Асноўная мэта абноўленага дакумента засталася ранейшай — павышэнне якасці адукацыі. Такую ж мэту пераследаваў і Кодэкс 2022 года, большасць норм якога паказала і даказала сваю эфектыўнасць. Тым не менш праз два гады парламентарыі зноў узяліся за 45-старонкавы праект дакумента. Сёння абноўлены кодэкс ужо прыняты адпаведным законам кіраўніка дзяржавы. Маштабных змен, па словах заканадаўцаў, у ім няма, ды і не было прадугледжана, аднак некаторыя важныя аспекты падвергліся карэкціроўцы. Якія новаўвядзенні яны ўнеслі ў прыняты дакумент, мы папрасілі пракаментаваць намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Вячаслава Даніловіча.
— Пачну з некалькіх сапраўды важных змяненняў. Абноўлены дакумент дае ўраду паўнамоцтвы на вызначэнне выпадкаў пераразмеркавання і перанакіравання на работу маладых спецыялістаў. Жорсткія нормы ў Кодэксе не прапісаны, але калі ёсць неабходнасць у тым ці іншым спецыялісце — у МУС, следчым, мытным камітэтах і іншых падобных структурах, то ў адпаведнасці з зацверджаным урадам пералікам можна ажыццявіць пераразмеркаванне выпускніка, незалежна ад таго, куды ён быў размеркаваны да гэтага.
Далей — мэтавікі. Неабходнасць увядзення падобнай формы паступлення і навучання ўзнікла не на пустым месцы — гэта зрабілі для таго, каб папоўніць дэфіцыт спецыялістаў па шэрагу прафесій. Рашэнне своечасовае і правільнае. Аднак для таго, каб механізм працаваў з максімальнай карысцю — для дзяржавы перш за ўсё, для заказчыкаў кадраў і саміх выпускнікоў, яго трэба было адрэгуляваць. Па-першае, каб закрыць шчыліны для несумленных абітурыентаў, якія могуць заключыць дагавор з арганізацыяй дзеля адзінай мэты — паступіць ва ўстанову адукацыі на льготных умовах, а пасля заканчэння не прыступіць да працы ў адпаведнай арганізацыі. Па-другое, каб не даць заказчыку неабгрунтавана скасаваць ці не выканаць умовы дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы. У першым выпадку выпускнік размяркоўваецца на агульных падставах з тэрмінам адпрацоўкі пяць гадоў, у другім заказчык кадраў кампенсуе сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста. У выпадку ліквідацыі арганізацыі-заказчыка выпускнік, які навучаўся па мэтавым накіраванні, размяркоўваецца на агульных падставах з тэрмінам адпрацоўкі пяць гадоў. Разам з тым выпускнікі-мэтавікі, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да работы па атрыманай спецыяльнасці, вызваляюцца ад кампенсацыі сродкаў.
Права на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь студэнтам, якія вучацца платна ў прыватных і дзяржаўных установах адукацыі, — яшчэ адна важная навацыя. Да такіх бы я аднёс і абавязковую ўмову — вылучэнне грантаў на навучанне замежных грамадзян па адукацыйнай праграме падрыхтоўкі да паступлення ў беларускія ўстановы адукацыі.
І гэта апраўдана — замежным грамадзянам у многіх выпадках неабходна дадатковая падрыхтоўка для паступлення. І найперш такая падрыхтоўка павінна прадугледжваць асваенне рускай мовы.
Мясцовыя органы ўлады надзяляюцца паўнамоцтвамі на арганізацыю бясплатнай перавозкі навучэнцаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў (раней прадугледжваўся падвоз дзяцей толькі ў сельскіх населеных пунктах да ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі).
Цікаўнае змяненне закране выпускнікоў школ. Навучэнцам, якiя не з’явiлiся на падагульняючыя выпрабаваннi, цi вучням з нездавальняючымi вынiкамi прадастаўляецца права на праходжанне падагульняючай атэстацыi ў iншыя тэрмiны, якiя вызначаюцца Мiнiстэрствам адукацыi. У іх з’явіцца магчымасць паспрабаваць свае сілы яшчэ раз.
У старшакласнікаў, моладзі са спецыялізаваных ліцэяў, сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў з’явіцца магчымасць навучацца ваджэнню і атрымліваць правы кіроўцы. Такая ж магчымасць прадугледжваецца і для моладзі, якая вучыцца ў школах, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу, а не толькі ў гарадскіх пасёлках. Пасля заканчэння школы, з надыходам паўналецця яны атрымаюць пасведчанне вадзіцеля механічнага транспартнага сродку і самаходнай машыны. Для сельскай мясцовасці гэта выдатная магчымасць выпускніку школы падрыхтаваць сябе да атрымання спецыяльнасці вадзіцеля або механізатара, для сельскагаспадарчых арганізацый — займець у гаспадарцы запатрабаванага спецыяліста.
Алена ВІНАГРАДАВА
Прэв’ю: з адкрытых крыніц
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.