Вы тут

У Жлобінскім раёне адкрыўся новы музей «Дзецям — ахвярам вайны»


Патрыятычная акцыя — урок «Лёсы дзяцей вайны» — аб’яднала ўсе ўстановы адукацыі Гомельшчыны. Яе старт быў аб’яўлены на ўроку памяці з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў новым музеі «Дзецям — ахвярам вайны».


Прэм’ер-міністр Беларусі ўзяў удзел ва ўрачыстым адкрыцці музейнага комплексу на тэрыторыі мемарыяла «Дзецям — ахвярам вайны» ў Красным Беразе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Тут створана экспазіцыя, адзіная ў сваім родзе ў краіне.

— На гэтым месцы мы ўспамінаем цяжкую трагедыю, якую перажыў наш народ, нашы беларускія сем’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 200 беларускіх гарадоў і вёсак былі спустошаны і спалены дашчэнту. Пра тыя крывавыя злачынствы не даюць забыць шматлікія помнікі на нашай зямлі. Дзякуючы намаганням нашага народа ніводнае з такіх журботных месцаў не засталося невядомым. Сёння там стаяць мемарыялы, якія ўвасобілі ўвесь наш смутак аб сотнях знішчаных населеных пунктаў і мільёнах чалавечых жыццяў, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Памяць аб больш як двух тысячах малалетніх вязняў ушанавана ў музеі мемарыяльнага комплексу ў Красным Беразе. Тут у 1944 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі арганізавалі зборны пункт, у які звазілі дзяцей ад 8 да 14 гадоў, выкарыстоўвалі іх як донараў і для адпраўкі ў Германію. У памяць аб малалетніх ахвярах у 2007 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс. У мінулым годзе Гомельскі аблвыканкам прыняў рашэнне правесці бягучы рамонт мемарыяла і прылеглай тэрыторыі, а таксама пабудаваць новы будынак музея.

Як адзначыў Раман Галоўчанка, аблічча мемарыяльнага комплексу не дае забыцца пра тое, што ў першую чаргу тут перададзены дзіцячыя мары, якім так і не наканавана было спраўдзіцца.

— Але самае галоўнае, што мемарыял у Красным Беразе — гэта магутны заслон бяздушным спробам перавярнуць гісторыю, зняславіць нашу Вялікую Перамогу, пакуты нашага народа, зганьбіць светлую памяць усіх тых, хто загінуў у той страшнай вайне, — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр стаў удзельнікам першага ўроку памяці «Лёсы дзяцей вайны» ў новым музейным комплексе. Былі закрануты тэмы крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захавання памяці аб ваеннай гісторыі ў Беларусі і Расіі і іншыя.

Раман Галоўчанка нагадаў, што на Захадзе з тых, хто прынёс бяду на нашу зямлю, удзельнічаў у бясчынствах, сёння спрабуюць рабіць новых герояў.

— Усе гэтыя спробы, якія адбываюцца ў цяперашні час, далёка не бяскрыўдныя. Гэта не проста нейкія гістарычныя спрэчкі ці спробы новай трактоўкі падзей. Гэта спланаваныя мерапрыемствы ідэалагічных дыверсій супраць нашай агульнай памяці, каб мы пазбавіліся тых апор, на якіх будуем нашу ўласную ідэалогію, ідэалогію нашай дзяржавы, супраць ролі ўсяго савецкага народа, беларускага народа ў вызваленні свету ад самага страшнага зла ў гісторыі чалавецтва — фашызму, — сказаў падчас урока памяці Раман Галоўчанка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.