Мастак Валерый Талкачоў выступае з персанальнай выстаўкай «Дакрананне» ў галерэі «Арт-Фабрыка». У экспазіцыі — лёгкія і празрыстыя акварэлі — пейзажы, якія перадаюць не толькі настрой прыроды, але і душэўны стан таго, хто назірае за яе жыццём.
Чароўны праект Алы Касцялецкай «Крыніца з пустаты» прэзентавалі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (куратар выстаўкі — Надзея Хмыль). У цэнтры творчага даследавання мастачкі — унутраны космас чалавека, дзе нават сярод бязмернай пустэчы можна знайсці натхненне, духоўнасць і вызваліцца ад цяжару жыццёвых драм.
Удзельнікі секцыі «Верасень» Беларускага саюза мастакоў, заснаванай у 1989 годзе, сёлета знаёмілі з напрацоўкамі — сваімі і папярэднікаў — у рамках святкавання 35-годдзя суполкі. Выстаўку «Верасень-35» правялі ў Палацы мастацтва (падзеі ўдзелена ўвага ў № 23 «ЛіМа»), а для чарговай творчай справаздачы выбралі Галерэю мастацтваў Леаніда Шчамялёва. Да 21 верасня тут будзе размешчана экспазіцыя «Магія пастэлі».
Галерэя DK запрашае на персанальную выстаўку Любові Сас «Прырода ўнутры». Гэта серыя экспрэсіўнага жывапісу пра крохкі баланс паміж розумам і інстынктамі, паміж знешнім выглядам і ўнутраным станам. Пра тое, як мы застаёмся часткай прыроды, нават калі і навучыліся насіць маскі.
Да 14 верасня ў галерэі «Арт-Фабрыка» працуе выстаўка Андрэя Савіча «Жывапіс па палатне, паперы і сэрцы».
Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на выставачны праект «Я пачынаю шлях», арганізаваны сумесна з ДУА «Сярэдняя школа № 207 г. Мінска імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта». У экспазіцыі — работы юных мастакоў, якія робяць першыя крокі на творчым шляху.
Атмасферная летняя экспазіцыя працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Маштабны выставачны праект «Лета. Спякота» (куратар — Кацярына Калянкевіч) знаёміць з чароўнымі жывапіснымі творамі беларускіх мастакоў з калекцыі музея, аб’яднанымі цеплынёй і ласкавым сонейкам, якога сёлета так не хапае.
У Нацыянальным мастацкім музеі ўпэўнены: нягледзячы на тое, што сёння ў Беларусі склалася высокапрафесійная школа акварэльнага жывапісу, публіка мала знаёма з яе дасягненнямі. Таму менавіта здабыткі мастакоў мінулага і сучаснасці дэманструюцца на выстаўцы «Акварэль. Варыяцыі», створанай пад куратарствам Франца Корзуна, навуковага супрацоўніка выставачнага аддзела НММ. Да 29 верасня ёсць магчымасць пазнаёміцца з ледзь не сотняй акварэльных твораў з майстэрань аўтараў і фондаў музея.
У наступным годзе будзе адзначацца векавы юбілей жывапісца, графіка і педагога Барыса Аракчэева. Сям’я заслужанага дзеяча мастацтваў пачала рыхтавацца да святкавання юбілею загадзя. Так, сёлета выйшла рускамоўная кніга «Барыс Аракчэеў. Ішлі эшалоны» — прысвячэнне 80-годдзю Вялікай Перамогі. Выданне дазваляе пазнаёміцца з тэматычнымі жывапісам і графікай аўтара. А зусім нядаўна ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа нашчадкі Барыса Уладзіміравіча прэзентавалі каляндар на 2026 год «Мінск. Барыс Аракчэеў». Пра яго падрыхтоўку і вынік працы расказалі дачка творцы — мастачка ды ілюстратар Аксана Аракчэева і яе муж Хельмут Кіпхарт, які падтрымаў праект у тым ліку фінансава.