Кажуць, што горад закаханых — Парыж. Але канкурэнтам яму можа стаць Мінск канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Машыну часу вучоныя яшчэ не распрацавалі, але іх апярэдзіў РТБД. «Заручыны» — два спектаклі пад адной назвай, якія адкрываюць дзверы ў тагачасны горад, дзе маладыя імкнуцца знайсці сваё шчасце.
«Заручыны» ў афішы пазначаны як «вечар гарадскіх камедый». Да ўвагі гледачоў прапаноўваюць спектаклі «Як яны жаніліся» і «Пярэстая красуля», у аснове якіх — аднайменныя п’есы Аляксандра Валодзьскага і Аляксандра Чужыніна. Рэжысёр-пастаноўшчык Святлана Навуменка ўдыхнула ў іх новае жыццё. Доўгі час творы заставаліся на забытых старонках беларускай культуры, але атрымалі шанц зноў быць прачытанымі.
Дзеля вялікага пачуцця
Сюжэт камедыі «Як яны жаніліся» класічны. Галоўная гераіня — Ганна — становіцца зайздроснай нявестай з пяццю тысячамі пасагу. Вакол яе з’яўляюцца жаніхі, аж цэлых чатыры, і толькі адзін — той самы, хто хоча ажаніцца з дзяўчынай, а не з яе грашыма.
«Як яны жаніліся» можно назваць камедыяй характараў. Яна знаёміць гледачоў са старым Мінскам. Атмасфера горада перададзена не толькі праз дэкарацыі, для якіх выкарыстоўваліся сапраўдныя фотаздымкі вуліц, а таксама і праз герояў. Прадстаўнікі інтэлігенцыі, працоўнага класа, збяднелай шляхты — гэта зборныя вобразы, але кожны з персанажаў мае свой характар. Асаблівасці іх гратэскна падкрэсліваюцца праз пластыку: паходку, жэсты, міміку, праз тое, як яны размаўляюць, што напяваюць. Кожны герой уяўляе сабой нейкі абагульнены вобраз. Яны — увасабленні старога Мінска, гарадскія «духі», якія ажыўляюць яго. Такая дынаміка не дае спектаклю ператварыцца ў сухое даследаванне.
Сюжэт «Як яны жаніліся» просты і зразумелы, але гісторыі, дзе перамагае сапраўднае каханне, а не выгада, заўсёды будуць выклікаць замілаванне ў гледачоў.
Для дзяцей толькі самае лепшае
Партрэт Мінска быў бы не даведзены да канца без спектакля «Пярэстая красуля». Гратэскнасць у ім выяўляецца на поўную сілу. Сюжэт заснаваны на абсурдным непаразуменні: стары мешчанін Бобкін надумаў прадаць карову, а тут дачка Барбара паведамляе, што закахалася і хоча пазнаёміць бацьку са сваім выбраннікам. Бобкін, што характэрна для падобных гісторый, катэгарычна супраць. Абставіны ў выніку складваюцца так, што таго самага жаніха бацька блытае з патэнцыйным пакупніком, якому актыўна «рэкламуе» пярэстую красулю. Глядач становіцца назіральнікам, які ведае больш, чым героі. Такую сітуацыю цяжка ўявіць у рэальным жыцці, што і выклікае шмат смеху.
Здаецца, у «Пярэстай красулі» паказана праблема з катэгорыі вечных — бацькі і дзеці. Але і ў гэтым спектаклі, і ў першым героі зу-
сім не тыраны, якія перашкаджаюць шчасцю маладых. Бацька Ганны заклікае дачку слухаць сэрца і не імкнецца схіліць яе да пэўнага варыянта. Бобкін жа, які напачатку здаецца вельмі строгім, у выніку сам прапаноўвае Барбары пайсці за маладога «пакупніка». Сапраўды, кожны з іх хоча толькі самага лепшага для сваіх дзяцей.
Глядач — таксама ўдзельнік
Адметнасць камедыі як жанру — у своеасаблівых ўзаемаадносінах з гледачамі. Найчасцей можна пачуць звязаны з гэтым выраз «зламаць чацвёртую сцяну». Героі могуць напрамую звяртацца за гледачоў ці ўскосна іх згадваць. Паміж наведвальнікамі тэатра і акцёрамі знікае мяжа, прасторы сцэны і залы зліваюцца ў адзіны сусвет. Камунікацыя з гледачамі — гэта бяспройгрышны прыём, які дазваляе адразу прыцягнуць увагу. Такі досвед змаглі атрымаць і гледачы на «Заручынах».
Галоўную ролю сувязнога звяна выконвае хор. Пры гэтым ён не толькі трымае кантакт з аўдыторыяй, але і выступае як аснова структуры. Хор з’яўляецца ў пачатку і ў канцы. У першым выпадку ён задае настрой і пазначае тэму, а ў другім — падводзіць вынікі, гучыць фінальным урачыстым акордам. Такім чынам два розныя спектаклі арганічна аб’яднаны.
Важныя дэталі
Што датычыцца сцэнаграфіі, то ў адлюстраванні эпохі ўвагу ў «Заручынах» надалі не толькі дэкарацыям, касцюмам і грыму. Таксама важную ролю іграюць светлавыя прыёмы. Кожнага героя пры першым з’яўленні сустракае ўспышка фотакамеры. Нібыта такім чынам фіксуецца партрэт часу. У аб’ектыў трапляюць усе персанажы, што таксама звязвае два спектаклі. Цэласнасць структуры «Заручын» захоўвае і прыём з фінальным фотаздымкам жаніха і нявесты. Пстрычка камеры нібыта ставіць кропку перад наступным этапам жыцця.
Лёгкасць, рамантычнасць, надзея на лепшае — тое, што імкнуцца перадаць дзве гісторыі, пастаўленыя на сцэне РТБД. Шчаслівыя мары ўвасабляюць сабой птушкі, якіх трымаюць удзельнікі хору. Нябачныя крылы кахання вырастаюць і ў маладых: яны лунаюць у небе над Мінскам, што можна пабачыць на афішы. «Заручыны» будуць выдатным адпачынкам пасля напружанага працоўнага дня, бо смех ачышчае.
Арына ПРАНІКАВА
Фота з сайта rtbd.by