Спортам варта не толькі займацца, але і цікавіцца. Асабліва, калі ёсць карысныя выданні. Сёлета ў выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Па той бок медаля. Веславанне. Лёгкая атлетыка. Барацьба», у якой сабраны гісторыі беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў і прызёраў, выдатных трэнераў і вядомых спартыўных кіраўнікоў нашай краіны.
Новае выданне аўтар Валерыя Сцяцко разам з героямі кнігі прадставілі падчас творчай сустрэчы з навучэнцамі Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву ў рамках праекту «Калі мы адзіныя, мы непераможныя». У мерапрыемстве, якое прайшло ў сценах РДВАР, прынялі ўдзел алімпійскія чэмпіёны Сяргей Макаранка, Андрэй Багдановіч, Камандар Маджыдаў, Яніна Правалінская-Карольчык, Андрэй Барбашынскі. Праект «Калі мы адзіныя, мы непераможныя», які рэалізуе вучылішча алімпійскага рэзерву, аб’яднаў маладое пакаленне спартсменаў і людзей, на чыіх узорах моладзі варта вучыцца. І прэзентацыя кнігі стала квінтэсенцыяй гэтай ідэі.
Алімпійскія чэмпіёны падзяліліся сваімі думкамі, успамінамі, прычым не толькі тымі, якія зафіксаваныя ў кнізе. Славутыя спартсмены расказалі некаторыя сакрэты, якія дапамаглі ім дасягнуць поспеху. «У спорце самае галоўнае — гэта рэжым», — адзначыў алімпійскі чэмпіён 1988 года Камандар Маджыдаў. «І не забывайцеся, што кожны спартсмен павінен слухаць і шанаваць свайго трэнера, бо ён для вас — другі бацька», — дадаў чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2008 года Андрэй Багдановіч.
Удзельнікі сустрэчы ўзгадалі цікавыя гісторыі, якімі так насычана спартыўнае жыццё. «Спорт увогуле — рэч цікавая», — рэзюмаваў першы ў гісторыі беларускага спорту алімпійскі чэмпіён Сяргей Макаранка. Таму і кнігі пра спорт, надзвычай цікавыя атрымліваюцца.
Фота Лізаветы ГОЛАД
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.