З новага года ўступае ў сілу адна з самых чаканых навацый — зняцце абмежаванняў па памеры пенсій для працоўных пенсіянераў, таксама прадугледжаны змяненні і ў распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, што іменна спросцяць для шматдзетных сем’яў, а таксама патлумачылі, у каго і наколькі вырастуць пенсіі, ці трэба некуды звяртацца для іх пераразліку і ці памяняецца пенсія, калі каэфіцыент меншы, чым 1,3.
Cёння, калі, напрыклад, чалавек выйшаў на пенсію з каэфіцыентам 1,45, па заканадаўстве ён можа атрымліваць выплату, працягваючы працаваць, з каэфіцыентам не больш за 1,3. І гэтую розніцу ён недаатрымлівае. Толькі на працаўнікоў сельскай гаспадаркі такое абмежаванне сёння не распаўсюджваецца. З новага года абмежавальная мера скарэкціравана ўказам кіраўніка дзяржавы. З 2025 года пенсія будзе поўнасцю выплачвацца, калі чалавек пенсіённага ўзросту працуе.
Сума, якую цяпер недаатрымлівае такі работнік, у кожнага свая. У некаторых яна можа даходзіць нават да 500 рублёў. Кудысьці дадаткова звяртацца для пераразліку пенсіі не трэба. Мера, звязаная са зняццем абмежавання памеру пенсіі, будзе рэалізавана ў аўтаматычным рэжыме.
Калі індывідуальны каэфіцыент меншы за 1,3, пенсія не зменіцца. Такія працоўныя пенсіянеры ўжо сёння атрымліваюць пенсію ў поўным памеры.
З новага года ўступае шэраг навацый па сямейным капітале. Адна з іх — датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал пры ўзвядзенні жылля змогуць тыя, хто пабудаваў яго ў шматкватэрных жылых дамах самастойна без накіравання мясцовага органа ўлады.
Акрамя таго, сродкі можна выкарыстаць на пагашэнне крэдытаў, выдзеленых на будаўніцтва жылля. У такім выпадку сямейны капітал можа быць выкарыстаны датэрмінова незалежна ад віду крэдыту і даты заключэння крэдытнага дагавора, у тым ліку раней за 2015 год.
Асноўнымі ўмовамі на пагашэнне такога крэдыту з’яўляюцца знаходжанне крэдытаатрымальніка на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на дату заключэння крэдытнага дагавора, і адсутнасць у яго і членаў сям’і ва ўласнасці жылля, агульная плошча якога 15 кв. метраў (у г. Мінску — 10 кв. метраў) і больш на аднаго чалавека. Наяўнасць ва ўласнасці жылля вызначаецца на дату заключэння крэдытнага дагавора па складзе сям’і, які ўлічваецца на дату звароту па датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу.
Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.