Вы тут

«Вера ў людзей не страчана». Сенатары Савета Рэспублікі дапамагаюць жыхарам рэгіёнаў


Прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі сенатары ў рэгіёнах праводзяць пастаянна. Людзі нярэдка звяртаюцца да іх як да апошняй інстанцыі — і атрымліваюць дапамогу. Прычым у вырашэнні пытанняў абсалютна рознага кшталту. Раскажам аб гэтым ад імя саміх заяўнікаў з розных рэгіёнаў.


«Дзякуй за пляцоўку»

Кацярына Хрусталёва — маладая актыўная жанчына, якая клапоціцца пра агульныя праблемы. Яна жыве ў Бабруйску ў новым доме па вуліцы Народнага адзінства і аператыўна паведамляе ўладам пра тыя праблемы, якія ўзнікаюць. Нагодай звароту яе на прыём да сенатара, старшыні Магілёўскага аблсавета Аляксандра Гарошкіна стала адсутнасць каля дома нармальных умоў для гульні дзяцей. Па яе словах, пляцоўка была не добраўпарадкавана — бруд, смецце, горы пяску. І неабыякавая жыхарка не стала маўчаць.

— Вельмі ўдзячная Аляксандру Гарошкіну за цёплы, ветлівы прыём, — кажа Кацярына Дзмітрыеўна. — Уважліва выслухаў, пацікавіўся, як мы жывём, вельмі спагадліва аднёсся да нашай праблемы. Перад гэтым мы пэўны час не маглі вырашыць пытанне з затапленнем падвалаў. Звярталася ў розныя інстанцыі, у некаторых мяне яшчэ папікалі. Маўляў, ходзяць тут усялякія, час адымаюць. Аляксандр Рыгоравіч і выслухаў уважліва, і дапамог рэальна. На працягу некалькіх тыдняў на тэрыторыі быў пакладзены асфальт, зроблены пешаходныя дарожкі, устаноўлена гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Манціруюцца таксама трэнажоры. Устаноўлена нават крытая велапаркоўка. Будаўнічыя работы не скончаны, але спадзяёмся, што будаўнікі не падвядуць. Галоўнае, што нашы дзеці шчаслівыя.

Кацярына таксама падзялілася яшчэ адной праблемай. Участак дарогі па вуліцы Энергетыкаў, які прыходзіцца пераадольваць, каб завесці дзяцей у дзіцячы сад, па яе словах, не адпавядае ніякай крытыцы.

— Прыходзіцца ісці па ямах, дарога разбітая, — кажа маладая жанчына. — Наш дом яшчэ не вельмі далёка ад гэтага садка, а што казаць пра тых, хто жыве далей. Ім трэба ісці не менш паўгадзіны ў адзін бок. Я ўжо сабрала 80 подпісаў, каб звярнуцца да мясцовай улады з просьбай адрамантаваць гэты ўчастак. Вельмі хочацца, каб нас пачулі.

«Вера ў людзей не страчана»

Два гады таму пенсіянерка Галіна Мікалаеўна з Оршы заказала ў індывідуальнага прадпрымальніка кухонны гарнітур за 3300 рублёў. Жанчына задумала зрабіць на кухні рамонт, замяніла трубы і стала чакаць прыгожы гарнітур па індывідуальных замерах праз 65 дзён, як і абяцала фірма. Не насцярожыла пенсіянерку і тое, што вытворца папрасіў адразу поўнасцю аплаціць кухню, абяцаючы зніжку 30 працэнтаў (што для чалавека сталага — значная эканомія). Праз 65 дзён, калі тэрмін выканання заказу, пазначаны ў дагаворы, выйшаў, жанчына стала званіць у фірму. А там, як у казцы, спачатку кіраўніцтва было ў водпуску, потым увогуле кампанія закрылася.

Прычым абацянкамі Галіну Мікалаеўну дырэктар фірмы па вырабе кухоннай мэблі ўсё ж такі накарміў, а потым увогуле стаў адказваць груба, накіроўваючы незадаволенага заказчыка ў суд. Зварот у абарону правоў спажыўцоў выніку не даў (хіба толькі адзначылі, што жанчына — не першая пацярпелая ад гэтай фірмы), у міліцыі заяву прынялі, але таксама справа з мёртвай кропкі не зрушылася. Па словах Галіны Мікалаеўны, за два гады безвыніковай барацьбы і стрэсу ў яе адбыўся разрыў сятчаткі вока, значна пагоршылася здароўе.

Апошняй надзеяй для жанчыны стала сенатар Алена Стальбоўская. Жыхарка Оршы звярнулася да яе на прамую тэлефонную лінію, адзначыўшы, што жыве зусім у іншым рэгіёне. Але Галіну Мікалаеўну ўважліва выслухалі, паабяцалі разабрацца ў сітуацыі. І разабраліся! Праз два гады чакання, жыцця без кухні і вады на ёй, 12 лістапада бягучага года фірма вярнула пенсіянерцы грошы за кухонны гарнітур. Другую палову сродкаў — маральную кампенсацыю — яшчэ трэба дачакацца.

Сенатару Алене Стальбоўскай і яе памочніцы Галіна Мікалаеўна выказвае шчырыя словы падзякі. «Ведаеце, я звярталася на прамую лінію без усякай надзеі, думала, што мне проста падкажуць, куды звяртацца далей. Аднак мяне выслухалі, быццам мы даўно знаёмыя, я адчула вельмі моцную падтрымку і чалавечнасць. Дзякуй! Вера ў людзей не страчана», — заключыла жанчына.

«Дарога стала роўнай і бяспечнай»

Вёска Каргаўды Воранаўскага раёна невялікая, налічвае некалькі дзясяткаў дамоў з насельніцтвам каля паўсотні чалавек. Дарога праз населены пункт доўгі час не рамантавалася і прыйшла ў даволі нядбайны стан. Жыхары скардзіліся, што сюды цяжка даехаць нават аўтакрамам — і райспажыўсаюза, і прыватнай, самі вадзіцелі наракалі, што з-за дарожных выбоін б’ецца шкляная тара, развальваюцца ўпакоўкі з таварам.

Мясцовыя актывісты пачалі хадзіць па інстанцыях з просьбай заасфальтаваць дарогу праз вёску. Наталля Міклашэўская, якая працуе галоўным спецыялістам па закупках і грамадскім харчаванні ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Гіркі», была адной з завадатараў гэтай добрай справы. Напачатку яна звярнулася непасрэдна да дарожнікаў — мясцовага філіяла дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Кажа, што зваротаў было некалькі, у тым ліку і калектыўны, але справа з месца не зрушылася. Не атрымала заяўніца і ніякіх абяцанняў наконт перспектыў будаўніцтва дарогі. Чарговы зварот быў адрасаваны ў КДК Гродзенскай вобласці. Такім чынам, у вырашэнні дарожнай праблемы было задзейнічана некалькі ўстаноў.

Канчатковая кропка была пастаўлена Дзмітрыем Захарчуком, членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Менавіта ад яго імя ў ліпені сёлетняга года прыйшоў адказ, дзе гаварылася, што на яе зварот у Камітэт дзяржкантролю па пытанні стану дарогі ў вёсцы Каргаўды Воранаўскага раёна філіялам дарожнага прадпрыемства выкананы работы па рамонце аўтадарогі. На той момант Дзмітрый Захарчук узначальваў Воранаўскі райвыканкам. Па словах Наталлі Міклашэўскай, сенатар пастаянна трымаў гэта пытанне на кантролі і значна паскорыў работы на аб’екце.

Рамонт дарогі пачаўся ў чэрвені 2024 года. І літаральна на працягу месяца быў завершаны. Дарога стала шырэйшай, а галоўнае — роўнай і бяспечнай. Цяпер вёска выглядае сучасна. Па словах старшыні Гіркаўскага сельвыканкама Святлана Хшаноўскай, жыхары вельмі задаволены. Працягласць новай дарогі складае 1300 метраў.

Дзмітрый Захарчук і сёння ўзначальвае Ваўкавыскі райвыканкам і па родзе сваёй сенатарскай дзейнасці кожны месяц вядзе прыёмы грамадзян у Воранаўскім раёне. За час работы сенатара ў раёне многае зроблена адносна аднаўлення дарог. Пракладзены новы асфальт у самім аграгарадку Гіркі. Новае асфальтавае пакрыццё атрымалі яшчэ некалькі вуліц у вёсцы Клайшы, зроблены рамонт цэнтральнай вуліцы вёскі Салтанішкі. Рамонт дарог будзе працягвацца і надалей, паведаміла старшыня Гіркаўскага сельвыканкама.

Запісалі Нэлі ЗІГУЛЯ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.