Гэты біблейскі выраз мы ўсе ведаем і нярэдка прыводзім у розных кантэкстах. Тым больш што цалкам урывак аўтарства цара Саламона гучыць вельмі прыгожа: «Усяму свой час, і час усялякай рэчы пад небам: час нараджацца і час паміраць, час насаджаць і час вырываць пасаджанае, час забіваць і час лекаваць, час разбураць і час будаваць, час плакаць і час смяяцца, час сумаваць і час пускацца ў скокі, час раскідваць камяні і час збіраць камяні...» Ну і далей у тым жа духу.
Усё як быццам бы да геніяльнасці проста, але жыццё не заўсёды прытрымліваецца прапанаванай схемы.
Падумала аб гэтым, калі ўбачыла, як распусціліся лісткі на невялікім кусціку бэзу за квартал ад майго дома. Нават здымак зрабіла 3 снежня. І надта шкада іх стала: зялёныя, але адразу з адценнем жаўцізны, бо несвоечасовыя, кволыя, ахвяраваныя на пагібель ад будучых марозаў. Ды і сам кусцік можа загінуць, бо ў час, калі павінен спаць, спыніўшы ўсялякі рух сокаў, пераблытаў поры года, выпусціў пупышкі. І што тут зробіш?
Час не любіць, калі яго без прычыны прыспешваюць і, падобна на тое, не даруе. Вы, мабыць, недзе чыталі (навіна прамільгнула і на сайце нашай газеты) пра здарэнне са скульптурай Буды. Трагедыя адбылася ў адным з будыйскіх храмаў у Тайландзе. Дзевяціметровая бетонная статуя Буды з трохметровага пастамента раптам павалілася на манахаў, якія маліліся ля падножжа. У выніку адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі траўмы. Адразу з’явілася версія ў стылі тамтэйшых жыхароў пра помсту раззлаваных духаў. Але ж спецыялісты, якія заўсёды выязджаюць на месца здарэнняў, высветлілі, што статую ўстанавілі за два дні да трагедыі, а за дзень да падзення знялі апалубку і будаўнічыя рыштаванні. Любы кваліфікаваны будаўнік скажа, што гэта грубае парушэнне тэхнічных рэгламентаў. Цэмент і бетон павінны зацвярдзець цягам некалькі дзён, а ў краінах з вільготным кліматам патрэбны час яшчэ большы. Мінімум тыдзень нельга было чапаць апалубку, і не здарылася б ніякай трагедыі. Прыхільнікам першай версіі можна, вядома, дапусціць, што і духі цяпер прасунутыя, што яны пакрыўдзіліся на факт парушэння правілаў будаўніцтва і далі жорсткі ўрок тым, хто ў падобнай справе будзе спяшацца, нібы на пажар.
Не, час не пацерпіць пагарджання, час здольны многае мяняць, ён можа прымусіць нават на адны і тыя ж рэчы паглядзець па-іншаму. Нездарма ж раяць: калі злуешся — перш чым нешта сказаць, далічыць да дваццаці ці хоць да дзесяці. Нават некалькі секунд могуць сыграць на змякчэнне альбо нават перайначыць погляд на сітуацыю. Што ўжо казаць пра гады ці дзесяцігоддзі?
Здаецца, я аднойчы збольшага згадвала пра ліст, які прыйшоў у рэдакцыю газеты, у якой працавала больш за чвэрць стагоддзя таму. Той ліст, вельмі кароткі і вельмі незвычайны, помніцца да гэтай пары. Выпускніца філасофскага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на той час супрацоўніца навукова-даследчай установы ў Кіеве, прасіла адшукаць свайго былога аднакурсніка, які, паводле яе звестак, нібыта працуе ў адной з ВНУ Брэста, і сказаць яму, што дваццаць гадоў таму яна зрабіла памылку, яна не мела рацыі. Сумленна абзваніўшы аддзелы кадраў нашых універсітэтаў, я даведалася, што такі чалавек у іх ніколі не працаваў. Пісьмо, вядома, можна было спісаць у архіў, але нейкі адчай, крык душы, які патыхаў ад радкоў, не даваў гэта зрабіць. І тады з чарговай падборкай пісьмаў я падрыхтавала невялікі зварот да таго самага чалавека, каб ён прыйшоў і забраў ліст з Кіева, калі прачытае газету. Хаця мала на тое спадзявалася, але праз тыдзень ці крыху больш зайшоў мужчына і назваў сваё прозвішча. Аказалася, выпускнік прэстыжнай маскоўскай ВНУ расчараваўся ў прафесіі і прыехаў у бацькоўскі дом, каб заняцца сельскай гаспадаркай. Сказаў, што жыве адзін. Не перадаць вам, як я ўзрадавалася, прадчуваючы рамантычную гісторыю са шчаслівым фіналам...
А ён узяў ліст, прачытаў, пры гэтым ніводзін мускул на твары не ўздрыгнуў, толькі лёгкае здзіўленне адлюстравалася. «Ну і ну! І адносіны ж у нас былі чыста тэарэтычныя», — вымавіў ён, павярнуўся і выйшаў з кабінета. У мяне засталося адчуванне не тое што разгубленасці, але нават крыўды, недаўмення...
Пра таго вясковага тэарэтыка з дыпломам філосафа не раз згадвала потым у асяродку сваіх знаёмых. І вось нядаўна адна з іх, актыўная пенсіянерка, былы работнік культуры, сказала літаральна наступнае: «Не варта асуджаць альбо вінаваціць чалавека за тое, у чым няма яго віны. Час мяняе многае, у тым ліку і адносіны». А потым з усмешкай расказала пра нядаўні візіт да яе былога суседа з прапановай сысціся, каб аблегчыць адзіноту. Паводле яе слоў, чалавек ён нядрэнны, і адной бывае сумна, але мяняць сваё жыццё ў семдзесят гадоў яна зусім не настроена. Бо ўсяму свой час.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат