Не памылюся, калі назаву «Чорны замак Альшанскі» ці не адной з найлепшых кніг Уладзіміра Караткевіча. У ёй ёсць усё, за што і любяць яго творчасць: таямніцы, любоў да свайго краю і беларускай гісторыі, глыбіня і шматслойнасць успрымання сюжэта ў залежнасці ад досведу чытача, рамантычнасць, багатая лексіка, цікавы сюжэт, які інтрыгуе і трымае да фіналу. Менавіта таму дзіўна, што гэты твор экранізаваўся толькі аднойчы: у 80-я гады мінулага стагоддзя сваё прачытанне Караткевіча прапанаваў Міхаіл Пташук, прычым здымкі вяліся не ў Беларусі. Аўтарам сцэнарыя быў сам Уладзімір Сямёнавіч, таму тая стужка была блізкая да сюжэта яго твора. Ніхто доўга (болей за 40 гадоў!) не адважваўся прапанаваць сваю версію знакамітай і любімай многімі пакаленнямі кнігі Караткевіча. І нарэшце мы дачакаліся!
Галоўны прыз «Лістапада» ў нацыянальным конкурсе атрымаў фільм, прысвечаны беларускім урачам. Адпаведныя падзякі ёсць напрыканцы стужкі ў цітрах, і на яе прэзентацыі ў межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўдзельнікі здымачнай групы асобна выказалі ўдзячнасць Міністэрству аховы здароўя і медыкам, якія дазволілі здымаць у бальніцах, — каб усё, што паказана ў стужцы, выглядала не проста набліжана да рэчаіснасці, але было яе ўвасабленнем: з абсталяваннем палат, аперацыйных, ардынатарскіх. Такая ў Беларусі медыцына: усё з клопатам пра чалавека, прадумана і зручна, тэхналагічна і прафесійна. І чаго яшчэ можна жадаць маладому ўрачу? Толькі працуй, удасканальвайся ў прафесіі, ратуй людзей! Усе ўмовы, чаго лепшага шукаць? Але ж чалавек — істота, у якой бываюць спакусы, не ўсе могуць ім супрацьстаяць. І даводзіцца рабіць выбар. А часам ад гэтага выбару залежыць жыццё нейкага (можа, нават і не аднаго) чалавека...