Традыцыя выбіраць галоўную жывёлу года пачалася ў заапарку 13 гадоў таму. Тады сімвалам Года Дракона стала ігуана па мянушцы Шурык. Як вядома, цыклічнасць сімвалаў па ўсходнім календары складае 12 гадоў, таму ў заапарку новым сімвалам стане тыгровы пітон Люцік з незвычайным акрасам.
У Гродзенскім тэрарыуме знаходзіцца больш 20 відаў рэптылій, а ўсяго 34 экзэмпляры. За дзесяць гадоў з моманту рэканструкцыі колькасць данай калекцыі павялічылася амаль удвая. Самая ўзроставая рэптылія — 28-мі гадовая анаконда. Звычайна іх сярэдні ўзрост у межах 20 гадоў. Дарэчы, яна з’явілася на свет у сценах заапарка. Анаконда, у залежнасці ад віда, можа дасягаць да 9 метраў у даўжыню. Насельніца заапарка належыць да невялікага паўднёвага віду, яе даўжыня каля трох метраў. З ліку доўгажыхароў — вясёлкавыя змеі, якім больш 20 гадоў. А вось малочныя вужы і маісавыя полазы з’явіліся на свет у сакавіку гэтага года.
Таксама ў заапарку пражывае ўдаў і некалькі відаў пітонаў — сеткавы, іерогліфавы, тыгровы. Калі задумалі выбраць сімвал новага 2025 года, які аб’яўлены Годам Зялёнай Драўлянай Змяі, зышліся на самым незвычайным прадстаўніку гэтага віду рэптылій — тыгровым пітоне — альбіносе. Па словах экскурсавода Ілоны Мікалайчык, выбар на Люціка прыпаў невыпадкова. У адрозненні ад яго даволі масіўных калег, з ім нескладана працаваць, яго можна ўзяць на рукі, прадэманстраваць- вядзе сябе спакойна. Далёка не ўсе гатовы да таго, каб іх узялі на рукі. У заапарку нават знялі відэа аб тым, як аднаго пітона пераносілі з аднаго вал’ера ў другі. У аперацыі было задзейнічана чалавек восем. Дарэчы, гэты пітон і зараз даволі актыўны. І хаця ўсе рэптыліі тут неядавітыя, некаторыя ўсё ж выклікаюць жах сваім відам. Нават адсутнасць яду не робіць іх небяспечнымі ў жывой прыродзе. Бо, як вядома, вялізныя рэптыліі могуць проста сціснуць сваю ахвяру сваімі кольцамі.
Люцік, у адрозненні ад гэтых магутных пітонаў і удаваў, больш дабразычлівы. Ён яшчэ малады, яму толькі тры гады, пакуль яго даўжыня каля двух метраў і рост працягваецца. Магчыма, ён дарасце і да 4 −6 метраў. Яго залацісты акрас выкліканы геннай мутацыяй. У прыродзе такога роду пітоны не выжываюць. Такі ж лёс і ў яго суседкі Васілісы. У яе поўнасцю белае чэрава і бледна-ружовы колер. Гэты від выведзены штучна і ў прыродзе не сустракаецца. Зараз Васіліса мае больш за пяць метраў ў даўжыню, а ў цэлым пітоны растуць і да васьмі метраў. Мяркуецца, што і наш Люцік можа вырасці да такіх памераў. Як правіла, тыгровыя пітоны жывуць у трапічных лясах і балотах Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыі, Непала, Кітая. Але такіх, як пітон-альбінос, даволі рэдка можна сустрэць у прыродзе. Анамальнай жывёле складана выжыць у натуральных умовах.
Новыя экзэмпляры атрымліваюць падчас абмену альбо купляюць у іншых заапарках. Аднойчы нават невялікі пітон залез у скрыню з мандарынамі падчас збору і такім чынам быў прывезены ў Беларусь. Калі выпадковага падарожніка знайшлі, аддалі ў прыродаахоўную ўстанову, і толькі адтуль жывёла трапіла ў заапарк.
Люцік, паколькі яшчэ малады, корміцца раз на тыдзень. У рацыёне — мышы і пацукі. У заапарку спецыяльна вырошчваюць грызуноў, трусоў і розных насякомых для кармлення рэптылій. Як правіла, яны ў заапарку па большасці вядуць сонны лад жыцця. Падсілкаваўшыся могуць драмаць да наступнага прыёму ежы. У некаторых гэты тэрмін складае 1-3 месяцы. Ва ўсіх тэрарыумах уключана святло, з яго дапамогай падтрымліваецца патрэбная кліматычная норма.
Па словах Ілоны, пітон-альбінос мае даволі сяброўскі настрой. Магчыма таму яго і абралі сімвалам года. Праўда, падчас лінькі, характар рэптылій мяняецца, яны становіцца не такія спакойныя. Але гэты працэс непазбежны. Лінька адбываецца з ростам рэптыліі, новая скура становіцца больш «прасторнай» і эластычнай. Каб дапамагчы гэтаму працэсу, тут рабяць малочна-саляныя ванны. Таксама кладуцца спецыяльныя прыродныя матэрыялы. Дарэчы, і самыя «кватэры» многіх рэптылій выглядаюць даволі прыгожа. А ў некаторых нават стаяць навагоднія ёлачкі. Таксама тут можна ўбачыць камяні, сухія галіны дрэў, гліняныя вырабы.
Акрамя экзатычных відаў, у заапарку жывуць і нашы звыклыя віды змей.
Можна ўбачыць цэлую сямейку вужоў. Яны абсалютна бяспечныя, хоць і выклікаюць у людзей пэўны страх, асабліва, калі запаўзаюць на падворак альбо нават у жылы дом. Пра такія выпадкі неаднаразова пісалі СМІ. Найбольш спрыяльны рэгіён — з павышанай вільготнасцю, напрыклад, Палессе, дзе шмат балот. Запаўзаюць яны і ў паркавыя зоны.
Увогуле, змяя — істота даволі ўнікальная. Ва ўсходняй культуры ёй прыпісваюць такія якасці як мудрасць, хітрасць, прадбачлівасць, вернасць. Вось і Год Змяі не павінен прынесці вялікіх расчараванняў, бо змяя ўважліва сочыць за тым, каб нішто вакол не парушала яе спакою. Да таго ж зялёны колер сімвалізуе гармонію, рост і мір.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.