Падрыхтоўка да Новага года і Каляд — у самым разгары. Вуліцы і праспекты, вітрыны буйных гандлёвых цэнтраў, прадпрыемствы і ўстановы заззялі бліскучымі гірляндамі. У розных пунктах гарадоў навагоднія ілюмінацыі, радуюць вока прыгажуні ёлкі. Людзі спяшаюцца стварыць святочны настрой і ў сябе дома: упрыгожваюць вокны бліскучымі агеньчыкамі, набываюць ёлкі, іншую навагоднюю атрыбутыку. Хтосьці ўжо думае пра навагоднюю ноч: карыстаюцца попытам у пакупнікоў феерверкі.
Аднак у перадсвяточных клопатах варта не забыць аб самым важным — бяспецы. І ёлкі, і гірлянды, а тым больш піратэхніка могуць не толькі ўзняць настрой, але і сапсаваць яго да такой ступені, што і святу будзеш не рады. Каб гэтага не адбылося, рэкамендуем прыслухацца да парад ратавальнікаў.
Якое свята без ёлкі? Гэтым пытаннем, напэўна, задаецца кожны. Лясная прыгажуня, якую ў многіх кватэрах і хатах замянілі яе штучныя аналагі, даўно стала сімвалам Новага года. Чым толькі яе не ўпрыгожваюць! Цукеркі, якія калісьці вешалі на калючыя галінкі, і вата — імітацыя снегу — адышлі ў нябыт. Галоўным атрыбутам упрыгожвання ёлкі ў новым стагоддзі з’яўляецца электрычная гірлянда. Ёй апошнім часам аздабляюць не толькі ёлку, але і ледзь не ўсе вокны, а то і сцены.
А, між іншым, гэта электрычны прыбор, да эксплуатацыі якога варта падыходзіць з розумам. Інакш можа паўтарыцца тое, што ў мінулагоднім снежні перажыла жыхарка аграгарадка Варняны Гродзенскай вобласці. Пакуль гаспадыня займалася хатнімі справамі, у суседнім пакоі загарэлася шторка-гірлянда. Аб здарэнні жанчыну папярэдзіў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пакуль яна выклікала ратавальнікаў, у пакоі ўжо гарэлі канапа і аконная фіранка. Больш сур’ёзных наступстваў не дапусцілі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: за лічаныя хвіліны яны ліквідавалі ўзгаранне, да якога, як потым высветлілася, прывяло кароткае замыканне святлодыёднай святочнай гірлянды.
А вось сям’і бабруйчан, у кватэры якіх на мінулы Стары Новы год таксама загарэлася гірлянда, пашанцавала менш. У ноч з 13 на 14 студзеня 55-гадовая жыхарка трохпакаёвай кватэры прачнулася ад паху гару. У пакоі, дзе спала яе 84-гадовая маці, гарэла гірлянда на ёлцы. Пенсіянерка не магла перасоўвацца самастойна. Дачка перацягнула яе ў далёкі ад агню пакой, а сама кінулася па дапамогу да суседзяў. Ратавальнікі, якія прыбылі да месца выкліку, вынеслі з задымленай пасткі пенсіянерку і яе 85-гадовага мужа, гаспадара кватэры. Мужчына атрымаў атручэнне прадуктамі гарэння, а жанчына — тэрмічныя апёкі цела. Выратаваныя былі шпіталізаваны. Шпіталізацыя спатрэбілася і іх дачцэ: пры спробе самастойна патушыць падпаленую ёлку яна таксама атрымала апёкі. 84-гадовая жанчына памерла ў бальніцы.
Многія думаюць, што электрагірлянда — прыбор, які можна эксплуатаваць без нагляду, днём і ноччу пакідаючы ў сетцы. Аднак любыя гірлянды з’яўляюцца пажаранебяспечнымі. Таму, каб знізіць рызыку ўзгарання, абавязкова выключайце іх і на ноч, і пры выхадзе з дому.
«Пры набыцці гірлянды варта патрабаваць у прадаўца сертыфікат адпаведнасці, уважліва вывучыце інструкцыю, — звяртае ўвагу намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Важна, каб якасць і бяспека прыбора былі пацверджаны. На ўпакоўцы абавязкова павінна быць указана ўся асноўная інфармацыя аб гірляндзе на рускай або беларускай мове (назва, вытворца, фірма, даўжыня вырабу, дапушчальныя магутнасць і напружанне, прызначэнне — што гірлянду можна выкарыстоўваць для ўпрыгожвання ёлкі)».
Перад першай эксплуатацыяй ратавальнікі рэкамендуюць праверыць работу ўсіх рэжымаў гірлянды, надзейнасць гнёздаў, ізаляцыю правадоў, злучэнне з блокам кіравання. Калі гірлянда, якая ўжо была ў вас у выкарыстанні, выклікае сумненні — няма лямпачкі, ёсць пашкоджанні, аголеныя правады, самаробныя злучэнні, — лепш яе не выкарыстоўваць. Як паказвае практыка, пажары часцей за ўсё ўзнікаюць з-за праблем са старымі або самаробнымі гірляндамі. Таму, перад тым як павесіць яе на ёлку або акно, варта паклапаціцца аб спраўнасці сваіх «агеньчыкаў».
На бяспеку эксплуатацыі ўпрыгажэння ўплывае нават тое, наколькі надзейна замацавана ёлка: калі яна пачне падаць і нацягне провад, можа адбыцца замыканне. Таму ёлку трэба абавязкова замацаваць на ўстойлівай падстаўцы. Дываны і дывановыя пакрыцці з-пад ёлкі лепш прыбраць. Шукаючы месца для зялёнай прыгажуні, у першую чаргу варта задумацца аб тым, дзе гэта будзе бяспечна: ёлку трэба ставіць падалей ад ацяпляльных прыбораў, тэлевізара, батарэй.
Нельга ўпрыгожваць ёлку цацкамі, якія лёгка запальваюцца, самаробнымі электрагірляндамі, абкладваць падстаўку пад ёлкай ватай, упрыгожваць падпаленымі свечкамі. Гэтыя правілы адносяцца як да сапраўдных, так і да штучных ёлак. Не рэкамендуецца размяшчаць ёлку каля прыбораў ацяплення, батарэй, электрычных абагравальнікаў. Штучныя ялінкі ўспыхваюць вельмі хутка, таму справіцца з пажарам будзе няпроста.
Штучную ёлку трэба купляць у спецыялізаваным магазіне. Не лянуйцеся спытаць сертыфікат бяспекі. Што датычыцца лясной прыгажуні, яна павінна мець свежую зялёную ігліцу, а яе ствол павінен быць смаляністым і ліпкім навобмацак. Даўно ссечаная і засохлая ёлка надзвычай пажаранебяспечная.
«Калі ж узгарання пазбегнуць не ўдалося, у першую чаргу выцягніце гірлянду з электрасеткі, — рэкамендуе Анастасія Швайбовіч. — Затым перакуліце ёлку на падлогу і накрыйце яе шчыльнай коўдрай, пледам або дываном. У гэтым выпадку можа спатрэбіцца парашковы вогнетушыцель, калі такі ёсць у наяўнасці. Калі самастойна справіцца з пажарам не атрымалася, патэлефануйце па нумарах 101 або 112, пакіньце памяшканне і зачыніце ў ім дзверы».
Ні адзін Новы год не абыходзіцца без запуску феерверкаў. Піратэхніка стала даступнай, але да яе выбару таксама варта ставіцца адказна. Падчас набыцця салютаў неабходна звяртацца да сертыфікаванай прадукцыі. Як і ў выпадку з гірляндай, перад запускам феерверку прачытайце інструкцыю, каб быць гатовым да любой сітуацыі, якая можа адбыцца. Сертыфікаваная прадукцыя дае ўпэўненасць у тым, што яна правільна захоўвалася, прайшла праверку.
«Набываючы піратэхніку нават у краме, звяртайце ўвагу на наступныя моманты: наяўнасць інструкцыі, якая павінна быць напісана на рускай (беларускай) мове, пры гэтым тэкст павінен быць цалкам выразным і не мець размытых і незразумелых частак, — заўважае намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС. — Упакоўка не павінна мець увагнутасцяў і якіх-небудзь дэфектаў. Правярайце тэрмін прыдатнасці прадукцыі, наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць патрабаванням бяспекі».
Неабходна не проста азнаёміцца з інструкцыяй, выконваць усе выкладзеныя ў ёй патрабаванні. Жарты і розыгрышы з выкарыстаннем піратэхнікі могуць прывесці да трагічных наступстваў. Каб гэтага не здарылася, пры выкарыстанні піратэхнікі неабходна выконваць наступныя правілы бяспекі, якія дастаткова простыя і якія лёгка запомніць.
Па-першае, не адкрывайце ўпакоўку і не выкарыстоўвайце піратэхнічныя вырабы ў памяшканні (у кватэры, на балконе, у пад’ездзе). Па-другое, не насіце падобны тавар у кішэні, тым больш не кладзіце яго ва ўнутраную кішэню верхняга адзення. Па-трэцяе, перад запускам звярніце ўвагу на кнот — ён павінен быць дастаткова доўгім, каб была магчымасць адысці на бяспечную адлегласць. Па-чацвёртае, для запуску выкарыстоўвайце адкрытую пляцоўку ўдалечыні ад вялікай колькасці людзей і будынкаў (збудаванняў). Па-пятае, запускаць піратэхніку можа толькі дарослы паўналетні чалавек, не варта давяраць запуск салюту дзецям або людзям, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане.
Ратавальнікі папярэджваюць: калі феерверк не запусціўся, не спяшайцеся высвятляць, чаму так атрымалася. Варта пачакаць некалькі хвілін, а затым асцярожна падысці, заліць выраб, які не спрацаваў, вадой і выкінуць. Кнот, які ўжо прагарэў, нельга запальваць ізноў. Пасля таго як салют адпрацаваў, падыходзіць да яго можна не раней, чым праз дзве-тры хвіліны.
І, самае галоўнае, дарослыя абавязкова павінны патлумачыць дзецям, да чаго можа прывесці самастойны запуск піратэхнікі. Нярэдка цана такога вопыту вельмі вялікая: можна застацца і без пальца, і без вока... Урачы, якія дзяжураць у перадсвяточныя дні і ў навагоднюю ноч, ведаюць нямала гісторый пра людзей, якія пацярпелі ад піратэхнікі. І гісторыі гэтыя, паверце, зусім не вясёлыя…
* * *
Навагоднія святы — не нагода расслабляцца. Адпачыць, вядома, трэба і нават неабходна. Аднак пра элементарныя правілы бяспекі забывацца нельга ні на хвіліну. У месцах масавага знаходжання людзей аб іх абавязкова нагадаюць ратавальнікі, якія будуць пастаянна там знаходзіцца. А вось у сваёй хаце за ўласную бяспеку, а таксама здароўе і жыццё сваіх родных і блізкіх адказны кожны з нас. Галоўнае — за ўсёй святочнай мітуснёй не забыцца пра гэта.
А супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях абавязкова нагадаюць. З 16 да 20 снежня пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Бяспечны новы год». У рамках акцыі ратавальнікі яшчэ раз раскажуць, як правесці навагоднія святы без здарэнняў, раскажуць аб правілах паводзін у няштатных сітуацыях.
Вераніка КАНЮТА
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі:
— Калядныя, навагоднія святы заўсёды суправаджаюцца вялікай колькасцю масавых мерапрыемстваў, многія з якіх праводзяцца ў дзіцячых садках, школах, іншых установах адукацыі, установах аховы здароўя, што патрабуе павышанай увагі ратавальнікаў. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях будзе пераведзена ва ўзмоцнены рэжым нясення службы, нашы падраздзяленні будуць знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці. Акрамя таго, плануецца рэалізаваць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, калі нашы супрацоўнікі, у першую чаргу інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, будуць наведваць установы адукацыі, аховы здароўя для таго, каб навагоднія мерапрыемствы, якія запланаваны, праводзіліся ў бяспецы. Традыцыйна правядзём рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Бяспечны Новы год», падчас якой прыцягнем увагу шырокай грамадскасці да гэтай праблематыкі, падзелімся асноўнымі рэкамендацыямі: як правесці гэтае светлае добрае свята ў першую чаргу бяспечна.
Наша практыка паказвае, што падчас навагодніх і калядных мерапрыемстваў рэзкага павелічэння колькасці надзвычайных сітуацый не назіраецца. Меры, якія прымаюцца ў гэты прамежак часу, дазваляюць пазбегнуць сур’ёзных пажараў, ахвяр. Разам з тым асноўная прычына інцыдэнтаў — знаходжанне чалавека ў стане алкагольнага ап’янення. У першую чаргу людзям неабходна адчуваць меру, разумець адказнасць за сябе, дзяцей, бо, калі бацькі даюць сабе слабінку, гэта заўсёды павышае рызыку ўзнікнення здарэнняў з непаўналетнімі. Выкарыстанне феерверкаў — акурат тая адказнасць чалавека не толькі перад сабой, але і перад усімі людзьмі, якія цябе атачаюць.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат