Вы тут

Новы імпульс эканамічнаму супрацоўніцтву


Сустрэча спікера з Глебам НІКІЦІНЫМ адбылася ў Савеце Рэспублікі. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. «Таму мы шчыра зацікаўлены ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве, — канстатавала яна. — З задавальненнем адзначаем, што ў гэтым кірунку, як і ва ўсіх астатніх, у нас супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй дастаткова паспяховае». Спікер акцэнтавала ўвагу, што за 9 месяцаў гэтага года ў нашу краіну было ажыццёўлена 40 візітаў кіраўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. За гэты ж перыяд Расію наведалі 70 беларускіх дэлегацый.


«Для нас гэта важна яшчэ і таму, што вось ужо адзінаццаць форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі мы правялі сумесна з Саветам Федэрацыі», — патлумачыла спікер. 

ХІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 2025 годзе. Беларускі бок, як канстатавала Наталля Качанава, ужо рыхтуецца да гэтага мерапрыемства. У найбліжэйшы час, па яе словах, будзе праведзена першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта.

Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што Форум рэгіёнаў, які пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, надасць новы імпульс эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. «Мы са свайго боку, па даручэнні Прэзідэнта, будзем выконваць і імкнуцца рабіць усё дзеля таго, каб наша супрацоўніцтва з Ніжагародскай вобласцю было яшчэ больш эфектыўным», — падкрэсліла яна.

У сваю чаргу Глеб Нікіцін адзначыў, што тэматыка форуму рэгіёнаў, якая заяўлена як «Моладзь Расіі і Беларусі», абсалютна блізкая іх вобласці. «Мы былі першай маладзёжнай сталіцай Расіі ў мінулым годзе, — патлумачыў ён. — Па ўсіх флагманскіх праектах у нас рост прысутнасці моладзі. У нашага рэгіёна профіль — моладзь на дзяржслужбе».

У размове з журналістамі, кажучы аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прыме Ніжні Ноўгарад, Глеб Нікіцін лічыць асабліва важным, што ён праходзіць пад патранажам верхніх палат парламентаў дзвюх краін. 

«З Наталляй Іванаўнай Качанавай падрабязна абмеркавалі, якія патрабаванні ў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да правядзення форуму, — удакладніў губернатар. — Дамовіліся, што ў Ніжнім Ноўгарадзе форум павінен прайсці на самым высокім узроўні, каб задаць планку на наступныя гады».

Кіраўнік Ніжагародскай вобласці паведаміў, што ў рамках Форуму рэгіёнаў плануецца адкрыць Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. «Для нас гэты форум надзвычай важны, бо настолькі шчыльнага ўзаемадзеяння ў нас з ніякімі іншымі краінамі няма, — рэзюмаваў губернатар. — Калі казаць пра эканоміку, то Беларусь — на другім месцы пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі. Акрамя эканомікі, ёсць сувязі — гуманітарныя, гістарычныя. І, вядома, для нас беларусы абсалютна родныя, таму мы на самым высокім узроўні будзем і далей удзяляць увагу нашаму супрацоўніцтву».

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат