Што яднае Беларусь і Рэспубліку Чувашыя? Тыя, хто сочыць за падзеямі Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, адкажуць: удзел у ім тэатра «Волга Опера». Аднак аказалася, што чувашы таксама любяць космас і вельмі ганарацца сваім героем, што выходзіў на арбіту Зямлі, Андрыянам Нікалаевым, трэцім савецкім касманаўтам. Марам пра касмічныя вандроўкі прысвечаны адзін з эпізодаў оперы «Галоўнае пытанне», дзе сувязь з роднай зямлёй падкрэслена праз гучанне чувашскай мовы ў спектаклі, а бягучы радок, як звычайна ў оперных спектаклях, дапамагае зразумець сэнс. Дзеля стварэння канцэптуальнай оперы, дзе ў кожным з дзевяці эпізодаў можна пачуць розную мову, кампазітар Рустам Сагдзіеў запрасіў у сааўтары... Штучны Інтэлект.
Першы ў свеце оперны спектакль на касмічную тэму паказалі на адкрыцці форуму, і ён зрабіў фурор: незвычайная опера, падобная на фантастычныя фільмы — тэма, афармленне і сэнс. Фактычна гэта шматслойны сур’ёзны спектакль. Гучанне твора гуманістычнае, нягледзячы на халодныя тэхналогіі і нават рэальную тэхніку на сцэне. Завязка: у Штучнага Інтэлекту ёсць адказ. Але ён шукае пытанне, на якое можа прапанаваць свой варыянт у залежнасці ад сітуацыі.
Першая сітуацыя: пасяджэнне міжгалактычнага савету у сувязі з атакай касмічных баброў... Пытанне, якое дастае ШІ: колькі гадзін будзе засядаць савет, каб прывесці нашу галактыку да Апакаліпсісу?.. Пытанні сур’ёзныя, але часам сітуацыі выглядаюць даволі камічна (як у выпадку з бабрамі — напрыканцы ў адным з эпізодаў міжгалактычную прэмію прысуджаюць навукоўцу, які папярэдзіў пра напад касмічных баброў, а той прызнаецца на англійскай мове, што гэта быў ўсяго толькі фэйк). Часам у гісторыях ёсць драма — як пра машыну, якая перавозіла касмічных каланізатараў, але пагубіла свой экіпаж, каб уратаваць шмат жыццяў, і цяпер ёй пагражае перапраграмаванне — пра гэта спяваюць на нямецкай. Ёсць частка на японскай: рамантычная гісторыя хатняй работніцы-робата, якая чакае свайго гаспадзіна ўжо доўга, а ён усё не прыходзіць (а ў гэты час планета палае).
Па-французску свае творчыя пакуты агучвае мастачка, якая стварала свае творы з дапамогай нейрасеткі. І нават квазі-славянскую мову адмыслова прыдумалі для аднаго з эпізодаў: калі на адной планеце прапала электрычнасць — адбылася катастрофа і ў іх дом трапіла ракета, жыхары згубілі сувязь з цывілізацыяй, дэградавалі, пачаліся танцы з бубнамі... Але найбольш беларускіх гледачоў уразіла гісторыя з сабакам-робатам. У яго быў свой стваральнік, але сабака ў самоце, асэнсоўвае сваё існаванне праз медытацыю. Робат на сцэне адзін, а гледачы назіраюць, як ён углядаецца ў люстэрка, як танцуе — такой харэаграфіі ў сценах Вялікага тэатра Беларусі яшчэ не было. Сабака-робат выходзіць у эпізодзе, які цалкам сгенерыраваны нейрасеткай — і музыка, і лібрэта. Але па-за акцёрскай працай сабака-робат бавіў час з гледачамі ў фае — і меў поспех. Напрыканцы спектакля гледачы наладзілі авацыі — у гэты вечар у тэатры было шмат моладзі.
Дырэктар Чувашскага тэатра оперы і балета Волга Опера Андрэй Папоў распавёў:
—У Чувашыі ёсць унікальны будынак — тэатр оперы і балета, многія яго параўноўваюць з касмічным караблём. Можа быць адсюль і ўзнікла ідэя стварыць касмічную оперу, дзе касцюмы і дэкарацыі сгенерыраваны з дапамогай нейрасеткі, на сцэну выходзіць робат-артыст. Гэта першы артыст, які не патрабуе заробку, а толькі падзарадку. Але ў Мінск прыехала каля 110 чалавек, якія працуюць на поспех пастаноўкі, акрамя таго 2 фуры дэкарацый, 4 аўтобусы.— вельмі шмат правадоў, камутацыі, каб здзівіць гледача і звярнуць увагу на тое, што на сённяшні дзень такіх спектакляў у свеце няма, мы першыя вырашылі рэалізаваць такі праект. У дзевяці эпізодах мы разважаем пра ўзаемадзеянне чалавецтва і суперкамп’ютараў — магчыма, гэта будзе праз 100, 200 гадоў, а можа і праз 30, бо ў наша жыццё ўжо трывала ўвайшлі гаджэты, інтэрнэт. Але тут гаворка больш пра супрацоўніцтва. Таму што нейрасеткі і ШІ — аўтары касцюмаў і дэкарацый, а стваралася ўсё ў цэхах тэатра. Я лічу, што геніяў ніхто не пераможа. Чалавецтва развіваецца і ШІ можа нешта скампанаваць, а стварыць і адчуць душой можа толькі чалавек.
Сваю касмічную оперу Чувашскі тэатр оперы і балета ўжо паказваў у розных гарадах Расійскай Федэрацыі — спектакль надзвычай запатрабаваны, што вельмі радуе маладога аўтара Рустама Сагдзіева. Разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам оперы Дзмітрыем Ацякоўскім яны з’яўляюцца куратарамі Лабараторыі даследаванняў лічбавай оперы і ўжо стварылі шмат праектаў. Але такога маштабнага паўнавартаснага спектаклю дагэтуль у іх не было. «Скарысталіся магчымасцю і ўклалі ў гэтую працу ўсю сваю любоў да оперы, да твораў фантастыкі і да тэатра», — прызнаўся кампазітар, які сам стаяў за дырыжорскім пультам на паказе ў Мінску.
На пытанне, ці магчымы ў нашым тэатры падобныя эксперыменты са ШІ, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава адказала:
— Пакуль не думалі, але выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі мы таксама будзем. Сёння ў свеце існуе як абсалютна традыцыйныя пастановачныя сродкі, калі яны пераканаўчыя, то таксама могуць жыць як сучасныя...
Напэўна, мелася на ўвазе новая пастаноўка «Яўгена Анегіна», на паказ якой у межах форму ўжо няма квіткоў. Яшчэ адзін наш спектакль — «Турандот» пакажуць з удзелам запрошаных зорак-салістаў.
— Мінскі міжнародны Калядны оперны форум — гэта сапраўдная падзея у жыцці Вялікага тэатра Беларусі. Чаго хаваць: цікавасць да балету традыцыйна вялікая, але ў гэтыя дні опернае мастацтва раскрывае сябе ў поўнай меры. Мы выбудоўваем праграму такім чынам, каб яна была з аднаго боку паказальнай у плане ўзроўню развіцця беларускага тэатра, а з другога — хочам бачыць на нашай сцэне гасцей. Ёсць традыцыйныя формы — як вынік форуму адбываецца Гала-канцэрт, сёлета ён мае спецыфічную пабудову. Нашы госці — Чувашскі тэатр оперы і балета «Волга Опера» і Варонежскі тэатр оперы і балета. Не было яшчэ ў нас на сцэне лічбавай оперы. Напэўна, эксперыменты павінны быць, у тым ліку на акадэмічнай сцэне, каб скласці свае адносіны да таго: ці слушны гэта шлях развіцця опернага мастацтва. Варонежскі тэатр прадстаўляе «Вяселле Фігаро», але ў новай інтэрпрэтацыі, якая будзе тычыцца менавіта ўспрымання стылю гэтага твора ў новых умовах. Але ў нас сёлета госці не толькі з Расіі, прадстаўлена Арменія, Карэя, Нікарагуа, Беларусь. Спадзяюся, паступова вектар будзе мяняцца, і да нас вернуцца калегі з розных краін, якія раней былі прадстаўлены на Калядным оперным форуме ў Мінску.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.