А те [херувімы] лучи связав в пучок

И отыграв четыре такта,

Воспели выросший цветок

Союза Гебы и Геракла...

Вино лилось из уст в уста,

Из рук одних в другие руки...

И столп из искр до неба встал,

Взяв жизнь людскую на поруки.

«И столп из искр до неба встал», — у гэтым радку адчуваецца нешта захапляльнае, што магло б перадаваць настрой эліна, які танцуе на парнаскім балі. Гэты верш не здаецца перагружаным суб’ектыўнай разумовай сафістыкай, ён з усёй паўнакроўнасцю перадае цудоўную вітальнасць грэчаскай міфалогіі, асэнсаванай сучасным аўтарам. Магчыма, гэта галоўная паэтычная ўдача ад пісьменніцы.

Такім чынам, што ж мы можам убачыць у паэзіі Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк, як яе ахарактарызаваць? Перш за ўсё, гэта здымак няўлоўнай чалавечай эмоцыі, спроба перадаць мімалётнасць настрою, своеасаблівае захаванне рэльефу душы. Часам такая паэзія здаецца недастаткова прапрацаванай — адбіваюцца і любоў аўтара да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, і жаданне выказаць імгненныя памкненні сэрца. Але ўсё ж яна, гэтая паэзія, не пазбаўлена шчырага палымянага пачуцця любові, вялікай эмпатыі да перажыванняў чытача. «Жанчына ў чырвоным» пакідае прыемныя ўражанні. Бо ў наш час пісьменніка, які з трапятаннем і разуменнем успрымае свайго нябачнага суразмоўцу, не так лёгка знайсці. Магчыма, варта даць яму шанц расказаць сваю гісторыю, падзяліцца новым бачаннем свету. Паверце, давер абавязкова акупіцца.

Міхаіл Данілковіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю