Новая кніга Міколы Чарняўскага «Здарэнне ў цырку», якая толькі што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», цалкам складаецца з казак. Таму невыпадкова эпіграфам да яе Мікола Мікалаевіч узяў словы з ліста Аляксандра Пушкіна свайму брату Лёвачку, які дзяліўся з ім уражаннямі ад гісторый, пачутых ад нянькі Арыны Радзівонаўны: «Ах, что за прелесть, эти сказки!..». І запэўніў у гэтым у своеасаблівым вершаваным уступе сваіх будучых маленькіх чытачоў. Ды і не толькі іх, бо, няма сумнення, пазнаёміцца з творамі такога слыннага дзіцячага пісьменніка, якім з’яўляецца Мікола Чарняўскі, нямала ахвотных і сярод дарослых прыхільнікаў нацыянальнага прыгожага пісьменства:
Казкі — цуды, сіла — казкі,
Як дабро тварыць — падказкі.
Як з сябрамі,
З імі знайся,
Забываць іх — не спяшайся.
Бадай, некаторыя чытачы знаёмы з кнігамі Алеся Марціновіча «Альма. Прыгоды на Зямлі і ў космасе», «Ліза — пераможца тыгра», «Казкі сабачкі Альмы», галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца гэтыя дзве чатырохногія сяброўкі. Ды і не толькі яны. Другая кніга заканчвалася так: «Нечакана адбылося непрадбачанае. Што канкрэтна, даведаешся з маёй чарговай кнігі пра Альму, Лізу і яе сяброў».
Кантрастам восеньскай шэрані, якую падкрэслівае афармленне з элементамі гарадской архітэктуры (дзякуй мастаку Мішу Дайлідаву), выступае лімонная вокладка кастрычніцкай «Маладосці», а форзацы аздабляюць ілюстрацыі — рэпрадукцыі акварэляў Надзеі Барай — гарадскія і вясковыя птушкі ў халодную пару года. Гэтым разам рэдакцыя адабрала для нумара паэзію Аляксандры Жалязновай, Кацярыны Мізерыі, Іны Мароз, Алеся Дубоўскага, Віктара Яраца, прозу Ганны-Марыі Гаранінай, Ксеніі Кузняцовай, Івана Мелава, Зінаіды Дудзюк, Івана Пяшко. Асобныя творы ўжо могуць ствараць навагодні настрой.