Днямі на базе Палаца культуры МАЗ стартаваў культурна-патрыятычны фестываль «Мінск адзіны». Да канца года ва ўсіх раёнах горада будуць праходзіць насычаныя канцэртныя праграмы. Раённыя этапы фестывалю пройдуць у фармаце адборачных тураў. Фіналам стане гала-канцэрт на адной з буйных пляцовак сталіцы ў студзені 2025 года. Ён збярэ найлепшыя творчыя нумары з усіх раёнаў. Карэспандэнты «Звязды» наведалі мерапрыемства, якое дало старт сталічнаму фестывалю яднання.
На пляцоўцы Палаца культуры МАЗ жыхароў і гасцей сталіцы сустракала выстава грузавой, пасажырскай і спецыялізаванай тэхнікі прадпрыемства. У фае — выстава-дэгустацыя харчовых тавараў раённых прадпрыемстваў, на другім паверсе — экспазіцыя творчых работ. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Юрый Фралоў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Мінгарсавета.
«Фестываль „Мінск адзіны“ — гэта не проста канцэрты, — расказала начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Кацярына ЛУЧЫНА. — Усе раёны горада арганізоўваюць спецыяльныя выставы. Гэтым разам, напрыклад, мы ўбачылі выставу тэхнікі МАЗа. У іншых раёнах можна будзе ўбачыць выставы іншых арганізацый, выступленні іншых працоўных калектываў. Мэта нашага праекта — паказаць, што зусім не важна тое, у якой сферы ты працуеш, няхай гэта будзе культура, адукацыя або ахова здароўя. Мы ўсе — адзіны народ, адзіная краіна і моцная дзяржава. Нават турысты, якія прыязджаюць да нас, заўсёды кажуць аб тым, што беларусы — гэта не толькі добры, працавіты, але і вельмі таленавіты народ. Гэтымі канцэртамі мы імкнёмся данесці, што ў нас ёсць не толькі добрыя, таленавітыя і прафесійныя артысты, але і звычайныя людзі, якія таксама хочуць і могуць паказаць сябе».
Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ адзначыў: «У рамках „Марафону адзінства“, які пройдзе ў 20-х чыслах студзеня ў горадзе Мінску, адбудзецца фінальны канцэрт з найлепшых нумароў нашага гарадскога фестывалю». Па яго словах, кожны раён мае свае культурныя, эканамічныя і іншыя асаблівасці: «Гэтым разам мы паглядзелі, наколькі прамысловы Заводскі раён багаты сваёй тэхнікай, сваімі дасягненнямі ў галіне машынабудавання. Мы ўбачылі і тое, якія творчыя людзі працуюць тут. Гэта простыя людзі, якія сваёй творчасцю і дасягненнямі выказваюць цудоўнае стаўленне да нашай любімай Беларусі».
Кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы Уладзімір ШЫБЕКА прызнаўся, што моцна хвалюецца за ўсіх канкурсантаў, якія паказваюць свае таленты на сцэне: «Гэта звычайныя людзі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, адміністрацыі раёна, устаноў аховы здароўя, якія, як аказалася, выдатна спяваюць і могуць скласці добрую канкурэнцыю прафесійным артыстам. Заводскі раён знакаміты не толькі прамысловым патэнцыялам і сваімі вытворчасцямі. У нас ёсць выдатныя людзі, якія таленавітыя не толькі на канвеернай лініі, але і ў другой частцы свайго жыцця — як акцёры, добрыя спевакі. Для многіх захапленне музыкай, творчасцю з’яўляецца свайго роду аддушынай для таго, каб атрымліваць добрыя поспехі ў прафесійнай дзейнасці, а гэта вельмі важна».
Урачысты старт фестывалю «Мінск адзіны» ў Заводскім раёне даў генеральны дырэктар МАЗа, дэпутат Мінгарсавета Валерый ІВАНКОВІЧ. «Мы сапраўды адзіныя ў сваіх памкненнях, пачынаннях і намерах. Мы ўсе разам уносім свой уклад у развіццё краіны», — заўважыў ён.
На сцэну выйшлі салісты і самадзейныя калектывы, таленавітыя выканаўцы з прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў Заводскага раёна. У іх ліку — Марына Аленская, Вольга Хадаркевіч, Наталля Чарканава і іншыя. Іх выступленні суправаджалі харэаграфічныя калектывы палацаў дзяцей і моладзі «Золак» і «Арыён», Палаца культуры МАЗ і дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М. І. Аладава — духавы аркестр «Грант», ансамбль «Горліца», узорны тэатр танца «Ірыс-шоу», харэаграфічны калектыў «Аксаміт» і іншыя.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый ШАЎЦОЎ (ён выбіраўся ад акругі, якая ўключае ў сябе Заводскі раён) увогуле лічыць, што старт акцыі менавіта ў гэтым раёне быў дадзены невыпадкова: «Выдатную акцыю — фестываль „Мінск адзіны“ пачынае менавіта Заводскі раён, таму што ён — сапраўдны знак якасці. Вы думаеце, што фестываль пачаўся ў Заводскім раёне толькі таму, што мы першыя па літары алфавіта? Канешне, не! Мы найлепшыя, і час выбраў нас!»
«Гэты фестываль — яскравая і эмацыянальная праява гонару за таленты раёна, за нашых людзей, — заўважыў Уладзімір Шыбека. — Ён з’яўляецца сімвалам згуртаванасці, дэманструе наша адзінства незалежна ад узросту і прафесіі. Упэўнены: „Мінск адзіны“ стане яркай старонкай у летапісе нашага горада».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.